РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: biblio@nesvizh-kultura.by

РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5
тэл./факс:(801770) 5 19 79

Шчарбакова В., Коласаўскімі сцежкамі

     

     Адной з самых запамінальных падзей мінулага года стала падарожжа ўдзельнікаў сумеснага праекта “Парады з вуснаў несвіжан” Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, раённай газеты і радыё, СШ № 4 г. Нясвіжа, іншых чытачоў бібліятэкі на радзіму класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа.

     Да падарожнікаў далучыліся і чытачы Заазерскай сельскай бібліятэкі разам з бібліятэкарам гэтай установы Наталляй Дылеўскай.
Падарожжа пачалося з Альбуці. Менавіта там знаходзіцца адзін з пяці філіялаў Мінскага дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Альбуць, Акіньчыцы, Мікалаеўшчына, Ласток — гэта месцы дзеяння паэмы “Новая зямля”. На прыкла-дзе побыту сваіх родных народны паэт Беларусі Якуб Колас паказаў жыццё беларускага народа канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Дарэчы, гэты твор — брэнд беларускага народа, перакладзены на сто моў свету.
     У Альбуці несвіжане пабачылі скульптурную кампазіцыю “Рані-ца ў нядзельку”, дзе маці Коласа Ганна Юр’еўна трымае дзетак. Яна гадавала трынаццаць дзяцей, праўда, чацвёра з іх памерлі ў маленькім узросце. Астатнія жылі доўгі век.
Побач размяшчаецца групавая кампазіцыя “Талент беларускага народа”, на якой прадстаўлены разьбяр па дрэве, ткачыха і дудар.

     Кожная мясціна, звязаная з жыццём Якуба Коласа, абазначана вялікім каменем з радкамі-ілюстрацыямі з паэмы. У паэме “Новая зямля” Альбуць — гэта Парэчча. Таму што “па рэчцы, па крыніцы”. Менавіта праз гэту рачулку і прыйшлося перайсці, каб трапіць у сядзібу-музей.
Наступным месцам наведвання сталі Акіньчыцы, дзе праходзілі Каласавіны з нагоды Дня нараджэння Якуба Коласа з удзелам сваякоў народнага песняра.
     У Мікалаеўшчыне знаходзяцца два музеі. Экскурсавод паказаў падарожнікам прылады працы таго часу, шмат цікавага расказаў пра час жыцця сям’і і самога паэта ў Мікалаеўшчыне. А таксама паведаміў, што асабіста ён за перыяд сваёй працы прыняў у музеі наведвальнікаў з сарака трох краін свету. З Мікалаеўшчыны былі родам бацькі Коласа — Міхаіл Казіміравіч і Ганна Юр’еўна. І хаця Якуб Колас не нарадзіўся ў Мікалаеўшчыне, паэт называў яе “маё роднае сяло”.
Адзін з філіялаў музея знаходзіцца ў Ластку. Менавіта там захавалася тагачасная пабудова. У іншых месцах — гэта адноўленыя экспазіцыі. Пабываць у Ластку не пашчасціла, бо зараз там ідзе рэстаўрацыя.
     Падарожжа па мясцінах дзеяння паэмы “Новая зямля” атрымалася вельмі цікавым і пазнавальным. Будзем спадзявацца, што і ў гэтым годзе мы пабываем на радзіме іншых класікаў беларускай літаратуры, каб хоць колькі часу пражыць іх жыццём, найлепш зразумець сказанае ў іх творах.

Валянціна ШЧАРБАКОВА.
Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ