|
РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5 |
РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5 |
Удзел у конкурсе “Жанчына года” Беларускага саюза жанчын
Каб быць шчаслівым
Эсэ
Каб быць шчаслівым, чалавеку патрэбна, з аднаго боку, не так і многа, а калі ўдумацца глыбей, то шмат: родная зямля пад нагамі, сям’я, любімая справа, а над усім гэтым — Гасподзь, які благаслаўляе ўсе добрыя намеры і пачынанні. Той, хто разумее гэта — найбагацейшы чалавек у свеце. Усё астатняе сыходзіць, як снягі з наступленнем веснавога цяпла. Застаецца галоўнае.
Я шчаслівы чалавек, бо жыву ў Беларусі — лепшай краіне свету, мірнай, талерантнай. Толькі пад мірным небам і ў міры паміж сабою можна ствараць, будаваць, марыць.
У мяне ёсць сям’я. Гасподзь падараваў нам з мужам пяцёра дзяцей. Сёння толькі малодшы сын вучыцца ў школе. Малодшая дачка набывае прафесію ў Баранавіцкім дзяржаўным каледжы тэхналогіі і дызайна. Старэйшыя ўжо знайшлі свой самастойны шлях. Спраў паменшала, але падрастаюць унукі, іх у нас пяцёра, і ім таксама патрэбна наша дапамога. Так усё вяртаецца на кругі свае. Жыццё ці то працягваецца, ці то пачынаецца зноў.
Я ўспамінаю мінулае. Што было самым складаным тады, калі нашы дзеці патрабавалі асаблівай увагі? Фізічныя цяжкасці мяне не палохалі. І побач быў муж, які ніколі не забываўся пра свае бацькоўскія абавязкі. Цяжкасці былі іншага кшталту.
Гуляем усёй сям’ёй на гарадской плошчы. Старэйшая дачка, сын, які толькі вучыцца хадзіць. І малодшая — ёй некалькі месяцаў, мы толькі што сталі шматдзетнай сям’ёй. Міма праходзіць суседка па двары, углядаецца ў нашу дружную кампанію і прамаўляе:
— І навошта была патрэбна гэтая шклянка?
Шклянка — гэта наша малодшая дачка. Наша!!! І ці трэба гэтай жанчыне думаць пра тое, што яе ніяк не датычыцца. Ды і некаторым іншым, якія лічаць, што нараджаць дзяцей — гэта пладзіць жабракоў.
Але мне і самой у нейкі момант тады здавалася, што нічога ў мяне не будзе ў матэрыяльным плане. На многае не замахваліся — хацелася толькі аднавіць старую мэблю ў невялікай кватэры, якая засталася нам ад мужавых бацькоў. Гэта здавалася нязбыўным. І хто мог падумаць, што калі-небудзь у нас, у дадатак да спадчыннай кватэры, будзе яшчэ адна, падараваная дзяржавай?!
Ці гаварыць і пра тое, што ордэн Маці я атрымала з рук самога Прэзідэнта нашай краіны — Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі?
8 кастрычніка 2015 года. Іду па двары Палаца Рэспублікі. Перада мной крочыць стройная дзяўчына. Мне тады думалася, што Прэзідэнт запрасіў для ўзнагароджвання толькі шматдзетных маці. “Як цудоўна выглядае гэтая маці пяці дзяцей” — пранеслася ў думках. На самай справе, у залу, дзе Аляксандр Рыгоравіч уручаў узнагароды, былі запрошаны дзеячы культуры, кіраўнікі вядучых гаспадарак краіны, ваенныя афіцэры-лётчыкі, намаганнямі якіх было захавана шмат жыццяў нашых землякоў... А маладая дзяўчына, як аказалася, — знакамітая беларуская гімнастка Меліціна Станюта. І побач з гэтымі выбітнымі асобамі — пяцёра шматдзетных маці. Заслугі маці перад дзяржавай паднялі на такую ж вышыню!
Цяпер пра любімую справу. У дзяцінстве, калі многія мае сяброўкі заводзілі “Журналы” і ставілі адна адной, і мне ў тым ліку, адзнакі, гуляючы ў школу, я ў вольны час “прысвойвала” нумары кнігам з хатняй бібліятэкі, складала іх спісы. Калі прыйшоў час рабіць выбар, мама настойліва раіла паступаць у Нясвіжскае педвучылішча. Настаўнікам быў дзед, цётачка па татавай лініі, іншыя сваякі.
Я ніводнага дня не пашкадавала, што паслухала маці. Пазней, калі мы разам з удзельнікамі сумеснага праекта “Парады з вуснаў несвіжан” бібліятэкі, раённага радыё і СШ № 4 нашага горада (я працавала і ў школе, вяла гурткі) бралі інтэрв’ю ў дырэктара тады ўжо Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа Алены Жураўлёвай, яна сказала, што не ўсе навучэнцы будуць педагогамі, для кагосьці навучанне ў каледжы стане толькі першай прыступкай, добрай базай для набыцця іншай прафесіі. Так сталася і ў маім жыцці. Па прафесіі я працавала толькі адзін навучальны год. У 2002-м скончыла філалагічны факультэт БДПУ імя Максіма Танка, а затым Інстытут культуры Беларусі, дзе набыла прафесію бібліятэкара-бібліёграфа, прапрацаваўшы ў бібліятэцы на той момант пятнаццаць гадоў, з мая 1998 года.
Ёсць меркаванне, што людзі павінны мяняць работу праз кожныя пяць-сем гадоў. Я не мяняла. Новымі былі аб’яднанні і праекты, якія мне прыйшлося арганізоўваць і ствараць падчас працы ў Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы. Спачатку вяла клубы, якія ўжо былі ў бібліятэцы. Пасля з’явілася думка сумесна з загадчыцай аддзела абслугоўвання і інфармацыі бібліятэкі Аленай Шкрабай стварыць гасцёўню “Ясь і Яніна”.
А калі я сама прыйшла да веры, мне захацелася сказаць юнаму пакаленню беларусаў, што з Богам жыць значна лягчэй. Не самой прамовіць, а вуснамі людзей у гэтай справе больш дасведчаных — святароў Нясвіжскага благачыння, настаўнікаў нядзельных школ, рэгентаў хораў храмаў, людзей творчых прафесій, якія сваё веданне галоўнага ўвасаблялі ў творах мастацтваў. Так, з благаславення благачыннага Нясвіжскага благачыння, настаяцеля храма Узнясення Гасподня і пры ўдзеле настаўніцы гісторыі і сусветнай культуры Наталлі Янскай пры бібліятэцы ў 2004 годзе ўзнік клуб духоўна-маральнага выхавання падлеткаў і моладзі “Ноеў каўчэг”. У 2006-м распачынае працу і раённае літаратурна-музычнае аб’яднанне “Валошкі”, некаторыя наведвальнікі якога сталі ўдзельнікамі абласнога народнага калектыву аўтарскай песні і паэзіі “Жывіца”. Шмат зборнікаў паэзіі і прозы валошкаўцаў было падрыхтавана за гэты час з дапамогай калегі Таццяны Байкаш. У 2012-м разам з Таццянай Анатольеўнай, а таксама іншымі несвіжанамі, мы падрыхтавалі да выдання кнігу аб ганаровым грамадзяніне нашага горада, ветэране Вялікай Айчыннай вайны, мітрафорным протаіерэі Дзімітрыі Пятровічы Хмелю. У 2015-м — кнігу “Нясвіжчыны духоўныя крыніцы”, якая распавядае аб вопыце работы духоўна-асветніцкага цэнтра “Існасць”, створанага ў 2010 годзе пры бібліятэцы па ініцыятыве благачыннага Нясвіжскага благачыння протаіерэя Аляксандра Данчанкі і аддзела ідэалагічнай работы Нясвіжскага райвыканкама. З гэтага часу на раённым радыё стала выходзіць духоўна-асветніцкая перадача “Абуджэнне” — сумесны праект бібліятэкі, раённага радыё і Нясвіжскага благачыння, якую мы ладзілі разам са святарамі і журналістамі рэдакцыі газеты “Нясвіжскія навіны” Іванам Труханаўцом, а пасля і Аксанай Грох.
Ноеўцы і ўдзельнікі праекта “Парады з вуснаў несвіжан” шмат падарожнічалі па Нясвіжчыне, сустракаліся з людзьмі розных прафесій, святарамі і прыхаджанамі храмаў. Назапашанае падчас падарожжаў знайшло сваё адлюстраванне на старонках газеты “Нясвіжскія навіны” ў тэматычных выпусках “Вытокі”, “Парады з вуснаў несвіжан”, аднайменнай рубрыцы на раённым радыё, а затым аўдыёдыску і серыі буклетаў. Святарам Нясвіжскага благачыння і прыхаджанам храмаў, іх пошуку шляхоў да веры прысвечана серыя буклетаў “Сустрэчы, або Шлях да храма”. Да юбілею Нясвіжскага благачыння ў кастрычніку 2025 года створаны фільм “Справы для вечнасці”.
Духоўнае выхаванне павінна пачынацца з як мага ранейшага ўзросту. Так, у верасні 2020 года ўзнік сумесны праект “Духоўнае слова” дзіцяча-юнацкага аддзела бібліятэкі, Нясвіжскага благачыння і СШ № 4. Цяпер ён рэалізоўваецца праз супрацоўніцтва з педагогамі СШ № 1 нашага горада.
Самай галоўнай справай за апошні час стала распрацоўка і рэалізацыя, пачынаючы са студзеня 2023 года, сумеснага праекта “Узыходжанне” бібліятэкі і Слуцкай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы па ініцыятыве Нясвіжскага райвыканкама. Лекцыі, урокі духоўнасці, канферэнцыі па актуальных праблемах сучаснасці, падарожжы па Нясвіжчыне і Беларусі для моладзі, а таксама для прадстаўнікоў старэйшага пакалення, бо “ў кожнага свой момант ісціны”. Абсалютна новым стала правядзенне рознапланавых канферэнцый для педагогаў і бібліятэкараў раёна сумесна з супрацоўнікамі ўпраўлення па адукацыі Нясвіжскага райвыканкама, Цэнтрам карэкцыйнага развіцця, святарамі Нясвіжскага благачыння. Знаёмства з духоўна-асветніцкімі цэнтрамі краіны і яе святынямі, арганізацыя канферэнцый для бацькоў па пытаннях выхавання.
Толькі ў мінулым, 2025 годзе, разам з настаўнікамі мы пазнаёміліся з вопытам работы Мінскай духоўнай акадэміі імя свяціцеля Кірылы Тураўскага, дзейнасцю Беларускага праваслаўнага брацтва Трох Віленскіх мучанікаў пры Свята-Пятра-Паўлаўскім саборы ў Мінску, пабывалі ў Царкоўна-гістарычным музеі Беларускай Праваслаўнай Царквы, Свята-Духавым кафедральным саборы, прайшліся шляхамі беларускіх святых — блажэннай Валянціны Мінскай і навамучаніка нашага часу Серафіма Жыровіцкага. З намі дзяліліся сваім вопытам выкладчыкі Інстытута тэалогіі БДУ, распавядалі пра духоўныя асновы нашай веры насельнікі Лядзенскага Свята-Благавешчанскага манастыра, старэйшы манах Беларусі, паэт, філосаф, музыкант Іаан, у свеце — Алег Андрэевіч Бембель. Па шляхах настаўнікаў прайшліся і юныя ўдзельнікі сумеснага праекта “Узыходжанне”.
Для бацькоў былі арганізаваны канферэнцыі “Навуковая праблема, пакаранне, або Нагода для малітвы” з удзелам дырэктара Цэнтра падтрымкі дзяцей з аутызмам Алегам Трафімовічам і “Гульні, у якія гуляюць дзеці, або Умовы для шчаслівага дзяцінства”, дзе ішла размова аб арганізацыі вольнага часу дзяцей, падлеткаў і моладзі.
Яшчэ адной спробай звярнуць увагу юнага пакалення на карыснае і неабходнае стаў новы сумесны праект “Беларусь спявае калыханкі”дзіцяча-юнацкага аддзела бібліятэкі, Нясвіжскага благачыння, СШ № 1 г. Нясвіжа, Карцэвіцкай сярэдняй школы і рэдакцыі газеты “Нясвіжскія навіны”. І ён зараз паспяхова рэалізоўваецца, пра што распавядалася на старонках раённага друку.
Так, Гасподзь пасылае чалавеку думку, затым дапамагае апрануць яе ў словы, задуманае становіцца афіцыйным праектам ці праектамі. Заўважце, сумеснымі. У мяне такое ўражанне, што нас усіх Гасподзь нібы запрасіў у пабудаваны калісьці Ноем каўчэг, каб уратаваць ад жыццёвай буры. І каб усе, хто трапіцца на шляху, былі запрошаны ў гэтае падарожжа. Сотня аднадумцаў, калі не болей, і кожны ў гэтую агульную справу ўносіць сваю лепту. Ды самая галоўная справа толькі за святарамі. А мы так, збоку, арганізатары, сведкі справядлівасці іх слоў для больш юных слухачоў, летапісцы падзей, што дзеюцца на Нясвіжчыне.
Зараз зноў пра асабістае. У сілу маёй паэтычнай натуры, як казаў калісьці айцец Аляксандр Данчанка, я не перастаю марыць. Па-першае, каб на Беларусі і надалей быў мір. Для гэтага, як адзначыў усё той жа айцец Аляксандр, патрэбна малітва, многа малітвы. Таму і робяцца вышэйназваныя справы для нашай моладзі, каб і іх галасы, просьбы да Бога, загучалі ў агульным хоры беларусаў. І яшчэ б мне вельмі хацелася, каб мае ўласныя дзеці, унукі ды і вучні, з якімі калісьці звёў лёс, юныя чытачы бібліятэкі, жылі на роднай зямлі, і калі і “адхіляліся ад родны палеткаў”, то толькі дзеля падарожжаў і набыцця ведаў.
А яшчэ — каб мы ўсе разам аднавілі храм, разбураны ў шасцідзесятыя гады ў вёсцы Малева нашага раёна. Адзіны храм Нясвіжчыны, які не ўдалося адстаяць у гады ваяўнічага атэізму. Ён застаўся толькі на карціне майго дзеда Фёдара Вініцкага, мастака з гэтай вёскі, выпускніка Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, майго першага настаўніка жыццёвай мудрасці і любові да Беларусі.
Калі дадаць да мараў веру, то так яно і будзе. Гэта не горы перастаўляць, ды і не ў адзіноце. А разам, і з Божага благаславення…
Валянціна Шчарбакова,
бібліятэкар Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, выхавацель ДУА “Сярэдняя школа № 1 г. Нясвіжа”








































