РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: biblio@nesvizh-kultura.by

РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5
тэл./факс:(801770) 5 19 79

24.09.2023

гурман-вечар

«Літаратурнае кафэ»


     24 верасня бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібіліятэкі ім. П.Пранузы Аксана Кунаш запрасіла гасцей на гурман-вечар “Літаратурнае кафэ”. Мерапрыемства прайшло ў рамках клуба добрых зносін “Сям'Я”.

     Незвычайнасць у тым, што атрымаўся своеасаблівы гурман-вечар з цікавымі задумкамі: стравы ў літаратуры, творы, звязаныя з ежай, апетыя класікамі. Захапілі ўсіх і дасціпныя пытанні на дадзеную тэматыку, бо трэба было ўспомніць вядомыя і любімыя кнігі, урыўкі з якіх узяты для сцэнарыя. Прывяду некалькі прыкладаў. У прыватнасці, бутэрброд з птушкі хаваў у сабе каверзныя заданні: закончыць прымаўку: “Лепш сініца ў руцэ...”,  адказаць на пытанне “Якая птушка спіць у палёце?”, успомніць герояў казкі “Дзікія лебедзі”. А фаршыраваны афарызм!  Крылатыя выразы і афарызмы з вядомых твораў А.С.Пушкіна, А.С.Грыбаедава. Салата з халодных прадуктаў змяшчала пытанне “Што ў Мароза Іванавіча было пад ледзяной падушкай?”. Боршч з валюты быў прыгатаваны з такіх пытанняў як “У якіх казках ці раманах успамінаюцца розныя грошы.” І далей у тым духу.

     Трэба аддаць належнае прысутным наведвальнікам літаратурнага кафэ: усе актыўна адказвалі на розныя пытанні, па-сапраўднаму  захапіліся і сур’ёзна  разгадвалі тэматычныя рэбусы. А людзі сабраліся рознага ўзросту - ад 10 да 70 гадоў і нават вышэй.

     Экскурс у любімыя кнігі і казкі аказаўся цікавым і карысным, да таго ж, падмацаваны любімымі стравамі. Бульба ды салаты, піца і пахучая гарбата.

     А яшчэ адбыўся кранальны і значны эпізод: удзельнікі сустрэчы шчыра павіншавалі Валянціну і Уладзіміра Шчарбаковых з 29-й гадавінай шлюбу, так званага аксамітавага вяселля. Віноўніца ўрачыстасці спякла прыгожы пірог, а вядучая Аксана Кунаш уручыла пары падарунак. Дарэчы, Шчарбаковы выгадавалі пяцёра дзяцей, маюць чацвёра ўнукаў, прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх добрых задумках і  мерапрыемствах бібліятэкі. Валянціна працуе ў аддзеле абслугоўвання і нфармацыі, вядзе літаб’яднанні “Валошкі” і духоўнае “Існасць”. Рыхтуе  будучых журналістаў.

     За актыўны ўдзел і добры апетыт кожны ўдзельнік атрымаў бонус ад установы, асалоду і цудоўны настрой.

 

Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка ім. П.Пранузы