РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: biblio@nesvizh-kultura.by

РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5
тэл./факс:(801770) 5 19 79

Учительская династия. Биография

Настаўніцкая дынастыя

Ніна Арцёмаўна Саўчанка нарадзілася 25 красавіка 1922 года ў вёсцы Баравая Буда Кармянскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. Сярэднюю школу закончыла ў вёсцы Гарбацэвічы Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці. У 1940 годзе паступіла ў інстытут у г.Беластоку (ён тады належаў Беларусі). Адначасова з асноўнымі заняткамі ў інстытуце, па-вечарах, наведвала вучэбныя курсы сандружынніц. У Беластоку Ніна Арцёмаўна сустрэла вайну. Разам з аднакурсніцамі вырашыла ісці на фронт у якасці сандружынніцы, але ў ваенкамаце ім параілі адыходзіць з горада. Неўзабаве Н.А. Саўчанка трапіла ў эвакуацыю (сяло Някрасаўскае Яраслаўскай вобласці), дзе прабыла да сакавіка 1943 года. У гэты час райкомам камсамола быў арганізаваны спецнабор моладзі ў войскі НКВД. Ніна Арцёмаўна стала дабравольцам і была накіравана на курсы сувязных пры галоўным упраўленні аховы тылу фронта, пасля заканчэння якіх стала супрацоўніцай гэтага ўпраўлення. У красавіку 1945 года была накіравана ў 58-ю стралковую дывізію на пасаду памочніка начальніка штаба па спецсувязі. Адтуль ў жніўні 1945 года дэмабілізавалася і вярнулася  ў Нясвіж да бацькоў.

У верасні 1946 года Ніна Арцёмаўна прыйшла на работу ў Нясвіжскае педагагічнае вучылішча, дзе да верасеня 1948 года выкладала маляванне. У 1948 годзе паступіла на другі курс філалагічнага факультэта Беларускага Дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага, па заканчэнні якога зноў вярнулася ў Нясвіж і з 1951 па 1956 гады выкладала ў педвучылішчы беларускую мову і літаратуру.

Адначасова Н.А.Саўчанка арганізавала ў гэтай навучальнай установе драматычны тэатр, у рэпертуары якога былі два спектаклі: “Паўлінка” Янкі Купалы і “Пяюць жаваранкі” Кандрата Крапівы.

У 1961 годзе ў Нясвіжы адкрылася СШ № 3. Ніна Арцёмаўна была запрошана на пасаду намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. У СШ № 3 яна выкладала беларускую мову і літаратуру, займалася метадычнай работай. У той час ёю былі распрацаваны “Табліцы па беларускай літаратуры для вучняў 5-6 класаў” , якія выйшлі ў выдавецтве  “Народная Асвета” ў 1965-1966  гадах.  Неаднаразова ўдзельнічала ў раённых, абласных, рэспубліканскіх педагагічных чытаннях па абмену вопытам.  У 1970 годзе Ніна Арцёмаўна прыняла ўдзел  ва ўсесаюзных чытаннях, якія праходзілі ў Ленінградзе. Там яна выступіла з дакладам “ Выраб і прымяненне наглядных дапаможнікаў на ўроках беларускай мовы і літаратуры”, за што была ўзнагароджана ганаровай граматай. У 1973 годзе ў  выдавецтве “Народная асвета” выйшлі “Табліцы па беларускай літаратуры ў 4-м класе”, аўтарам якіх таксама з’яўлялася Н.А.Саўчанка.    Сваімі метадычнымі знаходкамі Н.А. Саўчанка дзялілася і на старонках перыядычных выданняў – часопісаў “Народная асвета”, “Производство и школа”.                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                              

Пад час працы ў школе Н.А. Саўчанка арганізавала там дзіцячы самадзейны тэатр, у рэпертуары якога былі праграмныя творы па беларускай літаратуры і руская класіка.  Усяго пад кіраўніцтвам Ніны Арцёмаўны было пастаўлена 14 п’ес са школьнікамі, навучэнцамі педагагічнага вучылішча і настаўнікамі. Працавалі лялечны і ценевы тэатры, створаныя гэтай настаўніцай.

У жніўні 1985 года Ніна Арцёмаўна зноў пераходзіць на працу ў педагагічнае вучылішча, дзе выкладае працоўнае навучанне з методыкай выкладання гэтага прадмета.

Адначасова Н.А.Саўчанка стала стваральніцай і кіраўніком тэатра моды гістарычнага касцюма. Для тэатралізаваных пастановак разам з навучэнкамі вучылішча яна падрыхтавала каля сотні касцюмаў. Рэжысёрам Людвігасам Гедравічасам былі створаны тры фільмы аб Нясвіжы. У першым і трэцім здымаліся удзельніцы тэатра моды педвучылішча, якія дэманстравалі касцюмы, створаныя кіраўніком тэатра Н.А. Саўчанка.

Агульны педагагічны стаж гэтай настаўніцы складае 60 гадоў. На пенсію яна выйшла ва ўзросце 82 гадоў.

За шматгадовую педагагічную дзейнасць Ніна Арцёмаўна мела каля трыццаці ганаровых грамат, значок “Выдатнік народнай адукацыі”. У 1975 годзе ёй прысвоена званне “Старэйшы настаўнік”. 27 чэрвеня 1997 годзе ў праграме беларусага тэлебачання “З гісторыяй на “ты” быў паказаны тэленарыс аб настаўніцы Нясвіжскага педагагічнага каледжа Н.А.Саўчанка.

Але самая галоўная ўзнагарода для Ніны Арцёмаўны – гэта яе вучні, якія яе памятаюць і сёння. Сярод выхаванцаў гэтай знакамітай настаўніцы – прафесар Павел Аляксандравіч Атрушкевіч, які 14 гадоў быў рэктарам Казахскай архітэктурна-будаўнічай акадэміі, выбіраўся народным дэпутатам парламента, быў сенатарам і 9 гадоў – намеснікам старшыні Асамблеі народаў Казахстана. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі паэт Мікола Кутас, артыстка Віцебскага драматычнага тэатра Тамара Скудная, таксама вучні Н.А. Саўчанка.

Адна з вучаніц – Валянціна Татур – пайшла па стапах сваёй настаўніцы і прымяніла яе метады ў сваёй рабоце з дзецьмі. Вучні Ніны Арцёмаўны і сярод нашых вядомых землякоў. Гэта краязнаўца, аўтар шэрагу кніг па гісторыі Нясвіжа Клаўдзія Якаўлеўна Шышыгіна, заслужаны настаўнік Беларусі Іван Станіслававіч Ярмалінскі. Гэты спіс можна працягваць яшчэ і яшчэ. Праз яе душу і сэрца прайшлі некалькі пакаленняў несвіжан. Настаўніца вучыла іх найперш мудрасці, шчырасці і дабрыні.

В.В. Шчарбакова,

бібліятэкар аддзела

абслугоўвання і інфармацыі ДУК “Нясвіжская

цэнтральная раённая бібліятэка

імя П.Пранузы”

 

Крыніца:  

 

Гісторыя ўстаноў адукацыі ў Нясвіжы ў XVI - пач. XX ст. [Электронны рэсурс]: [выпуск I]/ А.І. Шкраба.- Электрон. дад.- Нясвіж: ДУ “Нацыянальны гісторыка-культурны  музей-запаведнік “Нясвіж”, 2012.- 1 электрон. опт. диск (CD-ROM)