РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: neswiz_bibliotek@mail.ru

Леанід КРУПЕЦ: “Я ўдзячны лёсу за тое, што жыву ў Беларусі”

 

    Імя ганаровага грамадзяніна горада Нясвіжа Леаніда Крупца на Міншчыне,  дый у Беларусі, добра  вядома. Ён узначальваў Нясвіжскі раён, працаваў першым  намеснікам старшыні  Мінскага аблвыканкама, памочнікам Прэзідэнта — галоўным інспектарам па Віцебскай вобласці, старшынёй Мінскага  аблвыканкама, намеснікам Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, а з 2011 па 2016 гг. — Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Рэспубліцы Бразілія.

     Цяпер вядзе актыўную грамадскую дзейнасць. Ахвотна сустракаецца з былымі калегамі, з      рабочай моладдзю, студэнтамі і школьнікамі. Яму ёсць пра што расказаць, даць  пэўныя парады, слушнасць якіх падмацоўваецца  прыкладамі з уласнага жыцця.Таму супрацоўнікі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, якія  прэзентавалі нядаўна новую форму работы — партрэтнае інтэрв’ю “Лёс чалавека”, — і запрасілі на першую сустрэчу  Леаніда Фёдаравіча.

     У вядучага партрэтнага інтэрв’ю “Лёс чалавека” Аляксея Абражэя пытанні былі разнапланавыя, каб  партрэт суразмоўцы выйшаў як мага больш поўным. За дзве гадзіны  насычанай, цікавай размовы так і атрымалася. Яркай палітрай фарбаў раскрыўся вобраз неардынарнай  асобы, камунікабельнага чалавека з  багатым жыццёвым  вопытам. На сустрэчу прыйшлі людзі і пажылыя, і сярэдняга ўзросту, і моладзь. Аўдыторыя, адчувалася, была вельмі зацікаўлена. Напрыканцы навучэнцы дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа, абступіўшы Леаніда Фёдаравіча, распытвалі яго,  удакладнялі нюансы, рабілі сэлфі. Значыць — зачапіла  нейкія стрункі ў душах юнакоў і дзяўчат. А нам, прадстаўнікам старэйшага пакалення, проста прыемна было зноў сустрэцца з Л.Ф. Крупцом.

 

Інтэрв’ю з Леанідам Крупцом робіць
супрацоўнік раённай бібліятэкі Аляксей Абражэй

     “Якое шчасце, што ёсць родны куточак…”

Ён вырас у шматдзетнай сялянскай сям’і. Дзяўчынку і шэсць хлапчукоў гадавалі Ядзвіга Іосіфаўна і Фёдар Міхайлавіч  Крупец з аддаленай нясвіжскай вёскі Макашы. Выхоўвалі дзяцей у  строгасці, у павазе да людзей, прывучалі  да зямлі, да працы на ёй. “Я любіў зямлю, мне падабалася у вёсцы”, — гаворыць Леанід Фёдаравіч. Таму ён і пайшоў вучыцца на агранамічнае аддзяленне Смілавіцкага сельгастэхнікума, які скончыў на “выдатна”. Таму і атрымаў прафесію вучонага агранома (адначасова — перакладчыка з іспанскай мовы) у Маскоўскім універсітэце  Дружбы народаў імя Патрыса Лумумбы. Працаваў у Беларускім НДІ аховы раслін, аграномам-тэхнолагам Гарадзейскага цукровага камбіната. А калі ў 1990-м яго, пасля работы ў райкаме партыі, прызначылі намеснікам старшыні Нясвіжскага  райвыканкама — начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, адказваў за ўвесь аграпрамысловы комплекс раёна.

     Ён з задавальненнем і цяпер наведвае бацькоўскую хату ў Макашах. Працуе на зямлі. Там шмат кветак, розных кустоў — усё гэта ён любіць, шмат купляе сам, рассаджвае, дзеліцца з іншымі аматарамі. Іх дом стаіць на беразе ракі Ушы, у засені дрэў. Там вельмі прыгожа.