|
РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5 |
РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5 |
02.08.2025
Паломніцтва ў Лядзенскі Свята-Благавешчанскі манастыр
“Святыні Беларусі”
Па благаславенні благачыннага Нясвіжскага благачыння, настаяцеля храма Узнясення Гасподня г. Нясвіжа протаіерэя Аляксандра Данчанкі 2 жніўня, у дзень памяці святога прарока Іліі, наведвальнікі духоўна-асветніцкага цэнтра “Існасць”, што дзейнічае пры Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы, адправіліся ў Лядзенскі Свята-Благавешчанскі мужчынскі манастыр. Несвіжане паўдзельнічалі ў святочнай літургіі, якую ўзначаліў епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Амвросій. У сваёй пропаведзі архіерэй звярнуў увагу на неабходнасць малітвы, спадзявання ў любых жыццёвых абставінах на Божую дапамогу.
Затым паломнікаў з Нясвіжа чакала манастырская трапеза, пасля якой інак Андрэй расказаў аб гісторыі манастыра і яго святынях.
Пабывалі наведвальнікі цэнтра і на магіле святара Кірыла Шолкава, дзе ўзнеслі малітвы аб супакаенні яго душы. Са святаром многія, асабліва прыхаджане Свята-Георгіеўскага храма нашага горада, былі знаёмы асабіста, штогод наведвалі храм у гонар іконы Божай Маці Усецарыца ў Мінску, будоўлю якога распачаў айцец Кірыл.
На святой Мар’інай горцы, дзе знаходзіцца камень-следавік са ступнёй Прасвятой Багародзіцы, а таксама каменны крыж, які расце з зямлі, несвіжане прыклаліся да гэтых святыняў. Адзін з паломнікаў расказаў пра тое, як у час Вялікай Айчыннай вайны яго бабуля разам з дзецьмі кожную нядзелю хадзілі ў храм за 35 кіламетраў на літургію. Зараз у нас няма такіх перашкод. Храмы на Беларусі ёсць у кожным горадзе, многіх вёсках. І дабрацца на літургію можна пры жаданні калі не на ўласным, то грамадскім транспарце. Але самае складанае, як паказвае жыццё, знайсці дарогу да храма, які знаходзіцца зусім побач. Многім у паломніцтва сабрацца лягчэй, чым пераадолець зусім малую адлегласць у сваім населеным пункце.
Працягам падарожжа стала наведванне магілкі святой Беларускай Праваслаўнай Царквы блажэннай Валянціны Мінскай у в. Коскі Дзяржынскага раёна, дзе паломнікі прачыталі акафіст, а пасля кожны звярнуўся да святой са сваёй просьбай.
Закончылася падарожжа наведваннем Вітаўскай крыніцы.
Несвижская центральная районная библиотека имени Павла Пронузо














































