РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: biblio@nesvizh-kultura.by

РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5
тэл./факс:(801770) 5 19 79

27.08.2025

Канферэнцыя для педагогаў раёна ў межах сумеснага праекта “Узыходжанне” Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы і Слуцкай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы

“Духоўна-маральнае выхаванне падлеткаў і моладзі на прыкладзе лёсаў святых роднага краю: святая блажэнная Валянціна Мінская”

 

(Сумесна з педагогамі ДУА філіяла “Станькаўская дзіцячая музычная школа мастацтваў” і ўпраўленнем па адукацыі, спорце і турызме Нясвіжскага райвыканкама)

 

У межах сумеснага праекта “Узыходжанне” прайшла канферэнцыя з удзелам  педагогаў Нясвіжчыны “Духоўна-маральнае выхаванне падлеткаў і моладзі на прыкладзе лёсаў святых роднага краю: святая блажэнная Валянціна Мінская”, арганізаваная супрацоўнікамі Нясвіжскай цэнтральнай раённай біблітэкі імя Паўлюка Пранузы, педагогамі ДУА філіяла “Станькаўская дзіцячая музычная школа мастацтваў” і супрацоўнікамі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Нясвіжскага райвыканкама. 

Канферэнцыя пачалася ў бібліятэцы з благаславення і звароту да педагогаў благачыннага Нясвіжскага благачыння, настаяцеля храма Узнясення Гасподня протаіерэя Аляксандра Данчанкі.

—              Наша зямное жыццё – гэта шлях, які нас абавязвае да прэабражэння сваёй душы. Я не заклікаю вас быць прапаведнікамі, але неабходна адначасова з тым, што вы робіце, навучаючы свайму прадмету, паралельна даносіць і крупіцы духоўнай мудрасці, каб дапамагчы нашым дзецям здзейсніць самы галоўны выбар у сваім жыцці, да якога кожны чалавек прызваны: выбраць веру. Таму што веры на зямлі дзве: вера ў тое, што Бог ёсць, і тое, што Бога няма. Мы нічога не дакажам юнаму пакаленню, але дапамагчы мы можам. Адзін з момантаў, зразумець, што чалавек – найвялікшае стварэнне Божае, мае бессмяротную душу. І наш зямны шлях – гэта школа, дзе мы рыхтуемся, каб увайсці ў вечнасць. Што мы зможам набыць  тут унутры сябе – гэта самае вялікае багацце і каштоўнасць. Таму сённяшняя падзея ёсць дадатак у капілку сваіх духоўных каштоўнасцей яшчэ нейкага патэнцыялу з тым, каб перадаць гэта сваім вучням, — адзначыў святар.

Затым удзельнікі канферэнцыі адправіліся ў Станькава Дзяржынскага раёна. Спачатку – ў храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца, што з’яўляецца помнікам архітэктуры 19 стагоддзя, у якім у свой час служыў тата святой блажэннай Валянціны Мінскай – Фёдар Чарняўскі. Тут будучую святую хрысцілі. Тут яна вянчалася са сваім мужам — Фёдарам Сулкоўскім. Аб гісторыі храма і яго святынях расказаў настаяцель протаіерэй Аляксандр Мікіцкі. Удзельнікі канферэнцыі даведаліся, што праект храма быў заказаны ўладальнікам тых мясцінаў у знакамітага архітэктара Канстанціна Тона, аўтара праекта храма Хрыста Выратавальніка ў Маскве. Пабудова станькаўскай святыні доўжылася шэсць гадоў — з 1852 па 1858 год. Храм праіснаваў да 1936 года. Пасля яго выкарыстоўвалі як зернесховішча, а ў 60-х гадах спрабавалі знішчыць – тры разы ўзрывалі, але разбурылі толькі часткова. Пасля заканчэння семінарыі айцец Аляксандр атрымаў накіраванне ў Станькава. Першым месцам яго служэння стала часовая царква, якая мясцілася ў маленькім дамку. Ён спрабаваў шукаць матэрыяльнай дапамогі, каб пачаць адраджэнне разбуранай святыні. Усё было марна. Аднойчы ён зайшоў у зруйнаваны храм. Там і адбылася размова з Богам. Наказ здзівіў: “Маліцца трэба”.  “Дык мы ж молімся”, — прыйшла ў адказ думка.  Але святар зразумеў, што маліцца патрэбна якраз у разбураным храме. З таго часу напрацягу шасці гадоў кожны чацвер, у любое надвор’е, настаяцель і прыхажане чыталі тут акафіст Свяціцелю Мікалаю. І ён дапамог. Асаблівыя зрухі пачаліся, калі 6 лютага 2006 года была кананізавана матушка Валянціна. Адраджэнне храма доўжылася зноў жа шэсць гадоў.

Наведалі несвіжане і ДУА філіял “Станькаўская дзіцячая музычная школа мастацтваў”, дзе выкладчыкі школы, а адначасова і заснавальнікі духоўна-культурнага цэнтра “Адраджэнне” пры іх Установе, Святлана Сохань і Святлана Кароткая расказалі аб дзейнасці цэнтра, працы з дзецьмі і моладдзю, працы па зборы матэрыялаў аб жыцці і малітоўным подзвігу святой блажэннай Валянціны Мінскай, цудах, здзейсненых па яе малітвах яшчэ пры жыцці і пасля адыходу ў вечнасць. Паказалі святыні, якія належалі матушцы  Валянціне: Евангелле сям’і Чарняўскіх, датаванае 1800 годам, рукапісы, лісты, сшыткі з імёнамі духоўных чад, настольнік з выявай Тайнай вячэры…

На выставе, падрыхтаванай загадчыкам установы Алегам Мечыслававічам  Пяткуном, былі прадстаўлены рэдкія матэрыялы, кнігі і альбомы, прысвечаныя беларускай святой. Некаторыя з іх загадчык і педагогі школы  перадалі ў Нясвіжскую цэнтральную раённую бібліятэку імя Паўлюка Пранузы для часовага карыстання.

У духоўна-культурны цэнтр “Адраджэнне” прыходзіць шмат лістоў ад людзей з розных куточкаў Беларусі і не толькі. Ні адзін ліст не застаецца без адказу. Хтосьці піша пра ацаленні, вырашэнне складаных жыццёвых сітуацый па малітвах да матушкі Валянціны пасля наведвання яе магілкі, хтосьці, не маючы магчымасць наведаць месца пахавання святой,  звяртаецца з просьбай памаліцца. Супрацоўнікі цэнтра прапанавалі педагогам Нясвіжчыны таксама падзяліцца сваімі сведчаннямі. Па благаславенні благачыннага Нясвіжскага благачыння протаіерэя Аляксандра Данчанкі гэтыя матэрыялы будуць занатаваны. Далучыцца такой неабходнай многім справы могуць не толькі педагогі, але і родныя іх вучняў. Магчыма, гэтыя сведчанні дапамогуць у жыцці тым, каму не стае веры.

Пабылі педагогі і на магілцы святой блажэннай Валянціны Мінскай, наведалі і Вітаўскую крыніцу. Калі будзе заўгодна Богу, па акрэсленых мясцінах адправяцца і іх вучні, бо няма найлепшай справы, як вывучаць гісторыю сваёй краіны, дакранаючыся да яе святыняў.

Несвижская центральная районная библиотека имени Павла Пронузо

1
2
3