РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: biblio@nesvizh-kultura.by

РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5
тэл./факс:(801770) 5 19 79

28.03.2024

канферэнцыя

“Алкагольная залежнасць як небяспечная загана нашага часу.

Шляхі да паратунку”

У Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы ім. П. Пранузы ў рамках сумеснага праекта “Узыходжанне” і Слуцкай епархіі Беларускай Праваслаўнай царквы адбылася канферэнцыя “Алкагольная залежнасць як небяспечная загана нашага часу. Шляхі да паратунку”, у якой прынялі ўдзел благачынны Нясвіжскай царкоўнай акругі, настаяцель храма Ўзнясення Гасподняга г.Нясвіжа протаіерэй Аляксандр Данчанка, удзельнік шматлікіх праектаў храма Георгія Перамоганосца ў Нясвіжы Максім Алегавіч  Бацукоў і кіраўнік праекта “Узыходжанне” бібліятэкар Валянціна Шчарбакова.

      За час свайго служэння, айцец Аляксандр сустракаў не мала людзей, якія шукалі паратунку ад алкагольнай залежнасці ў храме. Сярод іх былі не толькі хлопцы, мужчыны, але і дзяўчаты. Вельмі сумна бачыць бацькоў, якія пакутуюць ад  п’янства сваіх дзяцей.

 Айцец Аляксандр адзначыў, што сёння дзяржава вельмі клапоціцца аб маладых людзях, каб яны сталі паўнавартаснымі псіхічна і фізічна людзьмі, таму  далучаюць і царкву да гэтага выхаваўчага працэсу:

—    Мы ўжо пражылі большую частку жыцця. Для старэйшага пакалення настаў час работы над памылкамі, а ў вас час здзяйсняць памылкі. І чым меней вы іх зробіце, асабліва сур’ёзных памылак, то тым больш радасным і паўнавартасным будзе ваша жыццё. І для вас саміх, і для вашых блізкіх. Мы з вамі пакліканы да жыцця. Што такое жыццё? Гэта такі феномен, вялікая таямніца. Мы прыходзім у гэты свет дзеля цудоўных мэтаў, але на іх шляху стаяць пасткі. Чаму ў нашым жыцці не ўсё гладка і добра, мы сустракаемся з цяжкасцямі, перашкодамі, складанасцямі? Таму што ў Слове Божым сказана: “Свет у зле ляжыць”. Першыя людзі не паслухалі Бога, парушылі галоўны закон у жыцці. І сёння людзі часта пераступаюць мяжу дазволенага. Ад нястрыманасці ва ўжыванні спіртных напояў  становяцца алкаголікамі. Але чалавек створаны Богам для радасці. І нават калі ўжо адбылася бяда, то ў кожнага ёсць шанс выправіць сваю памылку на любой стадыі.

Святар лічыць: калі чалавек зразумее, што  Гасподзь Усемагутны, Ён любіць усіх і хоча каб ўсе былі шчаслівымі, тады і паратунак да яго прыйдзе.  Для гэтага Гасподзь і ўсталяваў у нашым жыцці законы, пра якія трэба не забываць.  

Максім Бацукоў у свой час у пятнаццаць гадоў, апярэджваючы равеснікаў, стаў навучэнцам прэстыжнага ўніверсітэта. З цягам часу меў добрую прафесію і працу, але 25 гадоў свайго жыцця ён прысвяціў не тым мэтам. Калі зразумеў, што трапіў у пастку алкагольнай залежнасці, спачатку паспрабаваў вырашыць праблему самастойна, спадзяючыся толькі на сябе. Але дарма. І толькі звярнуўшыся па дапамогу да Бога, атрымаў выратаванне.

Максім Алегавіч лічыць, што ніхто не дапаможа чалавеку, які далёка зайшоў у сваіх залежнасцях (і гэта не толькі алкаголь), пакуль ён не усвядоміць сваю праблему і не пакліча на дапамогу Бога.

Кіраўнік праекта Валянціна Шчарбакова расказала аб кнігах з фонду бібліятэкі, якія датычацца тэмы.

Супрацоўнікі бібліятэкі ўдзячны ўсім удзельнікам канферэнцыі, аднаму з яе арганізатараў — клірыку прыхода храма Георгія Перамоганосца ў Нясвіжы іерэю Паўлу Фокіну, а таксама слухачам — навучэнцам Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа, вучням агульнаадукацыйных школ горада і іх настаўнікам.

Ёсць спадзяванне, што пачутае адкладзецца ў свядомасці маладых людзей і стане хоць нейкім бар’ерам на шляху да бяды, зберажэ ад непапраўнага ў жыцці. 

         

Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка ім.П.Пранузы