РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: biblio@nesvizh-kultura.by

РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5
тэл./факс:(801770) 5 19 79

Жизненный и профессиональный путь

Святло праз кнігу

(памяці Людмілы Сцяпанаўны Дашко, былога дырэктара Нясвіжскай ЦБС  прысвячаецца)

 

        Магчыма, у кожнага з нас ёсць ці была мара. Нехта жадаў аб’ехаць увесь свет, нехта – зрабіць вялікае адкрыццё, вынікам якога стаў бы ўсеагульны дабрыбыт. А хтосьці хацеў зусім няшмат і адначасова  вельмі многа – проста быць шчаслівым.

       Галоўная мара Людмілы Сцяпанаўны Дашко – пабудаваць новую бібліятэку, якая б стала сапраўдным Храмам кнігі. Ад моманту нараджэння гэтай задумы і да часу яе здзяйснення прайшлі гады.

Але яе мара не разляцелася на шматкі і не растала ў паветры, стаўшы небыццём. Разам з праекціроўшчыкамі, з будаўнікамі праходзіла па будучай бібліятэцы крок за крокам, штрых за штрыхам. Абмяркоўвала кожнае рабочае месца сваіх супрацоўнікаў - каб было зручна ім і наведвальнікам: падбірала колеры сцен і мэблі - каб было ўтульна і прыгожа.

      Людміла Сцяпанаўна – карэнная несвіжанка. У яе сям’і заўсёды паважалі кнігу. І таму ні для каго не стала навіной, што пасля заканчэння СШ № 1 Людміла вырашыла паступаць у Мінскі педагагічны інстытут імя М.Горкага на бібліятэчны факультэт. На канчатковае рашэнне паўплывала і мама, кіруючыся агульнапрынятым меркаваннем, што прафесія бібліятэкара вельмі спакойная.  Але тут Марыя Васільеўна памылілася. Усе 38 гадоў працы ў гэтай галіне не былі для Людмілы Сцяпанаўны спакойнымі. Яе кіпучая натура пастаянна імкнулася да нечага новага, нестандартнага. Ёй ніколі не імпанавала работа па шаблону. У сваёй дзейнасці яна заўсёды знаходзіла арыгінальныя падыходы да вырашэння любых пытаннняў. Гэтыя якасці заўважылі ў Людміле старэйшыя калегі, калі яна толькі пачала працаваць ў дзіцячай раённай бібліятэцы. У 1976 годзе Людміла Сцяпанаўна была пераведзена на пасаду загадчыцы аддзела абслугоўвання цэнтральнай бібліятэкі. Творчы падыход да працы яна найлепшым чынам прымяніла на новай пасадзе. Акрамя непасрэднай бібліятэчнай работы, разам з калегамі наладжвала цікавыя сустрэчы з вядомымі майстрамі слова, арганізоўвала літаратурныя вечары, удзельнічала ў пастаноўках Нясвіжскага народнага тэатра.

     У 1994 годзе Людміла Сцяпанаўна была прызначана дырэктарам Нясвіжскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Пад яе кіраўніцтвам працавалі 43 філіялы. Вялася камп’ютарызацыя бібліятэк, аўтаматызацыя бібліятэчных працэсаў. У арганізацыі дзейнасці бібліятэчнай сістэмы Людміла Сцяпанаўна кіравалася найперш вопытам шматгадовай дзейнасці ў гэтай галіне, а таксама не цуралася лепшых здабыткаў  іншых бібліятэчных сістэм краіны і нават замежжа.

      У адносінах з калегамі Людміла Сцяпанаўна ніколі не дапускала афіцыёзнасці, а будавала іх перш за ўсё на добра вядомым  усім прынцыпе – чалавечнасці. У вырашэнні многіх спрэчных пытанняў яна кіравалась перш за ўсё справядлівасцю, да кожнага шукала свой, асабісты падыход.     У тым, што горад сёння мае новую, па сучаснаму абсталяваную бібліятэку -  непасрэдная заслуга Л.С. Дашко.  Зрабіўшы вялікую справу, Людміла Сцяпанаўна пайшла на заслужаны адпачынак. Толькі адпачыць ей давялося вельмі мала…8 снежня 2009г. яна пайшла з жыцця. У нашай памяці Людміла Сцяпанаўна назаўсёды застанецца светлым, добрым, сціплым чалавекам, вялікім прафесіяналам бібліятэчнай справы.

Валянціна Шчарбакова,

бібліятэкар Нясвіжскай цэнтральна раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы