РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5 |
РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5 |
19.08.2022
экскурсія ў в. Кудзінавічы Капыльскага раёна на пасеку
Рыгора Рыгоравіча Насевіча
«У гасцях у пчаляра»
Лепей адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. У праўдзівасці гэтай жыццёвай мудрасці ў чарговы раз упэўніліся ўдзельнікі сумеснага праекта “Парады з вуснаў несвіжан” Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, раённай газеты і радыё, а таксама СШ № 4 г. Нясвіжа, калі адправіліся на пасеку вядомага ў Нясвіжы пчаляра Рыгора Рыгоравіча Насевіча, якая размяшчаецца ў адной з вёсак Капыльскага раёна.
Калі мы ў жыцці сустракаем хаця б адну пчалу, то стараемся з ёй як- небудзь размінуцца. А тут каля кожнага вулля, а іх у Рыгора Рыгоравіча сорак пяць, пчол, мякка кажучы, дастаткова. Першапачаткоўцам, якімі мы ўсе і з’яўляемся, было за што пахвалявацца. Але пчаляр папярэдзіў:
— Галоўнае не станавіцца на шляху пчол.
Усе так і зрабілі. Таму вітамінную дозу пчалінага яду нікому атрымаць не ўдалося. Хоць ён і прымяняецца шырока ў медыцыне, нам усё ж такі пашанцавала.
Вуллі рознай канструкцыі. Два з іх Рыгору Рыгоравічу дасталіся яшчэ ад дзеда. Астатнія ён зрабіў сам. Бліжэй за ўсіх, пасля дзедавага вулля, размяшчаецца маленькі вулей, дзе пчаляр выводзіць пчаліных матак. Рыгор Рыгоравіч дастаў рамку з пчоламі і папрасіў рабят адрозніць, дзе сярод іх матка. Яна самая вялікая. Бачылі госці і лічынкі пчол. Ёсць тут і шматкорпусны вулей. У яго з’ёмнае дно. З такім дном пчолы зімуюць свабодна і не баяцца холаду.
Побач месціцца невялічкі дамок, які сам пчаляр жартам называе пчолалячэбніцай. Справа ў тым, што пчалінае паветра супакойвае нервы, уздзейнічае пладатворна на органы дыхання і шмат яшчэ ў чым дапамагае. Пад дамком месціцца чатыры вуллі, а ў доміку — дзве ляжанкі з дрэва.
— Гэты шчыт я прасвярліў, зрабіў адтуліны. Пчолы ствараюць інфрачырвонае выпраменьванне. Інфрачырвоныя прамяні садзейнічаюць змяньшэнню болей хрыбетніка і суставаў, — расказвае гаспадар.
Нядаўна мы даведаліся, што такую працэдуру ў некаторых санаторыях можна прайсці за немалыя грошы.
Пчаляр прапанаваў дзецям паспрабаваць дастаць рамку з мёдам, але для гэтага патрэбна было распаліць дымар. Справа ў тым, што раней пчолы жылі ў лесе, дзе знаходзілі дуплы. І ў наш час яны уцякаюць калі-нікалі ад пчаляра і тады таксама селяцца ў дуплах. Самае страшнае для пчол - пажар. Таму дымара яны вельмі баяцца. Калі пчаляр хоча іх крыху напалохаць, ён абкурвае іх дымам. У дымар кладзецца падгніўшае лісце раслін. Яно не гарыць, а тлее.
Рабяты даведаліся, што пчолы рамкі прыклеіваюць да гнязда і таму патрэбна стамеска, каб саскрэбці воск. Дастаную рамку з дапамогай гусінага крыла абметаюць ад пчол, і калі ласка, можна ласавацца.
Пасля частавання Рыгор Рыгоравіч паказаў, як патрэбна падрыхтаваць рамку перад тым, як уставіць у вулей. Паказаў соты з пяргой і з трутневым гомагенатам. Дарэчы, пра апошні прадукт пчалярства мы пачулі ўпершыню. У ім мікраэлементы, амінакіслоты, гармоны. Ён найлепшым чынам выводзіць халесцярын.
Па словах Рыгора Рыгоравіча, гаварыць пра пчол і прадукты пчалярства можна бясконца. Сам ён, нягледзячы на саракагадовы стаж у гэтай галіне, пастаянна вучыцца. Калісьці, яшчэ ў гады маладосці, наведваў семінары для пчаляроў, якія праходзілі кожную апошнюю нядзелю месяца ў сельскагаспадарчым інстытуце ў Мінску. Цяпер ён чытае кнігі і часопісы, раіцца з пчалярамі-землякамі.
Юныя журналісты ўжо запрашалі Рыгора Рыгоравіча на размову. Сустрэча адбывалася ў Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы і была вельмі цікавай і карыснай. Але на свае вочы пабачыць і самім паспрабаваць зрабіць - гэта зусім іншая справа. І калі падчас першай сустрэчы размова пра догляд пчол здавалася недасягальнай навукай, то цяпер здаецца, што пры жаданні можна ўсяму навучыцца. Першы ўрок прайшоў паспяхова. Будзем спадзявацца на наступныя.
Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўлюка Пранузы
https://nesvizhlib.by/index.php/ru/event/1753-190820222#sigProGalleria615cb51e30