|
РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5 |
РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5 |
06.11.2025
Паломніцтва ў Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр
з наведваннем Мінскай духоўнай семінарыі
“Святыні Беларусі”
Па благаславенні благачыннага Нясвіжскага благачыння протаіерэя Аляксандра Данчанкі ўдзельнікі сумеснага праекта “Узыходжанне” Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы і Слуцкай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, вучні і педагогі школ горада, а таксама ДУА “Пагарэльцаўская СШ” адправіліся ў паломніцтва ў Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр, пазнаёміліся з яго гісторыяй і святынямі. Наведалі юныя несвіжане і Мінскую духоўную семінарыю, экскурсію па якой правёў саарганізатар падзеі, прарэктар па выхаваўчай рабоце іерэй Арцемій Кірко.
Запрасіў айцец Арцемій і ў іканапісную майстэрню, дзе студэнты-завочнікі расказалі і паказалі этапы працы над іконай. Пазнаёміліся несвіжане і з духоўна-асветніцкімі праектамі семінарыі ў інтэрнет-прасторы, адукацыйнымі праграмамі і багаслоўскімі курсамі, якія праходзяць у Духоўнай школе: “Зімовы біблейскі інстытут”, “Велікодныя багаслоўскія курсы”, іканапісныя, рэгентскія курсы, “Курсы выхаднога дня”.
Вельмі неардынарнай атрымалася сустрэча моладзі з насельнікам манастыра манахам Іаанам ( Бембелем) — паэтам, пісьменнікам, філосафам, музыкантам. Айцец Іаан пазнаёміў несвіжан са сваёй новай кнігай “Рэха: вершы на памяць для дзетак і бацькоў”, якую ўжо падрыхтаваў да выдання. Асноўная думка зборніка — клопат аб будучыні Беларусі і беларусаў, наказ бацькам прымаць з удзячнасцю падараванае Богам новае жыццё:
“Мір вам!” — будзем гэтак вітаць,
Пасланых у свет немаўлятак.
Паэт быў вельмі ўсцешаны, што да яго завітала “юная Беларусь”. Акрамя літаратурнай творчасці, айцец Іаан падзяліўся сваімі ўспамінамі і поглядамі, расказаў пра шлях да веры і храма.
У арганізацыі паломніцтва, акрамя супрацоўнікаў бібліятэкі, прынялі ўдзел супрацоўнікі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Нясвіжскага райвыканкама, благачынны Нясвіжскага благачыння протаіерэй Аляксандр Данчанка, а таксама прарэктар па выхаваўчай рабоце семінарыі іерэй Арцемій Кірко.
Усе ўдзельнікі падзеі ўдзячны дырэктару Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы Аксане Рыжыкавай і вадзіцелю гэтай установы Ігару Захарэвічу, якія забяспечылі мерапрыемства транспартам.
Завяршылася паломніцтва наведваннем Жыровіцкай крыніцы, вада з якой здольна наталіць не толькі фізічную, але і духоўную смагу.
Несвижская центральная районная библиотека имени Павла Пронузо










































