РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: neswiz_bibliotek@mail.ru

Гісторыка-краязнаўчы дыліжанс “Нясвіж. Кола гісторыі” прывёз несвіжан у прыфрантавы Нясвіж часоў Першай сусветнай вайны


    15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у цэнтральнай раённай бібліятэцы ўзяў старт гісторыка-краязнаўчы дыліжанс “Нясвіж. Кола гісторыі”, “пасажырамі” якога сталі не толькі самі несвіжане — аматары гісторыі, — але і нашы сябры з Польшчы, удзельнікі грамадскага аб’яднання “Несвіжане” ў Рэспубліцы Польшча Вікторыя Жукевіч-Дзівота, Марыся Слізень, Юзэфа Лучак і Лукаш Лучак.

    Мерапрыемства адбылося ў асаблівы час — у гэтым гэтым годзе, аб’яўленым Прэзідэнтам нашай краіны Годам малой Радзімы, адзначаюцца даты, важныя і для несвіжан, і для палякаў: 20-годдзе Дома польскага «Рэдута» ў Нясвіжы, 25-годдзе аб’яднання “Несвіжане” і 100-годдзе Незалежнасці Польшчы.

 

    Ад імя раённай улады прысутных прывітаў старшыня Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта Генадзь Салавей. У сваёй прамове ён адзначыў, што Нясвіж заўсёды вызначаўся цеснай сувяззю гісторыі і сучаснасці і выказаў удзячнасць польскім сябрам за ўшанаванне памяці аб сваіх гістарычных каранях, за ўклад у пашырэнне ведаў аб мінулым Нясвіжа і яго ваколіц.

    І сапраўды, гісторыка-краязнаўчы дыліжанс “Нясвіж. Калясо гісторыі” перанёс прысутных у тыя часы і падзеі, якія, напэўна, былі яшчэ невядомыя многім з іх. Так, у яскравым аповедзе супрацоўніка Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Андрэя Блінца паўстала карціна падзей, якія адбываліся ў прыфрантавым Нясвіжы ў 1915 — 1918 гадах. Ён расказаў аб першых паветраных баях у ваколіцах Нясвіжа, аб дэпартацыі жыхароў Нясвіжа — падданых Аўстрыі і Германіі — у глыб Расійскай імперыі, аб стварэнні ваеннага лазарэта ў радзівілаўскім палацы, да якога спрычынілася ўся тагачасная нясвіжкая грамадскасць, і многім іншым, што дапамагло прысутным лепш уявіць сабе жыццё несвіжан у гады Першай сусветнай вайны. Пані Вікторыя Жукевіч-Дзівота, сябра ГА «Несвіжане» ў Рэспубліцы Польшча, пры дапамозе перакладчыцы, супрацоўніцы цэнтральнай раённай бібліятэкі Зоі Сілковай, паведаміла шмат цікавага аб першым кіраўніку адноўленай польскай дзяржавы Юзафе Пілсудскім і яго знаходжанні ў Нясвіжы. У гэтым аповедзе, некаторую інфармацыю з якога асабіста пані Вікторыі дала сакратар Пілсудскага, паэтэса Казіміра Ілакувічуўна, маршал Пілсудскі паўстаў як рэальны чалавек з усімі ўласцівымі чалавеку асаблівасцямі і слабасцямі. Так, напэўна, мала хто ведае, што Пілсудскі стаў бацькам толькі ў 50 гадоў і з асаблівай мудрасцю сталага ўзросту трапятліва любіў сваіх дваіх дачок, а да сваёй маці ставіўся з такой надзвычайнай пашанай і ўдзячнасцю за тое, якім яна яго выхавала, што нават запавядаў пасля сваёй смерці пахаваць яго сэрца побач з маці. Гэта і было зроблена 12 мая 1936 года на вільнюскіх могілках.