РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: biblio@nesvizh-kultura.by

РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5
тэл./факс:(801770) 5 19 79

Бібліятэчныя сюрпрызы

Грамату “Лідар чытання-2016” атрымалі вучаніцы СШ №3 г. Нясвіжа Паліна Пратасава і Валерыя Цяляпіна

У мінулы чацвер па ўсёй нашай краіне адзначаўся дзень бібліятэк, да якога, па традыцыі, прымяркоўваюцца шматлікія мерапрыемствы і акцыі, накіраваныя на папулярызацыю чытання. Самы актыўны ўдзел у іх прымае і наша цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўлюка Пранузы, якая і на гэты раз падрыхтавала для сваіх наведвальнікаў цікавыя сюрпрызы.

Самым значным і арыгінальным з іх была літаратурна-музычная праграма “Мужчына і жанчына. Рэпетыцыя”, што адбылася ў рамках раённай акцыі “Бібліяноч-2016”. Падчас гэтай тэатралізаванай імпрэзы наведвальнікі бібліятэкі змаглі ўвачавідкі пазнаёміцца з Тамарай Лісіцкай і Ігарам Паляковым, таленавітымі творчымі людзьмі, кожны з якіх варты асобнага аповеду.

 

Вось такая яна — Тамара Лісіцкая. Увесь час розная, але заўсёды абаяльная і непараўнальная

Імя Тамары Лісіцкай на слыху ў кожнага, хто хоць больш-менш знаёмы з беларускай медыйнай прасторай. Яшчэ ў 10 гадоў яна як салістка школьнага трыа перамагла ў тэлеконкурсе “Чырвоныя гваздзікі”, пасля чаго была запрошана весці дзіцячыя перадачы на БТ. У 14 гадоў першы раз выйшла ў прамы эфір на тэлебачанні. Тады ж пачала весці перадачы на радыё, стаўшы ў 19 гадоў першай вядучай беларускага fm-эфіра на першай беларускай радыёстанцыі «BA international».

Падчас вучобы на факультэце журналістыкі БДУ вяла папулярную тэлепраграму «Foxy Music» (8 канал). Затым была аўтарам, вядучай і рэжысёрам штотыднёвага тэлечасопіса “12, або на Ноч гледзячы” на БТ.

У 1996 — 1998 гадах працавала ў тэлекампаніі «ВИД» выпускаючым рэжысёрам праграмы «Час пік». З тэлебачаннем была звязана і дыпломная работа Тамары Лісіцкай “Імідж і асоба тэлевядучага”, якую яна абараніла пры заканчэнні БДУ ў 2000 годзе. У той жа год яна пачала працаваць на радыёстанцыі «Альфа-радыё», а праз два гады ізноў на БТ, дзе вяла прамыя эфіры «Еўрабачанне-2004», «Славянскі базар», праграмы «Дзённік жанчыны», «Дарэчы», «Вось такія пірагі», ток-шоу «Толькі жанчына ведае”.

 

Выстава-продаж кніг Тамары Лісіцкай і Ігара Палякова

У яе “паслужным” спісе таксама работа вядучай і праграмным дырэктарам інтэрнэт-радыё-станцыі “NETradio” з 2007 года і вядучай прамога эфіру і аўтарскіх праектаў на радыёстанцыі “Радиус fm” з 2011-га.

Адданасць гераіні гэтага аповеду тэле- і радыёэфіру, яе талент і харызма не засталіся незаўважанымі: у 2006 годзе яна стала лаўрэатам прэміі “50 самых прыгожых і паспяховых”, у наступным — прэміі “PR-персона 2007”, у 2009 — прафесійнай радыё-прэміі імя Папова, у 2011 — прэміі “PR-персона 2011”.

У студзені 2012 года на 11-й цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў прафесійнага конкурсу «Брэнд года-2011», якая праходзіла ў Нацыянальнай бібліятэцы, Тамара Лісіцкая была ўдастоена залатога медаля, а ў сакавіку 2013-га па выніках галасавання ў рамках сумеснага праекта “Сакрэт поспеху”, што праводзіцца фондам ААН у вобласці народанасялення і парталам Lady.tut.by, стала чацвёртай сярод ТОП-10 самых паспяховых жанчын Беларусі. 

Некалькі апошніх гадоў яна займаецца дабрачыннымі акцыямі для хворых дзяцей і дзяцей-сірот.

З цягам часу багаты ўнутраны свет журналісткі, звычка назіраць, аналізаваць і знаходзіць прычыны падзей і ўчынкаў лю-дзей адлюстраваліся ў літаратурнай творчасці. З-пад яе пяра выйшлі кнігі прозы “Ідыёткі”, “Ціхі цэнтр”, “Пацалунак бусла”, зборнік лірыкі “Багіня, або Плач хатняй гаспадыні”, асобныя вершы ўвайшлі ў зборнік паэзіі сучасных беларускіх аўтараў “Кавалер і дамы”. Тамара Лісіцкая таксама з’яўляецца аўтарам сцэнарыяў да тэлефільма “Усё змяшалася ў доме”, тэлесерыялаў “Барвіха”, “Ціхі цэнтр”, “Гадзіны кахання”, “Мужчына ўва мне”, “Я адмяняю смерць”, “Ангел або дэман”, “Жыццё толькі пачынаецца”. Як актрыса яна здымалася ў фільме “Нядзеля ў жаночай лазні” і тэлесерыяле “Ціхі цэнтр”.  

На сустрэчы з чытачамі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамара Лісіцкая прадставіла лірычны зборнік “Багіня, або Плач хатняй гаспадыні” і кнігу “Пацалунак бусла”, прысвечаную тэме мацярынства, аб якой ведае не па чутках, маючы траіх дзяцей ад 17 да 8 гадоў.  

 

Выступае Ігар Палякоў

Вельмі цікавым было і знаёмства з Ігарам Паляковым — пісьменнікам, рэжысёрам, відэамейкерам.      Ён нарадзіўся і вырас у Гомелі, там жа скончыў школу і ў самым канцы 80-х паступіў на матэматычны факультэт Гомельскага ўніверсітэта.

З сярэдзіны 2000-х працаваў у сферы відэавытворчасці, а восенню 2009-га  дэбютаваў у якасці рэжысёра, зняўшы невялікі кароткаметражны фільм “Танга Кастрычнік…”, які перамог у тым жа годзе ў адной з намінацый беларускага альтэрнатыўнага кінафоруму “КінаВарка-2009”.

У 2012 г. выпусціў першы поўнаметражны фільм “Сакрэт майго Повара”. З невялікай задумкі карціна за паўтара года ператварылася ў вялікі і па-свойму ўнікальны праект, які быў зняты на мінімум сродкаў, але пры дапамозе вельмі таленавітых і надзвычай добрых людзей з сямі краін свету. 30 лістапада 2012 года, якраз напярэдадні фіналу першага сезона літаратурнага конкурсу «Першая глава», адбыліся прэм’ера і прэзентацыя фільма ў кінатэатры «Піянер».

Ігар Палякоў перамог у гэтым конкурсе з аповесцю “Прасторы”, якую пачаў пісаць яшчэ ў 2001 г. Кніга неаднойчы перапісвалася і дапрацоўвалася.

— Розныя перыяды жыцця, вопыт, перажыванні дапамаглі пакінуць у ёй тое, што ў выніку і атрымалася, — так гаворыць пра кнігу сам аўтар. —  Вельмі хацелася не проста напісаць гісторыю, а стварыць на паперы жыццё са сваімі жывымі дэталямі, людзьмі, якія адчувалі б радасць і боль, размаўлялі, думалі, шукалі. Адным словам — жылі.

Менавіта гэта кніга і была прэзентавана нясвіжскім чытачам самім аўтарам, чалавекам, які перамог у барацьбе з цяжкай хваробай і на ўласным вопыце зведаў, якую высокую цану мае жыццё і магчымасць бачыць, чуць, гаварыць і рухацца — самому, на сваіх нагах. І хаця пры хадзьбе Ігар абапіраўся на мыліцу, наўрад ці ў каго з”явілася жаданне  пашкадаваць яго — настолькі моцная ўпэўненасць і спакой зыходзілі ад яго асобы, што, думаецца, для многіх ён стаў натхняльным прыкладам перамогі над уласнай слабасцю і страхам, веры над нявер’ем.

 

Падарунак ад аўтара атрымаў самы юны, але вельмі ўважлівы ўдзельнік сустрэчы Ігнат Запольскі

Калі дадаць сюды яшчэ вельмі артыстычнае чытанне ўрыўкаў з уласнай кнігі і вершаў калегі па выступленні Тамары Лісіцкай, то стане зразумелым, што ўсе прысутныя атрымалі незабыўныя ўражанні і напрыканцы літаратурна-музычнай імпрэзы задалі гасцям шмат пытанняў, звязаных як з іх творчасцю, так і з асабістым жыццём. У правядзенні мерапрыемства вялікую дапамогу аўтарам аказаў начальнік аддзела маркетынгу групы кампаній “Рэгістр” Вячаслаў Ляскоўскі. Дарэчы, тыя, хто не прысутнічаў на сустрэчы і не набыў кнігі Тамары Лісіцкай і Ігара Палякова з аўтографамі аўтараў, могуць узяць іх пачытаць у раённай бібліятэцы, дзе заўсёды рады наведвальнікам.

 

Сярод лепшых чытачоў бібліятэкі, якія былі названы напачатку “Бібліяночы-2016” — несвіжанка Таццяна Васільеўна Маскалік

Знаёмствам з гэтымі цікавымі людзьмі праграма “Ночы ў стылі LIBRARY” у цэнтральнай раённай бібліятэцы не абмежавалася. Усіх жадаючых тут чакала шмат іншых незвычайных спраў. Так, падчас латарэі-сюрпрыза “Кніжны дождж” новы чытач выцягваў нумарок, па якім атрымліваў пэўную кніжку і невялікі падарунак. За вечар, дарэчы, у бібліятэку запісаліся 47 чалавек. У бібліякафэ “Смачная кніга” прапаноўвалася кава і салодкія пачастункі за спецыяльную валюту — “біблікі”, для атрымання якіх трэба было прыняць удзел у рабоце гульнявых пляцовак.   

 

Латарэю-сюрпрыз “Кніжны дождж” вядзе загадчык аддзела камплектавання і апрацоўкі літаратуры Кацярына Дубовік (на ніжнім здымку). На верхнім здымку: за ўдзел у латарэі — вясёлы смайлік

 

 

У бібліякафэ “Смачная кніга” з задавальненнем заходзілі ўладальнікі “бібліятэчнай валюты” — “біблікаў”

Сумесна з работнікамі гарадскога маладзёжнага цэнтра было падрыхтавана ток-шоу “Інтэлект +”, у якім удзельнічалі каманды Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа, Нясвіжскай гімназіі і СШ №1 г. Нясвіжа.

На другім паверсе бібліятэкі можна было таксама патрапіць на “востраў творчасці”, дзе ўсіх жадаючых чакала выстава творчасці майстра па фаамірану, палімернай гліне і фларыстычным матэрыяле Наталлі Рыбалка з правядзеннем майстар-класа па фааміране, фотасэлфі “Устаў твар”, казачны аквагрым, займальныя галаваломкі, пляцоўка “Playstation” і іншыя цікавыя заняткі, якія можна ўбачыць у нашым фотарэпартажы.

 

Майстар-клас работы з фааміранам дае Наталля Рыбалка


 

Юныя наведвальнікі бібліятэкі за рашэннем займальных галаваломак

 

“Партрэт у падарунак” можна было атрымаць ад навучэнак Нясвіжскага каледжа імя Якуба Коласа Надзеі Дземідовіч (на фота) і Ванэсы Карпавай

 

Казачны аквагрым з натхненнем стварала ўсім жадаючым навучэнка Нясвіжскага каледжа імя Якуба Коласа Вераніка Міхнавец

 

Касметалагічны майстар-клас ад кампаніі “Мэры Кэй”

 

Падчас правядзення ток-шоу “Інтэлект +”

 

Падчас спаборніцтваў па лазертагу

Соф’я ЛЮБАНЕЦ

Фота Іны ВАСІЛЕВІЧ