РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5 |
РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5 |
15.01.2025
Літаратурна-музычная кампазіцыя
“Калядныя перазвоны”
Наведвальнікі духоўна-асветніцкага цэнтра “Існасць”, што працуе пры Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы сталі ўдзельнікамі літаратурна-музычнай кампазіцыі “Калядныя перазвоны”. Прычынай сабрацца разам стала адно з самых галоўных хрысціянскіх святаў – Нараджэнне Ісуса Хрыста, якое адзначаецца 7 студзеня. Дванаццаць дзён пасля гэтай падзеі і ажно да Хрышчэння Гасподня называюцца святкамі – святымі днямі, асвечанымі прыходам на зямлю Выратавальніка рода чалавечага. Калісьці, у гонар нараджэння, Хрысту прынеслі падаранкі. І ўдзельнікі свята не засталiся ў баку.
Распачалі праграму наведвальнікі гуртка “Юны літаратуразнаўца” СШ № 1 г. Нясвіжа Маргарыта Юхо, Елісей Людко і Ірына Фаб’ян, якіх падрыхтавала да выступлення кіраўнік гэтага аб’яднання Вольга Жук. Аб значнасці свята Нараджэння Хрыстова расказаў благачынны Нясвіжскага благачыння, настаяцель храма Узнясення Гасподня і кіраўнік духоўна-асветніцкага цэнтра “Існасць” протаіерэй Аляксандр Данчанка. Святочныя калядкі праспявалі рэгент хору храма Узнясення Гасподня Алена Шаблоўская і званар Ігар Шаблоўскі.
Паэтычныя творы прагучалі з вуснаў сяброў раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Раісы Хвір і Дзмітрыя Лібара. Падтрымалі святочны настрой паэт-бард Анатоль Белы і сябра аб’яднання Барыс Вятлугін са сваімі аўтарскімі музычнымі творамі.
Завіталі на свята і “Затейники”, ансамбль Нясвіжскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які працуе пад кіраўніцтвам Таццяны Хоміч. У падарунак народжанаму Хрысту і ўсім прысутным яны адрасавалі свае цудоўныя мелодыі, а таксама сольную кампазіцыю ў выкананні Яўгенія Балацянага.
Дарэчы, 13 студзеня Яўгеній адзначыў свой дзень нараджэння, а дзень сустрэчы ў бібліятэцы супаў з юбілеем загадчыка аддзела абслугоўвання і інфармацыі бібліятэкі Кацярына Фідчук. Гэтых цудоўных людзей віншавалі ўсёй залай, а пасля ўсе разам спявалі ім “Многае лета”.
Гасцям святочнай імпрэзы было прапанавана паразважаць над пытаннем, чаго ў жыцці не бывае многа? Думкі былі самымі рознымі: шчасця, радасці, цудоўных уражанняў, кахання, дзяцей і ўнукаў, здароўя, грошай… А яшчэ — малітвы. Паэтычная творчасць настаяцеля храма Святой праведнай Ганны аграгарадка Аношкі і Свята-Мікалаеўскага храма аграгарадка Грыцкевічы іерэя Васілія Краева — гэта і ёсць малітва, якую святар і данёс да слухачоў праз свае вершы.
Калі працягваць размову пра тое, чаго ніколі не будзе замнога, так гэта яшчэ і аптымізму. Хор ветэранаў “Аптымісты”, якім кіруе Ірына Казіміраўна Латушка, аптымізму ніколі не губляў, як і веры ў тое, што калі чалавек спадзяецца на Госпада і Яго Прачыстую Маці, святла ў жыцці абавязкова прыбавіцца. Іх выступленне падчас святочнай імпрэзы не стала выключэннем.
Зіма — гэта не толькі завіруха снежная, але і святочная. Ансамбль “Рабінушкі” Нясвіжскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які працуе пад кіраўніцтвам Таццяны Хоміч, святочную завіруху ладзіць прафесійна. У гэтым у чарговы раз упэўніліся госці сустрэчы.
Вынік падзеі падвяла сваім вершам-малітвай сябра раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Алена Шаблоўская.
Салодкія прызы за ўдзел у канцэртнай праграме атрымалі і самыя актыўныя гледачы, а таксама фатограф Андрэй Старавойтаў.
Дзякуючы ўсім удзельнікам літаратурна-музычнай кампазіцыі “Калядныя перазвоны”, падарунак для Госпада атрымаўся цудоўны. Таму не будзем спыняцца ў здзяйсненні добрых спраў, не будзем пакідаць малітву, дапамагаць кожнаму, каму наша дапамога патрэбна. Тады Гасподзь паселіцца і ў нашым сэрцы.
Валянціна Шчарбакова,
каардынатар дзейнасці духоўна-асветніцкага цэнтра “Існасць”