РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: biblio@nesvizh-kultura.by

РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5
тэл./факс:(801770) 5 19 79

Што хвалюе доктара Айбаліта?

 

     Медыцынскі урач лечыць чалавека, а ветэрынарны —  чалавецтва” — гэтую мудрую ісціну, якая належыць вядомаму фізіёлагу, акадэміку, лаўрэату Нобелеўскай прэміі Івану Паўлаву, да ўдзельнікаў сумеснага праекта “Парады з вуснаў несвіжан” Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, раённай газеты “Нясвіжскія навіны” і праграмы радыёвяшчання “Раніца Нясвіжчыны” і СШ № 4 г. Нясвіжа, наведвальнікаў гуртка “Юны журналіст” гэтай навучальнай установы, данёс ветэрынарны ўрач СВК “Агракамбінат Сноў” Андрэй Катлубай падчас сустрэчы на прадпрыемстве.

     — Ужываючы ежу, мала хто задумваецца, бяспечны ці небяспечны той ці іншы прадукт. Менавіта гэтым і займаецца ветэрынарная служба — каб звычайныя людзі не задумваліся, бяспечнае іх харчаванне для жыцця ці не. Таму мы працуем над тым, каб наша прадукцыя  была якаснай і бяспечнай, — вызначыў самае важнае ў сваёй прафесіі наш суразмоўца.

     Было цікава, чаму Андрэй Аляксандравіч выбраў менавіта прафесію ўрача ветэрынарнай медыцыны, звязаў свой лёс з сельскай гаспадаркай.

     Ён нарадзіўся ў Баранавічах, хаця малой радзімай бацькоў быў Сноў. У той час, маладыя людзі, як і многія цяпер, імкнуліся ў горад. Аляксандр Аляксандравіч і Ванда Іванаўна працавалі на тэкстыльным заводзе. Але неўзабаве іх бацькам спатрэбілася дапамога, і сям’я будучага ветэрынара зноў змяніла горад на вёску. Рашэнне па тым часе вельмі неардынарнае. Але ў Снове і тады ўсім, хто ўмеў і любіў працаваць, жылося добра. Заробкі былі немалыя і ўмовы для пражывання таксама радавалі. Тата па спецыяльнасці быў токарам, але вольнай вакансіі не было і Аляксандр Аляксандравіч ўсё жыццё прапрацаваў слесарам. Мама працавала на свінакомплексе свінаркай. У сям’і была і ўласная падсобная  гаспадарка. Трымалі карову, каня, свіней, гусей і курэй. Да гэтых немалых хатніх клопатаў далучаліся не толькі бацькі, але і дзеці — Андрэй і яго малодшы брат Дзяніс.

     У школе, а гэта быў 1999 год, Андрэю Катлубаю пашчасціла трапіць у профільны клас, які супраўнічаў з Віцебскай акадэміяй ветэрынарнай медыцыны. Ды і адносіны да сялянскай працы родных людзей, такой складанай, але і надзвычай неабходнай, зрабілі сваю справу, — ён стаў студэнтам Віцебскай акадэміі. Усе вытворчыя практыкі Андрэй Катлубай праходзіў на прадпрыемстве. Тут і ажаніўся з калегай Інай Мікуліч. Гаспадарка паклапацілася пра маладую сям’ю, выдзеліўшы добраўпарадкаваны катэдж.

     Прыйшоўшы на працу, малады спецыяліст меў добрую базу тэарытычных ведаў, але хутка зразумеў, што тэорыя і практыка — гэта не адно і тое ж. І таму вельмі карыснай аказалася дапамога старэйшых калег.

— Калі прыходзіць малады спецыяліст на такі вялікі комплекс і ў яго няма старэйшага памочніка, вельмі складана працаваць. Многія не вытрымліваюць псіхалагічна і фізічна, звальняюцца. Таму важна, каб была перадача вопыту людзей больш старэйшага пакалення малодшаму, — упэўнены наш суразмоўца.

    Яму ў гэтым плане вельмі пашанцавала. На момант прыходу ў гаспадарку галоўным урачом быў Яўген Аляксандравіч Туцін. Зараз ён ужо на пенсіі, але яго вопыт і веды вельмі спатрэбіліся не толькі Андрэю Аляксандравічу, якому пашчасціла працаваць з гэтым чалавекам шмат гадоў, але і іншым маладым спецыялістам.

     Вельмі неабходнай была навука, атрыманая ад Анатолія Васільевіча Богдана, які і зараз працуе ў гаспадарцы. Парады Мікалая Міхайлавіча Грыцэнкі, галоўнага ветурача прадпрыемства, таксама гучаць своечасова.

     Зараз Андрэй Аляксандравіч ужо пятнаццаць год займаецца любімай справай. І ніколькі не жадае змяніць сваё, на першы погляд, размеранае, але надзейна ўсталяванае сельскае жыццё, на сталічны тлум і бесперапынны бег.

— Сапраўды размераным і спакойным сельскае жыцця толькі здаецца, таму што работа тут не менш інтэнсіўная, чым у горадзе. Вельмі вялікая адказнасць і напружанасць. Тым не менш, мне не хочацца мяняць гэта жыццё на гарадское. Тут ёсць многа сваіх плюсаў. У Снове дастаткова развітая іфраструктура, вельмі добрыя ўмовы для дзяцей: ёсць дзіцячы сад, агульнаадукацыйная і музычная школы, бібліятэка, басейн, забаўляльны цэнтр, — усё, што неабходна для выхавання. І за дзяцей не прыходзіцца хвалявацца, бо тут усё побач. Паміж вёскамі гаспадаркі добрыя аўтобусныя зносіны — у нас ходзіць восем аўтобусаў. Тут вельмі камфортна жыць! — дзеліцца сваімі думкамі ветэрынар.

     Андрэй Аляксандравіч паказаў гасцяў малочнатаварную ферму “Новы Сноў”. Сёння, калі на цэлую вёску можна пабачыць толькі адну карову, гэта паездка была падзеяй. Мы даведаліся, у якой чысціні бавяць час нашы карміцелькі, а пасля і іх дзеткі. Дарэчы, каб наведаць  комплекс, не патрэбна абуваць гумавыя боты. Тут спакойна можна хадзіць у туфлях.

     Пабывалі мы і на дойцы. Не ведаю, як юным журналістам, мне ў гэтым плане ёсць што ўспомніць і пра што рассказаць. Я калісьці, гадоў трыццаць таму, хадзіла са сваёй цётачкай Антанінай Уладзіміраўнай Рудкоўскай на ферму ў Еськавічах. Бачыла вялізныя мяхі з кормам, якія даяркі падымалі і цягнулі на плячах, флягі з малаком і штосьці накшталт вялікай ванны, куды гэта малако злівалі. Зараз гэта ўсё робіцца механічна.  Нават малако, атрыманае ад кожнай каровы, лічыць камп’ютар. У год кожная жывёла дае  больш за дзесяць тон малака. А за ўсё жыццё некаторыя — сто тысяч. Сярэднесутачны ўдой — ад трыццаці да сямідзесяці літраў.

     Для таго, каб стаць асноўнай даяркай на сучаснай ферме, патрэбна добра папрацаваць і паказаць сябе. І гэтыя намаганні аўпраўдваюцца поўнасцю, бо заробкі тут вельмі дастойныя.

     Расказаў Андрэй Аляксандравіч і пра догляд маладняка. Аказваецца, з самымі малымі ўпраўляецца толькі адна цялятніца. Рабяты спрабавалі пагладзіць цялятак і яны з ахвотай прымалі ласку. А вось да догляду дарослых быкоў дапускаюцца толькі тыя людзі, якія працавалі з імі доўгі час. Іначай не пазбегнуць траўматызму.

     Хлопцы і дзяўчаты даведаліся, што гаспадарка прапануе мэтавыя накіраванні для будучых ветэрынараў і заатэхнікаў, а маладыя спецыялісты забяспечваюцца жыллём. І практыка на гэтым прадпрыемстве для будучых работнікаў мае добрую грашовую ацэнку.

      Спадзяюся, што інфармацыя, здабытая юнымі журналістамі, стане вельмі карыснай для абітурыентаў сёлетняга і наступных гадоў.

     Падчас размовы Андрэй Аляксандравіч параіў яшчэ сваім маладым гасцям прыслухоўвацца да парад бацькоў і настаўнікаў, чытаць разумныя кнігі, дарэчы, сам ён аддае перавагу творам Быкава і Булгакава, старанна вучыцца:

     — У сённяшнім свеце вельмі складана без ведаў, нейкіх спецыяльных уменняў. Таму ў вашым узросце самае галоўнае па максімуму развівацца, каб пры паступленні вызначыцца, куды лепей пайсці, якую прафесію выбраць. Ад гэтага ў многім будзе залежаць ваша жыццё. Таму што пасля мяняць лінію жыцця вельмі складана, надарыцца многа спадарожных фактараў, якія будуць замінаць. Пагэтаму вельмі важна выбраць правільны шлях.

     Андрэй Аляксандравіч, кажучы яго словамі,  ўгадаў з прафесіяй, і таму  работа прыносіць вялікую асалоду. Калі-нікалі далучаюцца да яго захапленняў дзеці — дванаццацігадовая Сафія і трохгадовы Сава, і хто ведае, магчыма, іх дзіцячыя ўражанні стануць штуршуком пры выбары ўласнай дарогі. Жадаем і вам, паважаныя чытачы, таксама правільна выбраць свой шлях.

Валянціна ШЧАРБАКОВА, 

кіраўнік праекта “Парады  з вуснаў несвіжан”