РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: biblio@nesvizh-kultura.by

РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5
тэл./факс:(801770) 5 19 79

27.10.2022

імпрэза кнігі  пісьменніка,

перакладчыка Уладзіміра Бруя

«Нябесны банк»

 

 

          У Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы прайшла прэзентацыя кнігі пісьменніка, перакладчыка Уладзіміра Бруя. Уладзімір Дзмітрыевіч шмат дзе падарожнічаў па свеце, пра што ён расказаў падчас прэзентацыі, ілюстрыруючы  аповед здымкамі са сваіх падарожжаў. Перад вачыма ўдзельнікаў імпрэзы прайшлі Францыя, Японія, Афрыка, Англія, Партугалія… Але, як адзначыў аўтар “Нябеснага банка”, вёска Карцэвічы самая прыцягальная кропка сусвету. Там нарадзіліся самыя лепшыя творы нашага земляка. У яго творчым багажы  сем аўтарскіх кніг. Колькі гадоў назад кніга “Трэцяя бярэзіна” таксама прэзентавалася ў бібліятэцы.

         Прэзентуемае выданне пабудавана на мясцовым матэрыяле. У аснове аповесці “Нябесны банк” — лёс цесця пісьменніка, бацькі яго жонкі Нілы Яўгенаўны. Праз жыццёвыя нягоды і выпрабаванні галоўны герой знаходзіць самую важную  ісціну нашага жыцця — прыходзіць да веры, да Бога.

         Свае ўражанні аб творчасці Уладзіміра Бруя выказалі краязнаўца Наталля Плакса, пісьменнікі Зоя Кулік, Валерый Дранчук, рэдактар кнігі Соф’я Любанец.

         Вельмі да месца былі хрысціянскія песні, што прагучалі ў выкананні Дзіяны і Уладзіміра  Ясянчукоў, Уладзіміра Еўтуха, Уладзіміра Сянкевіча.

        Удзельнікі  сустрэчы задалі пісьменніку шмат пытанняў і атрымалі на іх адказы, а таксама выказалі жаданне сустрэцца  зноў, бо многае засталося недасказаным. Сярод гасцей імпрэзы былі сябры раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі”, удзельнікі праекта “Молодёжь предпоЧИТАЕТ», родныя, сябры, калегі па педагагічнай дзейнасці, вернікі царквы Хрысціян Веры Евангельскай.

        Для тых, хто меў час, была магчымасць працягнуць размову аб кнізе і яе галоўным змесце за кубачкам гарбаты ў краязнаўчай зале бібліятэкі.

        Наталля Васільеўна Плакса вельмі грунтоўна прааналізавала прэзентуемае выданне. Праз некаторы час кніга з’явіцца на паліцы бібліятэкі і тады ўсе жадаючыя могуць зрабіць свае вывады аб прачытаным.

        Многія сышліся на думцы, што кніга нашага земляка — вельмі значная падзея не толькі ў літаратурным жыцці Нясвіжчыны, а і нават усёй нашай краіны.

 

Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўлюка Пранузы