|
РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5 |
РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5 |
05.06.2025
Паломніцкая паездка
“Храмы Мінска”
з наведваннем Свята-Духава кафедральнага сабора, Царкоўна-гістарычнага музея Беларускай Праваслаўнай царквы,
Свята-Петра-Паўлаўскага сабора
У рамках дзейнасці сумеснага праекта “Узыходжанне” Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы і Слуцкай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы адбылася паломніцкая паездка, у якой прынялі ўдзел вучні і настаўнікі СШ №1 і СШ №4 нашага горада, а таксама навучэнцы Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа. Перш, як адправіцца ў падарожжа, рабяты атрымалі благаславенне благачыннага Нясвіжскага благачыння, настаяцеля храма Узнясення Гасподня протаіерэя Аляксандра Данчанкі. Святар адзначыў, што кожны чалавек Богам прызваны да жыцця духоўнага:
— Сёння шмат інфармацыі, якая трапляе ў вашу свядомасць. Але самая галоўная інфармацыя, якую павінен зразумець кожны з нас, што чалавек створаны па вобразе і падабенстве Божым. І калі ў чалавеку ёсць хоць кропля пачуцця Бога, то яго жыццё адбылося. Хто ведае, магчыма, з сённяшняй паездкі сэрца ваша адгукнецца і адчуе, што сапраўды ёсць жывы Бог, ёсць Яго Дух, які стварыў свет, у якім ўсё існуе і рухаецца. І адчуеце радасць. Сёння ў храмах будзеце судакранацца са святынямі, зможаце да іх падысці, вуснамі і сэрцам памаліцца, звярнуцца з просьбай аб дапамозе.
Рабяты пазнаёміліся з гісторыяй Свята-Духава кафедральнага сабора, памаліліся ля яго святынь — іконы Мінскай Божай Маці і многіх іншых, папрасілі малітоўнай дапамогі ў святой праведнай Сафіі Слуцкай, мошчы якой знаходзяцца ў саборы.
Пабывалі і ў бібліятэцы Мінскай духоўнай акадэміі. Загадчык бібліятэкі Ілья Юр’евіч Перчанка расказаў, што бібліятэка была адчынена у 2015 годзе, так як Мінская духоўная акадэмія да гэтага часу знаходзілася ў Жыровічах. Яе першапачатковы фонд склалі кнігі, якія перадаў у дар першы Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі, Мітрапапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт. Затым фонд папоўнілі кнігі Мінскага епархіяльнага ўпраўлення. На сённяшні момант бібліятэка налічвае каля сямідзесяці з паловай тысяч экземпляраў. Гэта як багаслоўскія, царкоўна-гістарычныя, так і кнігі па свецкіх навуках. Фонд прадстаўлены і творамі класікаў рускай літаратуры. Ёсць сховішча перыёдыкі. Сем з паловай экземпляраў фонда — гэта дарэвалюцыяная літаратура. Кнігі парадка шасцісот экземпляраў, астатнія — перыёдыка.
З красавіка 2021 года бібліятэка носіць імя першага Патрыяршага Экзарха
ўсёй Беларусі, Мітрапапаліта Філарэта. Загадчык бібліятэкі адзначыў, што ў чытальнай зале могуць займацца студэнты акадэміі, студэнты іншых ВНУ і, увогуле, любы чалавек, які дасягнуў пятнаццаці гадоў.
Ёсць камп’ютар, які мае доступ да электроннай чытальнай залы Нацыянальнай і Прэзідэнцкай бібліятэкі, бібліятэкі Барыса Ельцына ў Расіі.
Найцікавейшым момантам паломніцтва стала наведванне Царкоўна-гістарычнага музея Беларускай Праваслаўнай Царквы, які месціцца ў будынку духоўнай акадэміі.
Па словах экскурсавода Марыі Валянцінаўны Нецвятаевай, музей быў створаны таму, што Уладыка Філарэт, Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі, ідучы на пакой, вырашыў аддаць тыя рэчы, якія ў яго былі, для стварэння экспазіцыі. Гэта не мэтанакіраваны збор, а менавіта тыя прадметы, з якіх пасля былі зроблены тры залы.
— Задача музея заўсёды была рассказаць аб царкоўным мастацтве, аб царкве простымі словамі. На жаль, у нас, у адносінах да царквы, вельмі многа стэрэатыпаў, вельмі многага мы не ведаем, бо нам не перадалі гэтую традыцыю, нам проста не расказалі, бо калісьці для бабуль было шчасцем нас проста перахрысціць.
Марыя Валянцінаўна патлумачыла рабятам сэнс многіх падзей у жыцці царквы Хрыстовай, якія паказаны на святых іконах:
— У царкоўным мастацтве няма строгіх правіл, канонаў. Каноны ёсць у багаслоўі. А яшчэ на іконах часта сустракаюцца людзі, якія ў жыцці сустрэцца не маглі. На прыклад, князь Уладзімір сустракаецца з Кірылам Філосафам. Кірыл-філосаф жыў у дзявятым стагоддзі, Уладзімір — у дзясятым. Вы разумееце, што гэтай сустрэчы быць не магло. А ў жыціі чытаем, што была сустрэча. Што гэта азначае? А тое, што праца, якую ў дзявятым стагоддзі распачаў Кірыл, была прадоўжана князем Уладзімірам.
Матушка звярнула ўвагу юных паломнікаў і на ікону Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, звярнулася да гісторыі, пра якую распавядае ікона, патлумачыла духоўны сэнс падзеі:
— Гэта на самай справе гісторыя не пра тое, што ў Іакіма і Ганны не было дзяцей, што яны доўга маліліся і Гасподзь даў ім доўгачаканую дачку, якая падаравала свету выратавальніка рода чалавечага. Гэта гісторыя пра складаны выбар: каго ты выбераш — каханага чалавека або падпарадкуешся патрабаванням грамадства — пазбавіцца ад жанчыны, якая не змагла нарадзіць. Гэта гісторыя пра тое, як змяніліся мы, каб атрымаць прасімае. Ікона — гэта пра жывых людзей, са сваімі эмоцыямі, з вельмі складаным шляхам.
Матушка параіла ўсім прачытаць “Запечетлённый ангел” Мікалая Ляскова:
— Там ёсць такія словы: “Калі з жыцця прыняць Хрыста, усё пачне разбурацца”. Калі мы сваю волю падпарадкуем Госпаду, то апынімся ў зіхаценні Боскай славы.
У музеі знаходзяцца і макеты старажытных храмаў Беларусі, у якіх Марыя Валянцінаўна раіла пабываць: Полацкая Сафія, храм Архангела Міхаіла ў Сынкавічах, храм Успення Прасвятой Багародзіцы ў Жыровічах…
Пазнаёміліся рабяты са старажытнымі кнігамі. Аб гісторыі царквы ХХ стагоддзя матушка расказала на прыкладзе сям’і свайго мужа. Пабывалі паломнікі і ў кабінеце Мітрапаліта Філарэта, даведаўшыся шмат момантаў з яго біяграфіі. Святар лічыў, што “вялікасць чалавека не ў званнях і дасягненнях, а вялікасць чалавека ў тым, як ён адносіцца да людзей”. Па словах Марыі Нецвятаевай, гэты чалавек “умеў у натоўпе людзей убачыць вочы, якія больш за ўсё маюць патрэбу ў любові”.
Пабывалі несвіжане і ў Свята-Петра-Паўлаўскім саборы, пра гісторыю якога расказала Лідзія Кулажанка, як і пра стварэнне брацтва ў гонар трох Віленскіх мучанікаў, якую дапоўніў наш зямляк, сябра брацтва Расціслаў Хмель.
На зваротным шляху ўдзельнікі праекта пабывалі яшчэ і на магілцы святой блажэннай Валянціны Мінскай, звярнуліся з малітвай да беларускай святой.
Падарожжы ў рамках праекта па святых мясцінах нашага краю будуць працягвацца. Дарог, якія вядуць да святыняў, на Беларусі шмат. Калі скіраваць на іх юных, спадзявання на найлепшае будучае Беларусі будзе болей.
Валянціна Шчарбакова,
кіраўнік праекта “Узыходжанне”.
Несвижская центральная районная библиотека им.П.Пронузо

















































