РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: biblio@nesvizh-kultura.by

РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5
тэл./факс:(801770) 5 19 79

У Нясвіжы стартаваў творчы праект “Вяртанне да тэатральных вытокаў”

 

24-25 ліпеня ў Нясвіжы стартаваў творчы праект “Вяртанне да тэатральных вытокаў”.

     На два вечары ўнутраны дворык музея-запаведніка “Нясвіж” ператварыўся ў тэатральную пляцоўку. Месца правядзення фестывалю было абрана не выпадкова. Дзякуючы мецэнацтву Радзівілаў Нясвіж у ХVI — XIX стагоддзях стаў вялікай культурнай меккай. У Нясвіжскім замку з 1640 года дзейнічаў першы ў Беларусі прыдворны тэатр, якім кіравала Францішка Уршуля Радзівіл.

     Дарэчы, на працягу гэтых вечароў радаваў жыхароў і гасцей горада сваімі пастаноўкамі заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь  — тэатр, які носіць імя Уршулі Радзівіл.

     24 ліпеня гледачам быў прапанаваны спектакль “Ён — мужык, а яна — паненка” па п’есе Ж.-Б. Мальера «Жорж Дандэн, ці абдураны муж», 25 ліпеня — спектакль “Чорная панна Няс-віжа” па п’есе А. Дударава.

     Не выпадковы і выбар фестывальнага рэпертуару. У часы Радзівілаў у Нясвіжы ўпершыню ў Беларусі ставілі камедыі Мальера. Да спектакля «Ён — мужык, а яна — паненка», беларускі пераклад якога зрабіў Зміцер Ермаловіч-Дашчынскі, калектыў рыхтаваўся цэлы год. У п’есе наглядна паказана некаторая смяшлівасць і недарэчнасць чыноў, званняў і няроўнасці сярод людзей.

     “Чорная панна Нясвіжа” — рамантычная гісторыя з налётам сярэднявечнай містыкі, якая  ідзе ў рэпертуары заслужанага аматарскага калектыву ўжо больш за 20 гадоў. У аснове п’есы трагічная і ўзнёслая гісторыя кахання польскага караля дынастыі Ягелонаў Жыгімонта Аўгуста і прыгажуні Барбары Радзівіл. Прыдворныя інтрыгі, рыцарская высакароднасць, прыгожыя, моцныя пачуцці і палітычныя разлікі… Тут ёсць усё.

     Дзеі, сведкамі якіх мы сталі ў гэтыя ліпеньскія вечары, паказалі, што тэатральныя традыцыі, закладзеныя ў мінулым, плённа развіваюцца і сёння.

     Калі меркаваць па водгуках несвіжан, якія наведалі гэтыя мастацкія імпрэзы, можна з упэўненасцю гаварыць, што ідэя кіраўніцтва раёна, музея-запаведніка і тэатральнага калектыву прыйшлася да спадобы жыхарам горада, і фестываль штогод будзе збіраць у палацава-паркавым комплексе прыхільнікаў творчасці заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь тэатра імя Уршулі Радзівіл.

Святлана ШАТРУН.

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.