РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: biblio@nesvizh-kultura.by

РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5
тэл./факс:(801770) 5 19 79

З лёсам не спрачаюцца (заканчэнне)

 

     Неяк Алег папрасіў у благачыннага протаіерэя Аляксандра Данчанкі благаславення на сваю першую паломніцкую паездку ў Іванаўскі манастыр. Духоўнікам гэтай абіцелі быў архімандрыт Амвросій Юрасаў. Айцец Аляксандр параіў Алегу спытаць ў старца благаславення на святарства. Для Алега гэта было дзіўным. Ён лічыў, што святары — гэта асоблівыя людзі і ён да гэтага ліку не адносіўся. Але айцец Амвросій благаславіў майго суразмоўцу на рукапалажэнне і паступленне ў духоўную семінарыю. Алег Абрамовіч расказаў гісторыю пра сваю дзіцячую хваробу і пачуў ад гэтага вядомага многім старца такое меркаванне, што ворагі рода чалавечага мелі нейкае разуменне, што з яго, нават не хрышчанага, можа выйсці святар. Магчыма, хтосьці з радні маліўся. Таму што такая духоўная барацьба была. Калі б Алегу ў дзяцінстве не вылечылі горла, то б які б святар з яго атрымаўся!

     Пасля гэтай паездкі айцец Аляксандр Данчанка павёз Алега да Уладыкі Філарэта. Малады чалавек упершыню бачыў перад сабой асобу такога кшталту. Алегу здалося, што Уладыка гаварыў бы з ім столькі, колькі б будучы святар пажадаў. Мітрапаліт благаславіў не толькі на прыход у Салтанаўшчыну, але і ў Кунаса.

       Айцец Аляксандр рыхтаваў Алега да пастырскага служэння.   Мой суразмоўца стаў алтарнікам у храме вёскі Вялікая Лысіца, дзе тады і служыў благачынны Аляксандр Данчанка. Да таго моманту Алег  калі-нікалі дапамагаў у алтары і протаіерэю Дзімітрыю Хмелю ў Свята-Георгіеўскім храме. А ў Лысіцы былі яшчэ два алтарнікі — Аляксандр Калеснік і Аляксандр Гладкі, тады яшчэ вучні школ. На стужбы прыязджала і старшакласніца Таццяна (зараз Калеснік), будучая жонка Аляксандра Калесніка. Яны, у сутнасці, былі адзінымі маладымі людзьмі на прыходзе. Абодвы Аляксандры цяпер таксама святары. Калеснік служыць у Снове, Гладкі — У Клецку.

 Узяўшы адпачынак на асноўным месцы працы, а быў ён інкасатарам у банку, Алег Абрамовіч служыў дыяканам у Свята-Духавым саборы ў Мінску. 28 чэрвеня 1997 года адбылося яго рукапалажэнне.

       Рыхтавацца да паступлення ў семінарыю часу не было і тады Аляксандр Данчанка разам з Алегам паехалі на востраў Заліт, на Пскоўшчыне, да старца Мікалая Гур’янава. Той благаславіў на паступленне менавіта ў тым годзе і параіў жыровіцкую семінарыю.

     У хуткім часе так і адбылося. Алег Аляксандравіч паступіў ў Мінскую духоўную семінарыю ў Жыровічах, якую скончыў са ступенню бакалаўра, абараніўшы дысертацыю на тэму “Аб прынцыпах правядзення летніх праваслаўных лагераў”.  Другая тэма, якую святар абараніў ужо ў Ужгарадзе, гэта магістрская дысертацыя — “Педагагічныя метады правядзення летніх лагераў”.

       Протаіерэй Алег Абрамовіч прызнаўся, што не збіраўся атрымліваць акадэмічную адукацыю, бо лічыў, што яна яму ў вёсцы зусім не патрэбна.  Але сакурснікі-семінарысты былі настойлівымі. Можна было паступіць у Мінскую духоўную акадэмію, але там не было завочнага аддзялення. І падаваць дакументы ў Смаленск было ўжо позна. А Ужгарадская  акадэмія дала згоду.

      Вось так, шляхам спроб і памылак, Алег Аляксандравіч Абрамовіч знайшоў тое, што ні ў якім разе цяпер не пагадзіўся бы страціць.

     Неяк Тамара Аляксандраўна Дэмух, цешча Алега Аляксандравіча, узгадаўшы адну са спецыяльнасцей, набытых у Нясвіжскім педвучылішчы — старшы піянерважаты, пажартавала, што ён ім так да сённяшняга дня і застаўся. Жарты жартамі, а піянерважатым ён быў і  пасля службы ў войску, у Сейлавіцкай школе, а ў Андрушоўскай прыходзілася быць усім  — пачынаючы ад загадчыка ўстановы, настаўніка і, зноў жа, піянерважатага. Гэта прафесія асвойвалася маім суразмоўцам і падчас адной з педагагічных практык, пасля трэцяга курса педвучылішча. Святар прызнаецца, што ў яго заўсёды было ўсё самае лепшае: людзі да яго ставіліся вельмі па-добраму і з вялікім даверам, і практыка таксама была самая лепшая. У нашым раёне, на думку айца Алега, самым лепшым заўсёды быў, калісьці піянерскі, а зараз аздараўленчы летні лагер “Арляня”, змешчаны ў лясным жывапісным куточку  недалёка ад Гарадзеі. Туды ён ездзіў адпачываць будучы школьнікам. І там, навучэнец педвучылішча, Алег Абрамовіч сустрэў першых сваіх выхаванцаў. Падчас практыкі яму дасталіся самыя малодшыя рабяты, першакласнікі, ці тыя, хто толькі збіраўся стаць школьнікам. Было складана, але малады важаты справіўся, і дырэктар лагера, яму адзінаму з усіх практыкантаў першай змены, прапанаваў застацца працаваць далей. Малодшая група другой змены  набралася з дзяцей больш старэйшых, але і яны былі вельмі задаволены сваім важатым. Самым стладаным для будучага педагога стала апошняя змена, бо выхоўваць давялося амаль сваіх равеснікаў, рабят на два-тры гады малодшых за важатага, і пры тым яшчэ арганізоўваць іх час з карысцю.

      Працаваць у лагеры Алегу Аляксандравічу спадабалася. Таму і не здзіўляе, што, будучы святаром,  ён арганізаваў  сумесна з настаяцелем Свята-Крыжаўздзвіжанскага храма іерэем Аляксандрам Мельнікавым  і іерэем Паўлам Ківовічам, настаяцелем храма у вёсцы Старое Сяло ў 2002  годзе  праваслаўны злёт “Святая Русь”.

      Многія здзіўляюцца, што ў гэтага пачынання няма ніякіх асноўных апекуноў. Адна справа займацца ведамасным лагерам, бо ты ведаеш, што табе дапамогуць нейкія арганізацыі, калі ў цябе за плячыма Белкалій ці Гарадзейскі цукровы завод. Праваслаўны лагер, што зараз дзейнічае на тэрыторыі Свята-Троіцкага храма, нельга назваць нават прыхадскім, бо гэта нейкае асабістае ўкладанне самога святара, яго сям’і, іншых святароў-аднадумцаў і тых людзей, якія разумеюць важнасць справы праваслаўнага выхавання дзяцей і моладзі.

Адно з першых унёскаў у гэту патрэбную справу, праўда, без яе згоды, зрабіла цешча, Тамара Аляксандраўна.  Айцец Алег “пазычыў” у яе грошы ад продажы кватэры. За іх, у асноўным, і быў пабудаваны лагерны гарадок. І, зразумела, на трэці сезон праваслаўнага злёту “Святая Русь” святар прыехаў з асабістымі рэчамі.

       Прыводзячы ў парадак участак каля храма, а гэта тэрыторыя салтанаўшчынскіх могілак, прыходзілася спілоўваць старыя дрэвы. Іх ператваралі ў дровы і прадавалі людзям, укладваючы грошы на правядзенне лагера. Адзін чалавек засумняваўся, што з могілак нічога браць нельга.  У тое лета ўсе, хто купляў дровы з тэрыторыі храма, у добрым здароўі сустрэлі восень, а затым і зімовыя халады, радуючыся цяплу печаў і камінаў. А той чалавек памёр, не счакаўшы асенняй слоты. Супадзенне ці навука, вядома толькі Богу.

     Папоўніць рахунак лагера святар спрабаваў і займаючыся вырошчваннем, а пасля продажам ранняй бульбы, а неяк надарылася магчымасць у жніўні рэалізаваць цыбулю на пяро, але гэта справа, па словах бацюшкі , вельмі няўдзячная.

Спрабавалі збіраць і здаваць металом. Таксама нейкі даход.

Пра тое, што тыдзень, праведзены ў праваслаўным лагеры ў Салтанаўшчыне можна ўспамінаць з захапленнем цэлы год, я ведаю з першых вуснаў. Мая дачка, якая на той момант ужо паспела паадпачываць  ў многіх лагерах раёна і санаторыях краіны, пабываўшы ў праваслаўным лагеры айца Алега разам з сяброўкай, дзялілася ўспамінамі з раднёй і сябрамі да наступнага сезону. Такі настрой пасля адпачынку ў лагеры апанаваў і вучня, Цімура Высоцкага. А шмат гадоў пазней мой сын,  які ў пэўны момант свайго жыцця вырашыў раздзяліць погляды  юнацкіх гадоў Алега Аляксандравіча, таксама не застаўся абыякавым, пабываўшы на некалькіх зменах.  Пасля летняй ён сказаў мне пад вялікім сакрэтам:

—                 Я ні разу не бачыў, каб столькі прыгожых дзяўчат сабраліся адначасова ў адным месцы.

Маладосць заўсёды прыгожая, але калі да прыгажосці дадаецца яшчэ і благадаць храма, сумесная малітва, начныя і ранішнія богаслужэнні, вясёлыя агеньчыкі вогнішча і стаўшыя ў гэты час непатрэбнымі  мабільнікі, што дазваляе глядзець адзін аднаму ў вочы, малады чалавек   мае магчымасць азірнуцца вакол, звярнуць увагу на таго, хто побач і не ў віртуальным свеце, а абсалютна рэальным. Да яго можна дакрануцца, адчуць душой, зразумець сэрцам, а тое, што з прычыны юнага ўзросту яшчэ здаецца недасягальным, знойдзе сваё тлумачэнне, дзякуючы  такім  настаўнікам, як протаіерэй Алег Абрамовіч і яго аднадумцы.

          Калі протаіерэй Алег Абрамовіч разам з іншымі святарамі ствараў праваслаўны лагер, ён думаў пра сваіх дзяцей, клапоцячыся пра іх акружэнне і на той час, і калі-небудзь пасля. Ён асабліва задумваўся над лёсам  маладых, магчымасцямі накіраваць іх жыццё на лепшыя шляхі, якія для яго самога былі непадзельнымі з пошукам шляхоў да храма. А я,  счакаўшы найцікавейшай пары ў жыцці бацькоў і дзяцей, — падлеткавага ўзросту сваіх пагодак — дачкі і сына, як і многія матулі і татачкі, аказалася ў сітуацыі пытанняў без адказаў. І тады ўзнікла ідэя Школы праваслаўнага выхавання пры Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы, якая праіснавала пры нашай установе два  гады, як і Нядзельная школа для дарослых, якая дзейнічала паралельна пад кіраўніцтвам протаіерэя Аляксандра Данчанкі. У лістападзе 2016 года гэтыя два пачынанні аб’ядналіся ў адно, стаўшы сямейным клубам “Згода”, якім заняўся айцец-благачынны. А ў студзені 2015 года дапамагаць бацькам у складанай працы выхавання падрастаючага пакалення, беручы пад увагу асновы праваслаўнай педагогікі, узяўся на працягу ўсяго тэрміну дзейнасці Школы праваслаўнага выхавання іерэй Алег Абрамовіч. Было цікава, карысна, і калі ўспомніць некім прамоўленую мудрасць “не выхоўвайце дзяцей, выхоўвайце сябе”, нам, бацькам, таксама гэтыя сустрэчы з айцом Алегам вельмі дапамагалі. Бывала, мы затрымліваліся на пасяджэннях Школы гадзін па чатыры, і не аднойчы, здаўшы бібліятэку пад ахову супрацоўнікаў надзейнай установы, яшчэ доўга размаўлялі на вуліцы. Пра тое, што мы ўзялі для сябе, можна многа расказваць. Некаторыя моманты сустрэч захоўваюцца ў гукавым выглядзе, дзякуючы запісам духоўна-асветніцкай перадачы “Абуджэнне” — сумеснага праекта бібліятэкі, раённага радыё і Нясвіжскага благачыння. Айцец Алег — пастаянны ўдзельнік радыёвыпускаў. Як, напрыклад, на адным з пасяджэнняў, а пасля і  ў адной з перадач святар падзяліўся асабістым вопытам выхавання ў сям’і. Вось некаторыя, зробленыя айцом Алегам, вывады:

- Перш за ўсё, выхоўваюцца дзеці прыкладам. Але мы ведаем на прыкладзе вельмі духоўных людзей, якія паўплывалі правільна на грамадства ў цэлым, часам у іх сем’ях выхоўваліся дзеці, якія былі не тое, што ўзорам, там былі вялікія пытанні з пункту гледжання маралі. Таму гарантыі ніхто не дае, але мы павінны старацца рабіць усё магчымае і каб сумленне было чыстым перад Богам, перад людзьмі і, вядома ж, перад сваімі дзецьмі. Яшчэ ў сям'і павінна быць нейкая агульная справа. Агульныя справы, агульныя святы, агульная малітва. Калі ўзнікаюць праблемы, Гасподзь заўсёды адказвае на малітвы, і ты прыходзіш да нейкага рашэння.

- Важная культура зносін, трэба быць з дзецьмі больш побач. Асабліва гадоў да шаснаццаці. Таму што калі яны ад нас адыходзяць, то пасля васемнаццаці ўжо нечаму  навучыць або "давыхаваць" практычна немагчыма. Далей будзе выхоўваць само жыццё і так, як вы да яго дзіцяпадрыхтавалі.

- Кажуць, кропля камень точыць, і мы, бацькі, не павінны маўчаць, калі нам нешта не падабаецца, выклікае нейкія сумневы, пытанні. Мы спакойна павінны распытваць дзяцей, самае галоўнае, калі мы бачым праблему, трэба разабрацца ў ёй. Не трэба замоўчваць, трымаць у сабе.

- Калі мы глядзім на сваіх дзяцей, то трэба ўспамінаць многае пра сябе. Я зразумеў, што ў сваіх дзецях я бачу свае памылкі. І калі ты бачыш усё гэта, трэба мець пакаянае пачуццё і, самае галоўнае, успомніць, як бы ты рэагаваў, як бы табе было важна, як бы сказаць правільна, як бы ты гэта ўспрыняў. Патрэбна такая праца над сабой.

- Вельмі часта ў нас у праваслаўным коле кажуць, што трэба толькі маліцца, хадзіць на службы, а дзеці будуць выхоўвацца самім Богам. Але вядома, што  “на Бога спадзявайся, а сам не хібі”. Я думаю, што перакладаць чыста на Бога выхаванне дзяцей нельга. Бог ва ўсім хоча нашага старання. Мы ж не сядзім і не чакаем, калі нам у рот пакладуць ежу. Мы ж працуем. І над выхаваннем дзяцей трэба працаваць. Гэта вельмі важна.

    Гэтыя і многія іншыя парады айца Алега, як і іншых святароў Нясвіжскага благачыння, вельмі  дапамагаюць бацькам у выбары правільнай стратэгіі ў дасягненні такой высакароднай мэты, як выхаванне сваіх дзяцей.

Гэта аб’яднанне было заснавана пры Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы ў студзені 2004 года супрацоўнікамі бібліятэкі, благачынным Нясвіжскай царкоўнай акругі протаіерэем Аляксандрам Данчанкам і настаўніцай гісторыі і сусветнай культуры Наталляй Міхайлаўнай Янскай, а ўжо з восені 2004 года да гэтай справы далучыліся і некаторыя іншыя святары Нясвіжчыны. Сярод іх  — на той час іерэй  Алег Абрамовіч.

      За гады існавання клуба святар многае сказаў сваім удзячным і не вельмі слухачам. Вучыў і вучыць па-сёння  юнакоў і дзяўчат  не быць, як усе, не ісці за натоўпам, а мець сваю думку, сваё бачанне той ці іншай праблемы і шляхоў для яе вырашэння. Разважаў, па просьбе старшакласнікаў, што значыць быць сапраўдным мужчынам. Прадстаўнікі многіх пакаленяў наведвальнікаў клуба за сямнаццаць гадоў яго існавання не прамінулі пабываць і ў Свята-Троіцкім храме ў Салтанаўшчыне, пахадзіць па тэрыторыі лагера, зазірнуць у памяшканні, для лагера прызначаных, пачаставацца не толькі гарбатай і салодкімі пачастункамі, але і мудрымі ісцінамі нашага жыцця, якіх у святара назапашана вельмі шмат. На адной з апошніх сустрэч айцец Алег разважаў аб значэнні слова ў нашым жыцці:

—                 Мы павінны разумець, на колькі слова важна ў любой дзейнасці. Ці будзе гэта слова благаславеннем або будзе для нас апаганьваннем. Нездарма ў старажытнасці лаянкі называлі брыдкаслоўем. Гэта значыць  заклікам на сябе нячыстага або бруднага. А словам мы павінны заклікаць ласку Божую ў дадзеным пытанні. І асабліва страшна, калі чалавек апаганьвае і побач з ім апаганьваецца ўсё навакол. Многія людзі пытаюцца, чаму Бог стварыў такі недасканалы свет? Тайфуны, паводкі ... Але Бог не ствараў такі свет. Бог стварыў дасканалы свет. Бог стварыў рай і ў гэтым раі жылі людзі. Бог стварыў дасканаласць, а чалавек апаганіў усё гэта. Чалавецтва дайшло да таго, што яно ўжо патаемнымі і выдатнымі словамі пазначае грахі. Мы можам бачыць, як у нас трансфармавалася слова "каханне". Зараз спытай любога маладога чалавека, ён пад гэтым словам мае на ўвазе ўсё, што заўгодна, толькі не любоў, як самае чыстае, святое пачуццё. А любоў — гэта адно з імёнаў Бога.

Протаіерэй  Алег Абрамовіч сказаў, што многія дзеці аб тым, што брыдкаслоўе – гэта грэх, даведваюцца ад чужых людзей, настаўнікаў. Таму што ад сваіх бацькоў яны чуюць толькі лаянку.

- Ніякага блаславення, толькі праклёны. Гэта вельмі страшна. У старажытнасці Бог даваў вялікую сілу людзям у слове. Цяпер гэта ўсё ў нас аднята. Таму што мы, не разумеючы, робім гэта, і разумеючы, загадзя грашым. Таму трэба вяртацца да вытокаў. Зараз навуковым шляхам даказана, што чалавек, які павышае гук, пачынае крычаць, гарлапаніць, казаць не тыя словы, якія трэба, брыдкасловіць, сам разбураецца і вакол сябе людзей разбурае. Толькі сілай Божай гэтыя людзі ратуюцца побач. Таму нельга гэтага рабіць, —  працягнуў сваю думку святар.

І мне таксама думаецца, што чалавек, які жыве сярод людзей, перш чым адкрыць вусны і вымавіць нядобрыя словы, павінен падумаць, ці не вернуцца яны да яго назад з вуснаў яго дзяцей, ўнукаў у будучыні. Ці не лепш памнажаць добрае і вечнае, выхоўваючы і навучаючы мудрым  словам? Бо калі чалавек жыве сярод дабра, добрых людзей, слоў, спраў, пачынанняў, яго душа напаўняецца дабром. Яно будзе ўзрастаць, каб пасля праліцца жывой крыніцай, змяняючы ўсё вакол.

У Свята-Троіцкім храме ў кастрычніку 2019 года  пабывалі  і ўдзельнікі сумеснага праекта Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, раённага радыё і СШ № 4 нашага горада, наведвальнікі гуртка “Юны журналіст”, каб атрымацьпарады ад святара, даведацца пра ўжо вядомыя яму ісціны. Рабяты задалі свае пытанні і вось пра што яны даведаліся.

Сэнс жыцця для кожнага чалавека свой ці ў гэтым пытанні людзей што-небудзь аб’ядноўвае?

— У пэўны момант жыцця ты заўсёды задаеш сабе пытанне: а для чаго я ўвогуле жыву? Галоўнае, выхаваць у чалавеку характар. Кожны павінен разумець, што неабходна, каб у яго быў характар, у яго ёсць абавязкі, а пасля ўжо нейкія правы і магчымасці. Для хрысціяніна, асабліва праваслаўнага, ёсць аўтарытэт святых. Серафім Сароўскі гаварыў, што хрысціянін павінен  “набыць дух святы”. Гэта значыць, што хрысціянін павінен быць жыць з Богам. Таму што ўсе мы памром і многія рэлігіі гавораць, што за нашым жыццём ёсць другое жыццё. Многія рэлігіі гавораць, што ёсць  пеекла і рай. Каб трапіць у рай, патрэбна быць чалавекам, у якога за душой капейка. Гэта не значыць, што ў кішэні нейкія грошы. Гэта калі ты пойдзеш у вечнасць, ты нічога з сабой не возьмеш. Ты нават цела не возьмеш. Пойдзе дух. Дык вось трэба, каб у духу назапасіліся добрыя справы, абагаўленне. І тады ты прыдзеш да Бога як свой, як магнітам прыцягнешся. Вось у гэтым сэнс я бачу для сябе і для іншых.

Што для вас было складаней: быць атэістам у юнацкія і маладыя гады ці святарскі шлях?

— Атэістам жыць было лёгка. Як сказаў Дастаеўскі, калі Бога няма, то ўсё дазволена. Але нейкая мараль існавала. У 90-я гады яна ўся была зруйнавана. І ўсё пачалося. Уяўляеце: у Нясвіжы некалькі чалавек загінулі ў Афганістане, ёсць чалавек, які загінуў у Чачэнскую вайну. І ў 90-я гады у нас некалькі чалавек загінула з-за таго, што яны біліся і забівалі адзін аднаго дзе-небудзь у Мінску на вуліцы.  Гэта дакладна, веруючаму чалавеку цяжка. Ён не можа ўкрасці, ён не можа зрабіць подласць,  а калі зробіць, то яго будзе мучыць сумленне.

Чым адрозніваецца духоўны настаўнік ад настаўніка свецкага?

— Я не так даўно знайшоў такія словы Яўгенія Ляонава. Ён пісаў, што духоўнасць зараз новая, новая мараль ёсць. Але нічога новага няма, усё аднолькавае. У кожнага чалавека ёсць сваё прызначэнне. Святы старац Паісій, калі да яго прыходзілі людзі розных прафесій — рабочыя, урачы, працаўнікі сельскай гаспадаркі  — і пыталіся, як ім жыць, як да Бога прыйсці, ён гаварыў, што ад таго, што чалавек стане манахам або святаром, нічога не зменіцца. Задача толькі адна — стаць святым зваршчыкам, святым ваенным, да святасці імкнуцца. Гэта не важна, настаўнік ты ці святар. Ты заўсёды вучыш кагосьці па вялікім рахунку. Няма ніякай розніцы, свецкі настаўнік ці духоўны настаўнік. Для мяне першапачаткова такія мужчынскія якасці заклаў мой дзядзька, брат маці. Ён проста тады быў хлопчыкам, які вучыўся ў сувораўскім вучылішчы, пасля — у  ваенным вучылішчы. У прынцыпе, самыя вялікія настаўнікі  — гэта ўсё ж такі мама і тата.

Каго Вы лічыце самым галоўным настаўнікам у Вашым жыцці?

— Жыццё нас вучыць. Дзесьці ты сам наступіш на граблі.

  Добра сказаў манах Іосіф Ісіхаст:

“Хрысціянін у жыцці павінен рабіць так. Ён заўсёды павінен быць на строме, і быць уважлівым, каб своечасова прыняць правільнае рашэнне”. У жыцці патрэбна адказваць за ўсё. Жыццё само вас навучыць. І прыслухоўвайцеся да гэтай навукі. У мяне было шмат настаўнікаў. Гэта і рабяты, на якіх я раўняўся, і дзядулі, бабулі, і педагогі.

Ці можна добра жыць без веры?

— Без веры ніхто не жыве. Усё роўна хтосьці ў нешта верыць. Джэймс Барні сказаў так: “Вера — гэта калі ў цябе ёсць кнігі”.

Як адносіцца да таго, што ў свеце духоўныя пачынанні перамяжоўваюцца з мерапрыемствамі амаль супрацьлеглага характару?

— Што такое Новы год? Вы пражылі год і патрэбна падвесці вынікі. І, на прыклад, хэлуін, свята язычнікаў. Калі друіды, жрацы, рабілі вялікую драўляную статую і аббівалі яе чалавечымі целамі. На верх ставілі галаву з гарбуза, запальвалі агонь і гэта ўсё гарэла. І яны стараліся забіць больш немаўлят, ахверавалі іх свайму богу.  А зараз нам прапаноўваюць святкаваць іх святы.

Вы заўсёды былі чытачом Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі і калі так, то якая кніга з яе фонду Вас закранула асабліва? Якую параду Вы з яе ўзялі?

— Я вельмі многа кніг прачытаў у бібліятэцы, а ў маёй асабістай бібліятэцы — кнігі майго прадзеда, які быў мараком на Далёкім Усходзе на гандлёвай баржы. У мяне да гэтага часу яго кнігі — “Падарожжа па Афрыцы”, “Жыццё жывёл” прафесара Брэма, гістарычны цыкл “Вялікая рэформа”. Вось узровень простых людзей.

      Я для сябе адкрыў цудоўную расійскую дарэвалюцыйную пісьменніцу Лідзію Чарскую. Яна пісала аб заваяванні Каўказа вельмі цікавыя кнігі. Павучыльныя і аўтабіяграфічныя творы гэтай аўтаркі. І вельмі добры аўтар замежны — Джэйн Осцін. Цікавая і кніга “Рэха зялёных дахаў”.

Як навучыцца жыць так, каб і самому пачувалася добра і тым, хто з намі побач?

— Што такое правільна, мы ведаем з дзяцінства. Чытайце класіку, нават казкі. Уся класіка, яна таму і класіка, бо ўсё ў жыцці вы гэта пражываеце. І заўсёды знойдзеце там адказ. Ёсць такі фільм — “Айвенга”. Там цудоўная песня акцёра, спевака Уладзіміра Высоцкага, у якой гаворыцца, што калі ты не здрадзіў нікому, нічога не прадаў, калі ты правільна жыў, то значыць, што ты правільныя кнігі ў жыцці чытаў.

    Калі ты ў патрэбным месцы патрэбныя кнігі чытаеш, усё ў цябе будзе правільна і лёгка будзе тваім блізкім.

     Рознымі шляхамі ідзе чалавек у пошуках ісціны. Настаяцель Свята-Троіцкага храма аграгарадка Салтанаўшчына,Свята-Мікалаеўскага аграгарадка Юшавічы, заснавальнік прыхода ў гонар Сабора Беларускіх святыхпротаіерэй Алег Абрамовіч дзіцячыя і юнацкія гады якога прайшлі ў краіне ваяўнічага атэізму, сваю праўду знайшоў. Калісьці заўзяты атэіст, ён старанна спасцігаў навукі, а пра спасціжэнне веры нават не марыў. Але жыццё прымусіла маліцца, навучыла верыць і спадзявацца не толькі на сябе. Сёння айцец Алег, бакалаўр багаслоўскіх навук, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”,  ведае кошт жыццю і разумее яго галоўны сэнс. І гэтае веданне ён спрабуе данесці да ўсіх, і да нас з вамі таксама.

Валянціна ШЧАРБАКОВА,

бібліятэкар І катэгорыі Нясвіжскай цэнтральнай

раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы.