РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: biblio@nesvizh-kultura.by

РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5
тэл./факс:(801770) 5 19 79

Пясняр і дудар Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч


   У гэтым годзе споўнілася 210 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка XIX стагоддзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, аднаго з пачынальнікаў беларускай літаратуры новага часу. У гісторыі беларускай нацыянальнай культуры гэтаму пісьменніку і грамадскаму дзеячу належыць выключна важнае месца. Сваёй шматграннай дзейнасцю ён вызначыў цэлую эпоху ў працэсе нацыянальнага адраджэння.

    Лічыцца, што адной з самых неадназначных  у беларускай гісторыі з’яўляецца біяграфія Вінцэнта Іванавіча. Навукоўцы дагэтуль спрачаюцца пра яго сапраўднае  імя, наяўнасць дваранства, аўтарства галоўнага твора і нават датах нараджэння і смерці. Зрэшты, у адным яны згодныя — геніянальнасць нашага суайчынніка бясспрэчная. Яго творчасць з’яўляецца значным крокам наперад у агульным працэсе развіцця і станаўлення беларускай рэалістычнай літаратуры і асабліва драматургіі канца першай-пачатку другой паловы XIX стагоддзя. Верш, паэма, вершаваная аповесць, камедыя, фарс-вадэвіль, опернае лібрэта, публіцыстыка, паэтычны пераклад — далёка не ўсім літаратурам пашанцавала, каб ля самых іх вытокаў адразу сталі такія мастацкія віды і жанры, як гэта здарылася з нашай літаратурай дзякуючы Беларускаму дудару. А да літаратурнага таленту Дуніна-Марцінкевіча дадаюцца яшчэ і іншыя яго выдатныя здольнасці: як артыста, спевака, кампазітара, рэжысёра, стваральніка і мастацкага кіраўніка першага нацыянальнага тэатральнага калектыву. Па сутнасці, аўтар лібрэта “Рэкруцкага яўрэйскага набору”, “Спаборніцтва музыкаў”, “Чарадзейнай вады”, “Сялянкі” і іншых аперэт — бацька беларускага музычна-драматычнага тэатра. І сам жа Дунін-Марцінкевіч выдатна выявіў сябе  як акцёр — у ролі яўрэя Іагана Бенатана (“Рэкруцкі яўрэйскі набор”), беларускага селяніна Навума Прыгаворкі (“Сялянка”) і інш. Да гэтага часу на сцэнах тэатраў ідуць п’есы выдатнага драматурга “Ідылія”, “Пінская шляхта”, “Залёты”.

    У Гарадзейскай дзіцячай бібліятэцы больш падрабязна пазнаёмілі з жыццём і творчасцю  Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча навучэнцаў 9-х класаў СШ № 2 г.п. Гарадзея. Падлеткам было прапанавана акунуцца ў вір падзей ХІХ стагоддзя, пазнаёміцца   з  радаводным дрэвам пісьменніка, яго асветніцкімі і грамадска-палітычнымі поглядамі. Каб дзеці ведалі, з якой увагай ставіўся паэт да беларускага фальклору і як маляўніча прайграваў у сваіх творах беларускія абрады, быў зачытаны верш паэта “Да пачлiвых беларусаў!”. Ля прыгожа аформленай кніжнай выставы “Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы” школьнікі мелі магчымасць пагартаць выданні твораў Дуніна-Марцінкевіча.

Юлія КАСЦЮК,

загадчык Гарадзейскай 

гарпасялковай дзіцячай бібліятэкі.