РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: biblio@nesvizh-kultura.by

РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5
тэл./факс:(801770) 5 19 79

Памяць — гэта наша гісторыя

 

     15 лютага ў Нясвіжы прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

     У аўторак на Алеі мужнасці і адвагі адбыўся мітынг, прысвечаны 33-й гадавіне вываду савецкіх войскаў з Афганістана. З прывітальным словам перад усімі, хто прыйшоў у гэты дзень аддаць доўг памяці мужнасці савецкіх салдат, выступіў намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Балцянкоў.
— Трыццаць тры гады таму Савецкі Саюз вывеў свае войскі з Афганістана, — сказаў Аляксандр Мікалаевіч. — Гэтая вайна пакінула рубцы ў памяці ўсяго беларускага народа. Сёння мы з вамі сабраліся ў памятным месцы — на Алеі мужнасці і адвагі. Яна была закладзена ў знак глыбокай павагі да салдатаў — ураджэнцаў і жыхароў Нясвіжчыны, якія не вярнуліся на сваю радзіму, сумленна выконваючы свой вайсковы абавязак. Разам з вамі схіляю галаву перад іх самаадданым выкананнем ваеннай прысягі.
Аляксандр Балцянкоў выказаў падзяку воінам-інтэрнацыяналістам за сілу, самаадданасць і мужнасць. Кожны з іх з годнасцю прайшоў гэта выпрабаванне і справядліва заслужыў бязмежную павагу.

     Для маладога пакалення іх подзвіг з’яўляецца годным прыкладам нязломнай волі, высокай маральнасці, бязмежнай адданасці і любові да сваёй Радзімы.
Ад Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта і ад сябе асабіста Аляксандр Мікалаевіч адрасаваў воінам-афганцам шчырыя пажаданні моцнага здароўя і дабрабыту.
Звярнуўся да прысутных і ўдзельнік баявых дзеянняў у Афганістане, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Яўген Бабкоў, адзначыўшы, што роля памяці ў захаванні нацыі як адзінага цэлага неверагодна вялікая.
Падзякаваў былым вайскоўцам за праяўленыя ў гады афганскай вайны мужнасць і сілу духу настаяцель прыхода Беларускіх святых у г. Нясвіжы, духоўнік Нясвіжскага праваслаўнага брацтва, протаіерэй Алег Абрамовіч.
Хвілінай маўчання ўсе ўдзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць салдат, якія ваявалі ў Афганістане і не дажылі да гэтых дзён. Пасля ў гонар вечнай памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў прайшло ўскладанне кветак да падножжа памятнага знака.
     Урачыстае мерапрыемства працягнулася ў раённым цэнтры культуры, дзе адбыўся канцэрт, прымеркаваны да гэтай даты.

 

Неаніла ЛЮБАНЕЦ