РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: biblio@nesvizh-kultura.by

РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5
тэл./факс:(801770) 5 19 79

Пяром і сэрцам з Нясвіжам

 

У Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы прайшла гадзіна памяці паэтаў Нясвіжчыны Івана Гурбана, Міхася Сазончыка, Уладзіміра Богдана, Мікалая Бялевіча, Віталя Барадзіна.

Падчас мерапрыемства іх словамі, вершамі гаварылі родныя і сябры раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Ігар і Алена Шаблоўскія, Дзмітрый Лібар, Уладзімір Жылко, Барыс Вятлугін, Раіса Хвір, сябры і знаёмыя.Цудоўна пераклікаліся з паэтычнымі творамі нашых землякоў лірычныя песні іх маладосці ў выкананні ўдзельнікаў ансамбля песні “Элегія” пад кіраўніцтвам Тамары Прыгун і хору ветэранаў “Аптымісты”, якім кіруе Ірына Латушка.

Госці і чытачы бібліятэкі дакрануліся да жыццёвага і творчага лёсу кожнага аўтара. Хтосьці пра гэта памятаў, а хтосьці, як, напрыклад, удзельнікі сумеснага праекта “Парады з вуснаў несвіжан”, наведвальнікі гуртка “Юны журналіст” СШ № 4 г. Нясвіжа, пра некаторыя моманты пачулі ўпершыню.

Пра свайго бацьку, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Івана Яфімавіча Гурбана расказала яго дачка, Людміла Іванаўна.

Паэт Іван Гурбан пражыў доўгае жыццё. Яго сталасць прыйшлася на няпросты час, калі рушыліся храмы, а разам з імі і людскія лёсы. У шасцідзесятыя гады паэт працаваў старшынёй Юшавіцкага сельскага савета. А пасля паступіў загад аднаго з раённых кіраўнікоў залезці настраху Юшавіцкай царквы і зрэзаць крыж. Ён не выканаў распараджэнне і болей старшынёй сельсавета не працаваў. Гэта быў подзвіг.

Людміла Іванаўна ўзгадала, што да вайны яе тата скончыў сем класаў польскай школы, а сярэднюю адукацыю атрымліваў ўжо тады, калі яна сама была старшакласніцай. Іван Яфімавіч скончыў СШ №3 нашага горада.

— Вучыцца ніколі не позна, — пацвердзіла Людміла Іванаўна ўсім вядомую ісціну, — Мы з бацькам разам вучыліся. Я вочна, ён — завочна. Было яму тады пяцьдзесят тры гады. Мне ён дапамагаў пісаць сачыненні. Калі здавалі экзамены, усе мае аднакласнікі пісалі сачыненні па кніжным матэрыяле і толькі я адна — на вольную тэму.

У 72-гадовым узросце тата стаў членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Калі яму ўручалі пасведчанне, брат ездзіў разам з ім. Тату віншавалі вядомыя пісьменнікі — Іван Шамякін, Уладзімір Ліпскі і многія іншыя…

Цёплыя словы пра бацьку — Міхася Яфрэмавіча Сазончыка, паэта з Гарадзеі, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі выказала дачка Ніна Міхайлаўна Няхай, узгадала радкі яго вершаў:

— Здольных людзей вельмі многа, працалюбівых таксама, а таленавітых адзінкі. І я ведаю, як патрэбна і як цэніцца сёння паэтычнае слова, выказанае на роднай мове. Пра бацьку можна шмат расказваць, але я думаю, што пра ўсё лепей скажуць яго творы. А я ўдзячна за гэтую цудоўную сустрэчу, за памяць, бо гэта важна не толькі для нас, родных людзей, але і для іншых.

Творы паэта прагучалі і з вуснаў ўдзельнікаў ансамбля песні “Элегія” Марыі Чэркас, Наталлі Драздоўскай, Ніны Камлач.

Госці сустрэчы падтрымалі ініцыятыву назваць бібліятэку ў Гарадзеі іменем Міхася Сазончыка. Ёсць спадзяванне, што калі-небудзь так і будзе.

У 2007 годзе Уладзімір Сцяпанавіч Богдан, член раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” прапанаваў на суд чытача свой першы зборнік “Нясвіжскі край”. Эпіграфам да яго сталі такія словы: “Пішу пра людзей і для людзей…”

Успамінамі пра нашага земляка падзяліўся яго сын — Сяргей Уладзіміравіч Богдан:

— Бацька пачаў шмат пісаць, калі пайшоў на пенсію, але свой талент ён узгадаваў у школьныя гады, калі быў юнкорам раённай газеты. Марыў паступіць у Белдзяржуніверсітэт на факультэт журналістыкі, але лёс склаўся па-іншаму. Ён нарадзіўся перад самым пачаткам Вялікай Айчыннай вайны. Сям’я была мнагадзетнай. Прыходзілася шмат працаваць. Ён вывучыўся на экскаватаршчыка і працаваў па спецыяльнасці. Пасля скончыў Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум. Праз шмат гадоў, ужо будучы на пенсіі, ён нібы наганяў цяжкія часы, пісаў многа, па-доўгу працаваў над сваімі творамі. У нас у гасцях неаднаразова быў паэт Міхась Сазончык. Яны з бацькам дзяліліся сваімі думкамі, абмяркоўвалі вершы. Гэтыя сустрэчы назаўсёды засталіся ў маім сэрцы, у маёй памяці…

Так сталася, што галоўны ўрач санаторыя ў Нясвіжы Мікалай Сцяпанавіч Бялевіч быў яшчэ і паэтам. Ён аўтар некалькіх кніг вершаў.

Свае словы пра Мікалая Сцяпанавіча, яго жыццёвы шлях і творчасць выказала нявестка паэта, Таццяна Бялевіч:

— Мікалай Сцяпанавіч быў вемі пазітыўным чалавекам. Ён умеў сябраваць і дапамагаць людзям. Яго вельмі паважалі калегі за яго праўдзі-васць, прыстойнасць, жыццярадаснасць, энергічнасць, за яго добрую душу і адкрытае сэрца. Мікалай Сцяпанавіч — заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь, урач вышэйшай катэгорыі. За шматгадовую працу ён быў узнагароджаны ганаровай граматай Вярхоўнага савета, Савета міністраў БССР, многімі іншымі ўзнагародамі. А што да вершаў, то ў кожным радку — вехі яго жыццёвага шляху. У кожнага верша ёсць свая гісторыя…

Пра гісторыю некаторых твораў ўзгадала жонка Марына Іванаўна Бялевіч:

— Самы актыўны перыяд творчасці майго мужа — нясвіжскі. Ён пісаў на розныя тэмы: аб Радзіме, сваёй малой радзіме — Навагрудчыне, прысвячаў творы родным і сябрам. Вельмі любіў Нясвіж і многія свае вершы прысвяціў нашаму гораду. Ён пісаў пра моладзь, якой яна павінна быць. Пісаў дзіцячыя казкі. Шмат надаваў увагі памяці ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Ён пачаў пісаць пра іх яшчэ будучы студэнтам. У тыя часы, гэта былі пяцідзесятыя гады, у вялікіх гарадах ля ўвахода ў парк ці на базар, ці проста на вуліцы, на асфальце, мы бачылі жывых сведкаў вайны. Тых воінаў, якія аддалі сваё здароўе за перамогу над фашыстскімі захопнікамі. Яны сядзелі хто без рук, хто без ног, а хто без вачэй, у чорных акулярах. Гэта так уразіла Мікалая Сцяпанавіча, калі ён прыехаў у Мінск, што ён адразу напісаў верш “Сустрэча з жабраком”, які, як мне здаецца, і сёння кранае душу.

Гэты верш, як і некаторыя іншыя, прысвечаныя ёй асабіста, Марына Іванаўна прачытала сама. Цудоўна гучалі вершы паэта з вуснаў яго сына Сяргея Бялевіча, маёй савядучай Ганны Ярмалінскай, удзельнікаў хору “Аптымісты” Таццяны Русак і Соф’і Лях.

Светлымі радкамі ўвайшоў у літаратуру нясвіжскі паэт Віталь Барадзін. Віталь Аляксандравіч пакінуў пасля сябе цудоўную “Спадчыну” ў выглядзе аднайменнай кнігі паэзіі, якую, на жаль, сам ужо не пабачыў. У самым першым творы зборніка — просьба паэта да сваіх вершаў, і гэту просьбу, замест паэта,  агучыў яго сябар, Віталій  Раманчук. Віталій Канстанцінавіч падзяліўся сваімі ўспамінамі і прачытаў “Сумны верш” Віталя Барадзіна, сюжэт якога ён бачыў у сапраўднасці.

У чэрвені гэтага года паэту споўнілася б 80 гадоў. Ён пайшоў у іншы свет на 57-м годзе жыцця.

Вершы Віталя Барадзіна прагучалі і з вуснаў юных аматараў паэзіі — Валерыі Шчарбаковай і Дзмітрыя Бялевіча.

Сустрэча з блізкімі людзьмі заўсёды радасць. Нават, калі яна напоўнена толькі ўспамінамі. Яна адбылася напярэдадні Троіцкай бацькоўскай суботы, хаця планавалася значна пазней, была перанесена з лістапада на чэрвень па ініцыятыве Віталія Раманчука, удзельніка хору ветэранаў “Аптымісты”. І гэта таксама не вападкова. Ёсць спадзяванне, што  не толькі мы, але і Гасподзь памянуў у нябёсах душы нашых паэтаў — Івана, Міхаіла, Уладзіміра, Мікалая і Віталія.

А жыццё нясецца сваёй дарогай, нават не прыпыняецца. Людзі прыходзяць у гэты свет, каб прынесці ў яго штосьці сваё, адметнае. Нашы паэты дадалі да ўсеагульнай скарбонкі чалавечых каштоўнасцяў свае вершы, свае песні і не толькі пяром, але і сэрцам былі з Нясвіжам.

Валянціна ШЧАРБАКОВА,

кіраўнік раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі”