РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: biblio@nesvizh-kultura.by

РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5
тэл./факс:(801770) 5 19 79

28.02.2025

Творчая сустрэча з паэтэсай, журналісткай,  сябрам раённага літаратурна-музычнага  аб’янання  “Валошкі “, сябрам Саюза журналістаў Беларусі

Соф’яй Любанец

“Раніца першага снегу”

 

У апошні дзень зімы чытачы Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы сабраліся, каб у чарговы раз дакрануцца да паэтычнай творчасці сябра раённага літаратурна-музычнага аб'яднання “Валошкі”, абласнога народнага калектыву аўтарскай песні і паэзіі “Жывіца”, сябра Саюза журналістаў Беларусі, намесніка галоўнага рэдактара газеты “Нясвіжскія навіны” Соф’і Уладзіміраўны Любанец. Некага здзівіць тэматыка сустрэчы, бо многія несвіжане настроіліся ўжо на вясну. Ды і ў гэтую зіму снегу амаль  не было. Але бібліятэка — гэта месца, дзе адбываюцца сапраўдныя цуды. Тым больш што гераіня нашай сустрэчы ўмее ствараць цудоўныя лірычныя творы пра любімую сваю пару года так непаўторна і пранікнёна, што атрымліваецца сапраўдная  зімовая карціна, намаляваная словамі.

Менавіта такую назву —  “Раніца першага снегу” — меў першы паэтычны зборнік Соф’і Уладзіміраўны, падрыхтаваны ў бібліятэцы ў 2005 годзе. Зараз,  дапоўнены і адноўлены, дзякуючы намаганням супрацоўніцы бібліятэкі Наталлі Кульчыцкай, ён быў прапанаваны падчас сустрэчы чытачам бібліятэкі самой аўтаркай. 

Соф’я Уладзіміраўна пачала з вершаў зімовай тэматыкі. Разам з аўтаркай  прайшліся госці сустрэчамі і яе жыццёвымі сцежкамі, пачынаючы з дзіцячых гадоў, часу навучання ў Карцэвіцкай школе, Нясвіжскім педвучылішчы, Белдзяржуніверсітэце, затым былі працы ў Дар’еўскай школе Ляхавіцкага раёна, ў газетах “Ляхавіцкі веснік”, “Ляхавіцкі час”, “Нясвіжскі час”, нясвіжскім раённым радыё, а затым і раённай газеце “Нясвіжскія навіны”. Аповед пра той ці іншы перыяд жыцця Соф’я Уладзіміраўна суправаджала вершамі, напісанымі тады.

Цудоўным падарункам для самой паэткі і ўсіх прысутных сталі песні ў выкананні кіраўніка хору ветэранаў Ірыны Латушка і былога дырэктара Гарадзейскай школы мастацтваў Івана Буглая. На адзін з твораў   Соф’і Уладзіміраўны Іван Іванавіч напісаў песню, якую яны выканалі разам.

Так атрымалася, што менавіта Соф’я Уладзіміраўна стала першай удзельніцай сумеснага праекта “Парады з вуснаў несвіжан” Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя  Паўлюка Пранузы, раённай газеты “Нясвіжскія навіны” і праграмы радыёвяшчання “Раніца Нясвіжчыны” ,  ДУА “Сярэдняя школа № 4 горада Нясвіжа”. Менавіта ёй прысвечаны на сённяшні дзень адзіны, у межах праекта,  электронны часопіс “Парады з вуснаў несвіжан”, які і быў прадстаўлены чытачам бібліятэкі. Яна стала і першай удзельніцай аднайменнай рубрыкі на раённым радыё, якую ладзілі кіраўнік праекта, аўтар гэтага матэрыяла,  наведвальнікі гуртка “Юны журналіст” СШ № 4 нашага горада і прафесійная журналістка Аксана Грох. А пачалося ўсё з таго, што юныя журналісты вырашылі пашукаць мудрых парадаў сярод сваіх землякоў. Атрымалася няблага. І вось калі ўжо быў зроблены дыск і буклет праекта, які ўключаў запісы 47 сустрэч, мы звярнулі ўвагу на тое, што імя нашай першай гераіні нават азначае мудрасць.  З дапамогай электроннага часопіса для ўсіх і кожнага: “ Парады з вуснаў несвіжан”,  прысвечанага Соф’і Уладзіміраўне Любанец, і было здзейснена падарожжа па сцяжынках яе лёсу.

Наталля Кульчыцкая падрыхтавала папяровы варыянт часопіса “ Парады з вуснаў несвіжан” (аўтар-складальнік — Валянціна Шчарбакова, дызайн — Марыя Юхо (Бубен), тэхніцны рэдактар — Віктар Кіўла), які і быў падараваны Соф’і Уладзіміраўне разам новым выданнем яе паэтычнага зборніка “Раніца першага снегу”.

Сваё слова ў адрас паэткі выказалі сябры раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Вольга Жэрка, іерэй Васілій Краеў, Алена Шаблоўская, Дзмітрый Лібар, Барыс Вятлугін.

Уважлівае стаўлення да людзей і слова – у сям’і Соф’і Уладзіміраўны – сямейная традыцыя. Яе дачка Ніла таксама ступіла на журналісцкі шлях.

Бацькі паэткі Уладзімір Дзмітрыевіч і Ніла Яўгенаўна Бруй — педагогі, а ў гэтай прафесіі таксама нельга без творчасці. Да таго ж Уладзімір Дзмітрыевіч — аўтар шматлікіх кніг, які дастойна ацэнены чытачамі і прафесійнымі аўтарамі. Уладзімір Дзмітрыевіч выказаўся аб творчасці дачкі і выказаў пажаданні на яе далейшую творчасць.  

Напрыканцы сустрэчы  Соф’я Уладзіміраўна падзялілася сваімі поглядамі на жыццё і на творчасць, падцвердзіўшы свае меркаванні  ўласнымі творамі, адказала на пытанні чытачоў бібліятэкі.

В. Шчарбакова,

кіраўнік раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі”

20250228_151617 (1)
20250228_153509 (1)
20250228_160802 (1)
20250228_170741 (1)