|
РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5 |
РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5 |
29.04.2026
Прэзентацыя дзіцячага канала і духоўна-асветніцкіх праектаў Свята-Елісавецінскага манастыра
“Любі, дзіця”
ў рамках сумеснага праекта “Беларусь спявае калыханкі”
дзіцяча-юнацкага аддзела ДУК “Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўлюка Пранузы”, Нясвіжскага благачыння,
ДУА “Сярэдняя школа № 1 г. Нясвіжа”, ДУА “Карцэвіцкая сярэдняя школа” і ДУ “Рэдакцыі газеты “Нясвіжскія навіны”
з удзелам аўтара праекта манахіні Ісіхіі (Аляксеевай)
Працягваюцца сустрэчы ў рамках сумеснага праекта“Беларусь спявае калыханкі” дзіцяча-юнацкага аддзела ДУК “Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўлюка Пранузы”, Нясвіжскага благачыння, ДУА “Сярэдняя школа № 1 г. Нясвіжа”, ДУА “Карцэвіцкая сярэдняя школа” і ДУ “Рэдакцыя газеты “Нясвіжскія навіны”. Ва ўтульнай зале бібліятэкі, а гадзінай раней і ў Карцэвіцкай сярэдняй школе, сабраліся вучні і настаўнікі, каб пазнаёміцца з праектамі для дзяцей і моладзі Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра. Іх прадставіла манахіня Ісіхіяй (Аляксеева).
Так супала, што матушка Ісіхія — аўтар праекта “Колыбельные и молитвенные песнопения”.
Госця расказала, што ёй ў дзяцінстве тата спяваў заўсёды адну і тую ж калыханку пра беднага сіротку, якому дапамог Гасподзь. Сям’я будучай манахіні была не веруючай, але калыханка настолькі ўрэзалася ў памяць дзяўчынкі, што пасля, калі яна падрасла, марыла працаваць ў дзіцячым доме або ўсынавіць некалькі дзяцей. Але, калі Кацярыне (гэта свецкае імя матушкі Ісіхіі) было пятнаццаць гадоў, у яе загінуў аднакласнік. На могілках святар звярнуўся да аднакласнікаў юнака і сказаў, што ёсць споведзь і прычасце. І Мы не ведаем, што з намі будзе далей, таму трэба рыхтаваць сваю душу для сустрэчы з Богам. Крыху раней адбылася і другая, светлая падзея: у пятнаццацігадовым узросце Кацю папрасілі стаць хроснай маці. Так яна даведалася, дзе ў іх горадзе знаходзіца храм. У храме дзяўчына адчула сябе надзвычай добра і спакойна. Пасля стала сама хадзіць да споведзі, прычашчацца.
Калі рашэнне пайсці ў манастыр было канчатковым, ёй параілі Свята-Елісавецінскі. Расказалі і пра духаўніка абіцелі — протаіерэя Андрэя Лемяшонка.
Уяўленні аб цішыні і спакоі манастырскага жыцця не супалі з рэальнасцю.
— Тут такая вялікая місіянерская работа праводзіцца: з раніцы да вечара паслушанні, размовы з людзьмі. З самага пачатку жыцця ў манастыры я хадзіла ў інтэрнат для дзяцей з фізічнымі асаблівасцямі. Пасля мяне паклікалі ў бальніцу, дзе праходзяць лячэнне дзеці ад пяці да пятнаццаці гадоў. Некаторыя з іх трапілі ў розныя цяжкія жыццёвыя абставіны, — расказала манахіня.
Матушка Ісіхія паведаміла аб дзіцячым канале на сайце манастыра, расказала пра іншыя праекты. Прапанавала і фільм аб абіцелі.
У гэты дзень адбылася яшчэ адна добрая падзея. Юныя ўдзельнікі нашых сумесных праектаў пастараліся паказаць сваё бачанне Вялікадня. Яны прынялі ўдзел у конкурсе малюнкаў духоўнай тэматыкі “У чаканні свята”. Заслужаныя ўзнагароды юным мастакам уручылі благачынны Нясвіжскага благачыння, настаяцель храма Узнясення Гасподня протаіерэй Аляксандр Данчанка і загадчык дзіцяча-юнацкага аддзела бібліятэкі Алёна Чухлей. У конкурсе прынялі ўдзел вучні трэціх-пятых класаў СШ № 1 г. Нясвіжа. Асабліва былі адзначаны работы Ірыны Фаб’ян (І месца), Дар’і Галабурда (ІІ месца), Ульяны Грышкевіч і Варвары Лабко (ІІІмесца).
Айцец Аляксандр благаславіў усіх, хто быў на сустрэчы, а таксама расказаў, як малітва і Божае благаславенне дапамагаюць у жыцці. Матушка Ісіхія запрасіла наведаць Свята-Елісавецінскі манастыр, падрабязней пазнаёміцца з яго гісторыяй, дакрануцца да святыняў.
Кожны чалавек славіць Бога так, як падказвае яму душа. Але перш чым славіць, трэба прычакаць з Ім сустрэчу. І як добра, што людзі, якія спазналі гэтую радасць, з намі ёй падзяліліся. Мы далучыліся да прыгожага і светлага слова, народжанага па Божай міласці, цудоўных мелодый, а таксама духоўна-асветніцкіх праектаў, створаных у славу Божую.
Валянціна Шчарбакова,
кіраўнік праекта “Беларусь спявае калыханкі”
«Несвижская центральная районная библиотека им.П.Пронузо»














































