|
РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5 |
РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5 |
05.12.2025
Канферэнцыя
“Не страціць надзею, або Як незваротнае вярнуць”
У Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы ў рамках сумеснага праекта “Узыходжанне” бібліятэкі і Слуцкай епархіі Беларускай Праваслаўнай царквы адбылася канферэнцыя “Не страціць надзею, або Як незваротнае вярнуць”, у якой прынялі ўдзел клірык храма Георгія Перамаганосца горада Нясвіжа іерэй Павел Фокін і валанцёр, удзельнік шматлікіх праектаў храма Максім Алегавіч Бацукоў. Размова датычылася алкагольнай залежнасці і яе прафілактыкі.
Кіраўнік праекта расказала аб кнігах і часопісных артыкулах з фонду бібліятэкі, якія датычацца тэмы.
Айцец Павел звярнуў увагу маладых людзей на тое, што многіх памылак можна пазбегнуць, слухаючы папярэджванне людзей, якія перажылі пэўныя негатыўныя моманты ў сваім жыцці і раяць іншым не паўтараць іх.
— Памылкі мы усё роўна будзем рабіць, проста кошт кожнай памылкі бывае розны. Ёсць такія, якія лепш не здзяйсняць. Калі б мяне у вашым узросце хто-небудзь так папярэжваў, магчыма, я меней бы памыляўся, — патлумачыў святар.
Максім Бацукоў калісьці ў свае пятнаццаць гадоў, апярэджваючы равеснікаў, стаў навучэнцам прэстыжнага ўніверсітэта. З цягам часу меў добрую прафесію і працу, але 25 гадоў жыцця ён прысвяціў не тым мэтам. Калі зразумеў, што трапіў у пастку алкагольнай залежнасці, спачатку паспрабаваў вырашыць праблему самастойна, спадзяючыся на сябе. Але дарма. І толькі звярнуўшыся па дапамогу да Бога, атрымаў выратаванне.
Максім Алегавіч лічыць, што ніхто не дапаможа чалавеку, які далёка зайшоў у сваіх залежнасцях (і гэта не толькі алкаголь, але і камп’ютарная залежнасць, нават празмерная любоў да працы ў абыход інтарэсам сваёй сям’і і асабліва дзяцей), пакуль ён не ўсвядоміць сваю праблему і не пакліча на дапамогу Бога.
Госць бібліятэкі звярнуў увагу і на адносіны паміж хлопцамі і дзяўчатамі, пажадаў, асабліва дзяўчатам, не спакушацца на падманныя словы і хуткаплыннае шчасце, а умець разгледзець сапраўднае.
Супрацоўнікі бібліятэкі ўдзячны ўсім удзельнікам канферэнцыі, якія падтрымалі абмеркаванне прапанаванай тэмы, а таксама слухачам — навучэнцам Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа, навучэнцам ДУА “Клецкі сельскагаспадарчы каледж” і вучням агульнаадукацыйных школ горада.
Ёсць спадзяванне, што пачутае застанецца ў свядомасці маладых людзей і стане хоць нейкім бар’ерам на шляху да бяды, зберажэ ад непапраўнага ў жыцці.
Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўлюка Пранузы










































