РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: biblio@nesvizh-kultura.by

РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5
тэл./факс:(801770) 5 19 79

06.06.2025

Прэзентацыя кнігі Гілберта Кіта Чэстэртана

“Ціхмянасць айца Браўна”

з удзелам перакладчыка Уладзіміра Бруя

 

Часты госць Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, ураджэнец Нясвіжчыны, пісьменнік і перакладчык Уладзімір Бруй запрасіў на прэзентацыю  кнігі Гілберта Кіта Чэстэртана “Ціхмянасць айца Браўна”, якая не так даўно  пабачыла свет у выдавецтве Рамана Цымберава ў Мінску. Пераклад кнігі Чэстэртана Уладзімір Дзмітрыевіч зрабіў яшчэ на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя па прапанове пісьменніка Барыса Сачанкі, тады рэдактара выдавецтва “Мастацкая літаратура”. У 1991 годзе перакладчык атрымаў з выдавецтва сігнальны экземпляр, але выдаць кнігу не ўдалося з-за фінансавых праблем, якія тады напаткалі не толькі выдавецтва “Мастацкая літаратура”. І зусім нядаўна пісьменнік Аляксей Шэйн натхніў перагладчыка на завяршэнне працы.

Уладзімір Дзмітрыевіч пачаў прэзентацыю кнігі з таго, што расказаў пра яе аўтара і яго задуму:

—   Гілберт Кіт Чэстэртан — гэта класік англійскай літаратуры. Ён лічыцца дэтэктыўным аўтарам, але самым незвычайным. Кніга яго перапоўнена філасофіяй, сур’ёзнымі разважаннямі. Галоўны герой — айцец Браўн, каталіцкі святар. Чэстэртан пабудаваў кнігу так, што яна складаецца з цікавых, нібы выпадковых, гісторый, сутычак святара з сусветна вядомым злачынцам Фламбо, геніем злачынства. Фламбо вельмі разумны, ведае псіхалогію чалавека, як да каго падысці. Але ўвесь час на яго шляху з’яўляецца айцец Браўн, які замінае здзяйсненню задуманага злачынцам. Галоўны сэнс кнігі — пакаянне. Што павінен зрабіць кожны чалавек. І яшчэ адна важная рэч, якую трэба ўсвядоміць, гэта тое, што мы свабодны ў сваім выбары. У фінале твора Фламбо прыходзіць да пакаяння, чаму спрыяюць мудрасць і пранікнёнасць айца Браўна.

     Творы Гілберта Кіта Чэстэртана называюць творамі надзеі. У гэтым яны сугучныя і ўласнай творчасці Уладзіміра Бруя. На пытанне, якая з яго кніг надае найбольшую надзею чытачу, пісьменнік адказаў:

—   “Сэрца новае”. Гэта таксама шлях чалавека да пакаяння.

Цудоўным дапаўненнем да філасофскіх разважанняў пісьменніка і перакладчыка сталі песні на беларускай мове, якія іх выканаўцы — Уладзімір Еўтух і Уладзімір Сінкевіч пераклалі з рускай. Іх сэнс у тым, што ўсе дарогі вядуць чалавека да Бога, і ўсе дарогі вядуць чалавека на Радзіму.

Уладзімір Дзмітрыевіч прызнаўся, што беларус у ім нарадзіўся якраз у Сірыі, дзе ён працаваў перакладчыкам. У пэўны час туга па родных мясцінах настолькі агарнула яго, што ён папрасіў жонку прывезці яму “Новую зямлю” Якуба Коласа. Вярнуўшыся на Нясвіжчыну, Уладзімір Бруй адчуў у сабе прагу пісаць менавіта на роднай мове.

Уладзімір Еўтух успомніў момант, які адбыўся з ім у Швецыі, калі святар нагадаў яму і яго спадарожнікам, якія разам зайшлі ў храм, што мова кожнаму народу дадзена ад Бога. На думку Уладзіміра Еўтуха, гэтая акалічнасць у жыцці і творчасці  Уладзіміра Бруя, якая, як і яго пераклады,  пераважна беларускамоўная, адпавядаюць задуме Усявышняга аб чалавеку.

Напрыканцы сустрэчы Уладзімір Дзмітрыевіч адказаў на пытанні ўдзельнікаў прэзентацыі, а таксама падзяліўся планамі на будучае: ім амаль завершана праца над перавыданнем кнігі “Трэцяя Бярэзіна”, прэзентацыя якой таксама плануецца ў бібліятэцы.

                                                                   Валянціна Шчарбакова,

кіраўнік раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі”

Несвижская центральная районная библиотека им.П.Пронузо 

BWOq5id1e0I (1)
D-sQnxqf8PY (1)
GvlWP6U20Ho (1)
jbLxSIqptvE (1)