РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: biblio@nesvizh-kultura.by

РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5
тэл./факс:(801770) 5 19 79

Свята, якое ніколі не скончыцца


    Сустрэча з кнігай – гэта заўсёды падзея, а паход у бібліятэку – свята. Бо менавіта там сабрана мудрасць цэлых эпох і стагоддзяў. А калі ў сценах гэтай установы здараецца сустрэцца і з аўтарамі выданняў, гэта свята мінімум падвойваецца. Менавіта такую магчымасць займелі чытачы Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы падчас правядзення форума «Акрыленыя кнігай», які прайшоў напярэдадні Сусветнага дня кнігі і аўтарскага права. Менавіта ў той дзень бібліятэку наведалі член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза расійскіх пісьменнікаў, Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў, лаўрэат І прэмііі Саюза журналістаў 2003 года за лепшы жаночы вобраз у сучаснай журналістыцы, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта РБ у намінацыі «Мастацкая літаратура» Валянціна Паліканіна, вядомыя беларускія пісьменнікі, уладальнікі шматлікіх літаратурных прэмій і ўзнагарод Яўгенія Пастэрнак і Андрэй Жвалеўскі, аўтар кніг для дзяцей, удзельніца шматлікіх арт-праектаў, стэпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі Надзея Бука, аўтар кніг для дзяцей і дарослых Павел Гушынец, а таксама прадстаўнікі выдавецтваў «Беларуская энцыклапедыя», «Беларусь», «Звязда», кніга-гандлёвай фірмы «Лібрыфан». Запрашаючы такіх неардынарных аўтараў, ініцыятар правядзення форума кнігі загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі  бібліятэкі Зоя Сілкова і   загадчыца аддзела маркетынгу Анастасія Сідорка пастараліся дагадзіць ўсім катэгорыям нашых чытачоў, бо ў бібліятэцы сабраліся вучні школ горада, найбольш актыўная моладзь і прадстаўнікі сталага ўзросту.

        На пачатку імпрэзы вядучы Аляксей Абражэй перадаў слова дырэктару бібліятэкі Людміле Іванаўне Вітко, якая адзначыла, што нягледзячы на век нана-тэхналогій, заўсёды будуць людзі, што слухаюць музыку, ходзяць у тэатры, чытаюць кнігі.

- Вельмі радуе тое, што ў нашай краіне кнізе надзяляецца асаблівая ўвага. Кожны год  выбіраецца горад у Беларусі, дзе праводзяцца Дні пісьменства, дзе ўшаноўваўваюцца паэты і пісьменнікі. У мінулым годдзе адзначылася 500-годдзе кнігадрукавання. Бібліятэкі штогадова, згодна з загадам Прэзідэнта нашай краіны, камплектуюцца кнігамі. Кніга будзе жыць, пакуль будуць жыць тыя, хто яе любіць. Таму што ні адзін камп'ютар, ні адзін планшэт не ўтрымлівае столькі духоўнага багацця, колькі ўтрымлівае ў сабе кніга, – запэўніла ўсіх прысутных Людміла Іванаўна.

       Прадстаўнікі сталага ўзросту і наведвальнікі гуртка «Юны журналіст» СШ № 4 г. Нясвіжа мелі магчымасць лепш пазнаёміцца з творчасцю Валянціны Паліканінай. Валянціна Пятроўна пачала сваё выступленне з верша «Словотворчество», які лічыць галоўным у сваім творчым багажы. Сапраўды, паэты і пісьменнікі дораць сваім чытачам слова, якое ачышчае душы і абуджае ў іх самыя лепшыя пачуцці. Вершы Валянціны Паліканінай гавораць пра тое, што «дарующее сердце не стареет», а «пожизненные истины просты», што паэзія можа «Мир напоить чистотою»  і заўсёды можна «найти время для любви». Паэтка расказвала пра свае сустрэчы з чытачамі. Адна з іх адбылася ў доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, другая – у  інтэрнаце для дзяцей, дзе яна сустрэла хлопчыка, які нагадаў паэтцы яе самую ў дзяцінстве. Яна расла ў добрай сям'і, але чамусьці была сумнай дзяўчынкай.

- Можа, ты станеш паэтам? – запытала яна ў яго.

- Магчыма, - адказаў хлопчык.

- Так, магчыма,  -  падумала паэтка, - ён працягне барацьбу за «непропащие души людские».

Для падлеткаў і старшакласнікаў цікавай стала размова  ў форме «пытанне-адказ» з удзелам пісьменнікаў-сааўтараў Андрэя Жвалеўскага і Яўгеніі Пастарнак, кнігі  якіх вельмі папулярныя не толькі сярод  дзяцей, але і іх бацькоў.

 Гэтыя аўтары пачыналі з твораў для дарослага чытача.  А пасля хтосьці з выдаўцоў папрасіў іх напісаць «Правдивую историю деда Мароза». Працягам сталі кнігі «Охота на Василиска», «Пока я на краю», «Открытый финал», «Смерть мёртвым душам» і іншыя. Аўтары шмат  часу праводзяць з падлеткамі, вывучаюць іх псіхалогію. Напрыклад, яны прышлі да высновы, што прадстаўнікі гэтага ўзросту не ўмеюць з гонарам выходзіць з канфліктных сітуацый. Пісьменнікі на старонках сваіх твораў, праз рэальныя жыццёвыя падзеі, паказваюць, што выхадаў з канфліктаў шмат, што людзі могуць жыць разам і быць абсалютна шчаслівымі,  і неабавязкова  яны павінны быць згодны адзін з другім па ўсіх пунктах. А яшчэ пісьменнікі ўпэўнены і стараюцца данесці да чытача, што з усякай сітуацыі ёсць не адзін, не два, а мноства выхадаў і што «Время всегда хорошее», а самы лепшая думка для сучаснага падлетка заключаецца яшчэ ў адным творы гэтых аўтараў пад назвай «Я хочу в школу», што для некаторых вучняў успрымаецца на ўзроўні фантастыкі.  Аўтары прынцыпова адмаўляюцца ад сустрэч « с насильно собранными детьми и с насильно собранными взрослыми».

Андрэй Жвалеўскі  і Яўгенія Пастарнак сустрэліся і з бацькамі сваіх чытачоў. Аб іх творчасці добра выказалася Ала Генрыхаўна Корбут, генеральны дырэктар кніжна-гандлёвага дома «Лібрыфан», і прадставіла выданне «Книга, как лекарство для детей», у якіх даюцца рэкамендацыі па многіх складаных жыццёвых сітуацыях.

Беларускі пісьменнік Павел Гушынец прэзентаваў у гэты дзень сваю дзіцячую кнігу «Дзяўчынка і кракадзіл”. Аўтар патлумачыў, што хоць на вокладцы пазначана толькі яго імя, кніга таксама напісана ў сааўтарстве з яго дачкой Соф’яй, якая і падказала сюжэт кнігі. Усе апавяданні П. Гушчынца маюць рэальную аснову, бо падзеі, якія апісваюцца, адбыліся менавіта з дачкой аўтара. Асабліва кнігу можна парэкамендаваць тым дзецям, якія баяцца цемені. Пасля прачытання страхі, як упэўнівае аўтар, павінны скончыцца. Павел Гушчынец сустрэўся і з чытачамі Гарадзейскай дзіцячай бібліятэкі, якую арганізавалі яе супрацоўнікі ў рамках форума.

     Пісьменніца і мастачка Надзя Бука наведвала бібліятэку неаднойчы. Зусім  нядаўна яна прэзентавала маленькім чытачам сваю кнігу “Бася і Піглас”, а  падчас свята Надзея прапанавала пяцікласнікам з СШ № 1 нашага горада майстар-клас па буцінанцы, што вельмі спадабалася ўсім удзельнікам.

Госці свята і самі паспрабавалі сябе ў ролі паэтаў, дзе бібліятэкары Алена Кандратовіч і Ганна  Наўмовіч-Карачун прапаноўвалі ім надаць новае гучанне творам прафесійных аўтараў.

    Час заўсёды хуткаплынны, а тым больш час, праведзены з карысцю. Напрыканцы форуму  кнігі ў цэнтральнай бібліятэцы ўсе жадаючыя сабраліся за круглым сталом, каб абмяняцца  думкамі аб важнасці кнігі і чытання. Аб гэтых праблемах разважалі ўсе без выключэння прафесійныя пісьменнікі. У Валянціны Паліканінай нават нарадзіліся радкі:

 

Мы упростились – жизнь не проста.

Там, где нет книги – мрак, пустота.

Чтобы нолями людям не стать,

Время спасаться, время читать.

 

Сваё меркаванне па дадзенай праблеме выказала намеснік галоўнага рэдактара газеты “Нясвіжскія навіны” Соф’я Любанец, сябра раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Алена Шаблоўская, супрацоўнікі бібліятэкі, а таксама чытачы Павел Курдун, Алёна Вінаград і многія іншыя. Дарэчы, менавіта чытачоў Андрэй Жвалеўскі назваў галоўнымі людзьмі кнігі.

- Таму, што без чытачоў работа пісьменніка становіцца бессэнсоўнай і кніга, якую не адчыняюць, нікому не патрэбна, - патлумачыў пісьменнік.

   Да яго слоў далучаюцца і ўсе мае калегі-бібліятэкары. Так што, галоўныя людзі кнігі, бібліятэкі, ўсяго нашага горада і яго ваколіц! Чакаем Вас з нецярпеннем у нашай установе , тым больш што пасля форума ў гонар Кнігі бібліятэка  папоўнілася многімі выданнямі вышэй названых аўтараў. І яшчэ, не спяшайцеся развітвацца з кнігамі ўласных бібліятэк. Вашы дзеці будуць чытаць толькі тады, калі яе Вялікасць Кніга будзе штодзённа глядзець ім у вочы з паліц кніжных шафаў і этажэрак.

 

 

Валянціна ШЧАРБАКОВА,

бібліятэкар І катэгорыі

Нясвіжскай цэнтральнай

раённай бібліятэкі

імя Паўлюка Пранузы.