РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: biblio@nesvizh-kultura.by

РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5
тэл./факс:(801770) 5 19 79

З лёсам не спрачаюцца

      У Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы адбылося партрэтнае інтэрв’ю з “Лёсам з Нясвіжчынай”  з удзелам настаяцеля Свята-Троіцкага храма аграгарадка Салтанаўшчына і Свята-Мікалаеўскага аграгарадка Юшавічы, аднаго з галоўных арганізатараў праваслаўнага лагера і злёту “Святая Русь” на тэрыторыі  Свята-Троіцкага храма, стваральніка і духоўніка брацтва ў гонар Прэабражэння Гасподня ў Нясвіжы, а цяпер і лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” протаіерэя Алега Абрамовіча. Вядучы праекта Аляксей Абражэй і ўсе прысутныя мелі магчымасць прасачыць шлях да веры,  да храма, да святарскага служэння гэтага неардынарнага чалавека.

Нязведаны шляхі Гасподні. У гэтым мы ўжо ўпэўніліся неаднойчы. Штосьці мы мяркуем, штось выбіраем, супраціўляемся і спрачаемся, але Гасподзь накіроўвае нас туды, дзе найлепш спатрэбяцца нашы розум і намаганні, дзе найбольш надорыцца магчымасцей зразумець тое, ад чаго так упарта адхрышчваемся, не прызнаём, адракаемся.

        Настаяцель Свята-Троіцкага храма аграгарадка Салтанаўшчына і Свята-Мікалаеўскага аграгарадка Юшавічы, адзін з галоўных арганізатараў праваслаўнага лагера і злёту “Святая Русь” на тэрыторыі  Свята-Троіцкага храма, стваральнік і духоўнік брацтва ў гонар Прэабражэння Гасподня ў Нясвіжы, а цяпер і лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”протаіерэй Алег Абрамовіч не заўсёды верыў у тыя ісціны, якія цяпер так настойліва стараецца данесці да маладых і сталых. Ён увогуле быў атэістам, ні ў якім разе не сумняваўся ў непарушнасці дагматаў марксізму-ленінізму і  меў упэўненасць, што ад рэлігіі, як “опіуму для народа”, трэба не толькі самому быць на адлегласці, але і засцерагаць ад яе ўздзеяння маладое пакаленне.  Толькі, давайце, пра ўсё папарадку.

          Будучы святар, Алег Аляксандравіч Абрамовіч, нарадзіўся ў Расіі. Бацька яго быў родам з Беларусі, а дакладней — з Нясвіжчыны. Аляксандр Аляксандравіч меў калісьці гонар хрысціцца ў святога Мацвея Лысіцкага ў Свята-Крыжаўздзвіжанскім храме роднай вёскі. Але на той момант ні сам Аляксандр з прычыны вельмі маладога ўзросту, ні яго бацькі, а таксама многія аднавяскоўцы, не ўсведамлялі,  што вясковы святар  — асоба адметная, чалавек вельмі адукаваны, які адстойваў веру яшчэ  да таго, як ён спадобіўся пакутаваць за Хрыста. Гэта ўжо пазней людзі, якія ў юным узросце хадзілі ў храм, пелі калісьці на клірасе, а пасля звязалі сваё жыццё з пастырскім служэннем, ступілі на святарскі шлях, пачалі збіраць звесткі і сведчанні пра загінуўшага ў сталінскім лагеры земляка.

   Матуля Аляксандра, Ніна Андрэеўна, была адзінай у сваёй сям’і, якая ў Бога сапраўды верыла. Нават нягледзячы на забароны савецкага часу, хадзіла ў храм. Не так часта, як бы ёй хацелася, але на ўсе царкоўныя святы —абавязкова.

    Мама айца Алега Людміла Якаўлеўна родам з расійскага горада Уладзівастока. Там яна і пазнаёмілася з будучым мужам, калі той праходзіў тэрміновую службу. Алег іх першынец. Калі хлопчыку споўнілася тры гады, яго напаткала сур’ёзная хвароба. Ён задыхаўся. Урачы сказалі, што патрэбна тэрміновая аперацыя. Хацелі перарэзаць трахею, вывесці трубку, а пасля ўжо як пойдзе.  Мясціны, у якіх жыла сям’я Абрамовічаў, у сталінскія часы былі месцам для ссыльных, няўгодных для савецкай улады людзей. Мама знайшла старога ўрача, з кагорты пакутнікаў, беспадстаўна пазбаўленых волі і роднай зямлі. У гэтага чалавека быў сшытак, дзе ён занатоўваў найбольш частыя хваробы ў тых мясцінах. І ўрач сказаў, што хутчэй за ўсё нічога не трэба рабіць, проста неабходна выехаць у сухі клімат. Абрамовічы пераехалі ў Омск, пасля — у беларускі Гродна. Алег пайшоў у трэці клас. Тады людзі мяняліся кватэрамі па ўсім Саюзе, і калі надарылася магчымасць змяніць двухпакаёвую кватэру ў Гродна на трохпакаёвую ў Нясвіжы, бацькі адразу згадзіліся, і, пераехаўшы ў Нясвіж, ніколі пра гэта не шкадавалі. Ды і здароўе старэйшага сына наладзілася. Ішлі дзевяностыя гады мінулага стагоддзя. Многія сваякі-равеснікі пайшлі не зусім праведным шляхам, мала хто з іх служыў у войску, бо ўмудрыліся канкрэтна сапсаваць сваё здароўе і рэпутацыю турэмным тэрмінам яшчэ да прызыўнога ўзросту. І як сёння лічыць Алег Аляксандравіч, вялікі горад быў яму тады таксама не рэкамендаваны.

— Былі ў мяне схільнасці не зусім добрыя і патрэбна было іх уціхамірваць. Хаця з дзяцінства я марыў вярнуцца на радзіму, ва Уладзівасток, — успамінае святар.

     Адной з адметных якасцей, якія адрознівалі піянера, а пасля і камсамольца Алега Абрамовіча, акрамя непрыязных адносін да ўсяго, што магло б нашкодзіць яго здароўю, я маю на ўвазе шкодныя звычкі, плюс любоў да кнігі і найвялікшая цікаўнасць, — гэта максімалізм. Спачатку дзіцячы, а пасля і юнацкі. Калі хлопец у штосьці верыў, то зрушыць яго ў іншы бок было немагчыма. Будучы навучэнцам Нясвіжскага педвучылішча, ён бачыў, як хлопцы падсмейваюцца над камсамольскім статутам, сам жа свята верыў у тое, што там напісана. У гэтым дакуменце пазначалася, што камсамолец не можа верыць у Бога. Ён павінен быць атэістам. А атэізм — гэта асноўная рэлігія ў Савецкім Саюзе. На заўвагу дзядулі Аляксандра Пятровіча Абрамовіча, што і камуністы сваіх дзяцей хрысцяць, адрэагаваў скептычна:

— Я ведаў, што мая бабуля хацела, каб мы з братам хрысціліся. Я быў супраць і бацькі разумелі, што са мной ў гэтым плане лепей не спрачацца. Я быў цвёрды марксіст. І калі быў у чым-небудзь упэўнены, то ішоў да канца. Цяпер сустракаю людзей, якія і ў храм ходзяць, і  да варажбітак звяртаюцца. У мяне гэтага не будзе ніколі, бо я або веру, або не веру. Тады верыў, што Бога няма. Гаварыў:  як я, піянер, пайду хрысціцца?!

Але Гасподзь шукаў нейкія подступы да душы гэтага юнага максімаліста. Так сталася, што на выхаванні матулі апынуўся яе малодшы адзінаццацігадовы брат Віталій Прымак. Іх мама, Яўгенія Фёдараўна,  памерла ў пяцідзесяцігадовым узросце. І для Алега гэты хлопчык стаў, можна сказаць, хутчэй старэйшым братам, чым дзядзькам. З цягам часу Віталій паступіў ва Усурыйскае сувораўскае вучылішча, а пасля Самаркандскае ваеннае вучылішча. Перад выпускам практыку праходзіў у Грозным.  Атрымаўшы дыплом, адразу трапіў ва Узбекістанскі горад Фергану, адтуль — на Афганскую вайну. Фергана стала там асноўнай базай фарміравання савецкіх войск. І звычайна, калі дэсантнікаў  накіроўвалі ў Афганістан, яны праходзілі праз Ферганскую вучэбку.

— Я быў атэістам, але калі здарылася вайна ўсяго за пару тысяч кіламетраў ад нас, зразумеў, што нічым не магу дапамагчы свайму дзядзьку. І я падумаў, што ёсць Бог. Узяў фатаграфію дзядзькі, бо я не памятаю, каб у нашым доме былі іконы. Магчыма, і не было ніякіх. Ці ў мамы недзе ляжалі, але я не ведаў. На фатаграфіі Віталій Яўгенавіч быў у ваеннай палявой форме, нечым яна нагадвала форму царскіх афіцэраў. Я папрасіў: “Бог, калі ты ёсць, памажы!”. І пералічыў нейкія добрыя якасці дзядзькі. Гаварыў пра тое, што яму трэба дапамагчы, што ён сірата, добры чалавек. А дзядзька, акрамя таго, што быў афіцэрам, не піў, не курыў, і быў даволі такі патрыятычным чалавекам, — успомніў сваю першую сустрэчу з Богам айцец Алег.

   Быў выпадак, калі Алег і Віталій  ішлі у госці да бабулі. Алег стаў пасміхацца з бабулі, што яна ў Бога верыць. Віталій на той момант, а гэта адбывалася  ў … годзе,  быў маладым яшчэ чалавекам, і нават цяпер ён не веруючы, ва ўсякім разе не вацаркоўлены. Але тады ён сказаў:

— Ведаеш што, гэта іх перакананні. А над перакананнямі не смяюцца. Смяяцца не трэба, іх трэба паважаць. Гэта быў ўзровень. Гэта значыць, што маё акружэнне выхоўвала ў ва мне культуру, — узгадваў святар.

    Гасподзь пачуў першы зварот будучага святара і адгукнуўся на просьбу. Брат матулі Віталій Яўгенавіч Прымак прыйшоў з вайны жывым, праўда, быў кантужаны.

— Але пра тое, што Гасподзь нам дапамог, мы не заўсёды памятаем і ў той жа час удзячны, — заўважыў бацюшка.

Дзядзька быў з рукамі і нагамі. А пра сваю кантузію ён не гаварыў. Толькі  аднойчы дзядзька сядзеў з левага боку ад пляменніка, глядзеў тэлевізар, усміхаўся. А з правага боку стаяла яго сястра і хацела пра нешта з ім пагаварыць, толькі правым вухам ён яе не чуў. Сястра плакала. І Алег зразумеў, што такое кантузія. Але гэта акалічнасць не стала асаблівай перашкодай у далейшай службе,  дазволіўшы атрымаць званне палкоўніка.

       Прайшоў час, і Алег забыўся і пра просьбу, і пра яе выкананне. Дзесьці ў 1987 ці 1988 годзе, ён разам з сакурснікамі прысутнічаў на прафсаюзным сходзе аддзела адукацыі. Маладыя людзі сядзелі “на галёрцы” ў канферэнц-зале райвыканкама, і, як удзельнікі сходу, таксама пра нешта там гаварылі. Святар успамінае, што яны  тады прагаласавалі, каб звольніць жанчыну, якая ў Гарадзеі была настаўніцай, і была веруючай. На той час будучы настаўнік лічыў, што такіх людзей не павінна быць блізка з дзецьмі. Ён не ведаў тады, што былі рэпрэсіі, што за веру забівалі. У такім разе Алег галасаваў бы супраць, бо схіляўся да цывілізаванага вырашэння праблемы. Ён лічыў, што дзяржаве патрэбна вызваліцца ад гэтага опіуму для народа, але займаючыся перакананнямі.

     Пасля заканчэння педвучылішча, а атрымаў ён прафесію настаўніка пачатковых класаў і спецыяльнасць “Старшы піянерважаты”, Алег Аляксандравіч па размеркаванні трапіў у Чэрвень. Спачатку яго размеркавалі як настаўніка пачатковых класаў, але ў нейкі момант вырашылі  прызначыць піянерважатым, бо да арміі заставалася не так многа часу. Калі-нікалі малады педагог замяняў урокі у класах, дзе хварэлі настаўнікі. Да сваіх абавязкаў падыходзіў творча. Неяк пасля замен настаўніца спеваў сказала, што нічога немагчыма весці пасля яго. Дзяцей больш цікавілі няспраўджанае каханне Чайкоўскага або патрыятычныя погляды рэвалюцыянераў,  якія спявалі песню, што на той час была ўключана ў праграму.

       Будучы настаўнікам, Алег бачыў сябе ўсё ж такі ваенным. Але дзядзька параіў перш прайсці тэрміновую службу. І хлопец зразумеў, што гэта не яго дарога. Хаця вельмі радаваўся, што, нягледзячы на некаторыя прабелы ў здароўі, на службу трапіў.

     Яшчэ да арміі Алег хадзіў да бабулі, каб дапамагчы з уборкай. Акрамя агульнай прасторы дома, быў там куточак, у якім увогуле прыбірацца хлопцу не хацелася. Там знаходзіліся іконы, вербачкі, траўкі. Было адчуванне, што адтуль нечым веяла. І юнак гэта разумеў.

     На просьбу бабулі надзець крыжык, калі ішоў у армію, які яна берагла для ўнука, не пагадзіўся. А калі праслужыў год, штосьці такое адбылося ў жыцці.

— Я зразумеў, што сапраўды, і ў камуністаў дзеці хрышчаныя. Не памятаю, хтосьці сказаў, здаецца, Ушакоў: “Хто ў мора не хадзіў, той Богу не маліўся”. Я быў у акружэнні добрых хлопцаў, але штосьці пачынаў ужо разумець. Мне далі водпуск на Новы год. І,  ужо напярэдадні ад’езду я пайшоў да бабулі. Чамусьці ведаў, што яна прапануе мне крыжык. І шкадую: якія мы ўсё ж такі гадкія ў гэтым узросце — у дзяцінстве і юнацтве. Я бачыў у ёй гэтую збянтэжанасць і  ва мне нешта было, я разумеў, што яна баіцца сказаць, каб я не адмовіўся. Бо пасля тады як зноў прапанаваць? Я развітаўся, сабраўся выходзіць і ў верандзе, перад тым, як зачыніць дзверы, яна гаворыць: “Крыжык не возьмеш?”. Я сказаў: “Ну,  давай хутчэй, я ўжо спяшаюся”, — нібы вярнуўся ў той час святар.

      Бабуля адразу зняла з сябе крыжык — старэнькі, алавяны. Не той, што берагла для значнай падзеі, прыгожы, алюміневы, з пазалотай.

 З таго часу айцец Алег з гэтым крыжыкам не развітваецца. Без акуляраў ён ужо на ім і распяцця не бачыць. Але з ім калісьці і з парашутам скакаў, і ў складаных сітуацый падчас службы выходзіў.

— Мы былі адпраўлены ў рэспубліку Азербайджан. Там адбыўся такі выпадак, калі нас вельмі сур’ёзна абстралялі. І калі мы зразумелі, што нам усім не выжыць, гэта падсвядома адбылося: мы ўсе пачалі маліцца, проста  не згаворваючыся. Я тады таксама другі раз у жыцці маліўся. І калі я падняўся, было як у фільме “Яны змагаліся за Радзіму”. Памятаеце, там такі эпізод: галоўны герой, Сяргей Бандарчук гэту ролю выконваў, калі пачынаюцца ўзрывы, абстрэлы, пачынае маліцца. Я думаю, Шолахаў сам гэта перажыў. Пісьменнік піша тое, што адчуў сам. У фільме баец моліцца. І калі ён устае і на камеру гаворыць: “Мне, як чалавеку беспартыйнаму, не страшна, але ўсё ж такі гады-фашысты  прымусілі Богу маліцца”. Вось такая сітуацыя была і ў мяне. І я неяк задумаўся. Успомніў выпадак з дзядзькам. І я падумаў: калі цяжка, то мы да Яго звяртаемся. І я пачаў свой пошук, — расказаў святар.

    Адбылася і адна цікавая сітуацыя, звязаная з бабуліным падарункам. Гэта было ў Баку. Неяк, падчас аднаго з армейскіх аглядаў, а рабіліся яны звычайна ў мірны час з мэтай папярэдзіць вынікі дзедаўшчыны і нейкія хваробы. Праводзіў агляд капітан, які ўзначальваў медроту. Медрота — гэта медыцынская ўстанова у самой часці. Сам капітан быў заўсёды чыста выбрытым, дагледжаным і ўяўляў сабой узор афіцэра. У вачах маладога салдата Алега Абрамовіча  ён таксама быў узорам. І вось гэты чалавек, праходзячы побач з Алегам, сказаў:

— Крыж здымі.

Мой суразмоўца быў яшчэ не хрышчаным, але загаду не падпарадкаваўся. З якой нагоды гэты афіцэр ім камандуе? Капітан паклікаў начальніка разведкі і той падцвердзіў загад. Салдат не рэагаваў. І тады гэтая кампанія падышла бліжай. Хтосьці з іх рвануў крыж, які быў прычэплены на парашутнай строне. З шыі пайшла кроў, але крыж заставаўся ў гаспадара. І тут у гэты момант у залу ўвайшоў штабны афіцэр. Ён быў у званні маёра, прайшоў Афган. Гэты чалавека здаваўся вельмі злым, яго ўсе баяліся. Распытаўшы, што здарылася, маёр усім загадаў адысціся ад упартага салдата, а сам падышоў так блізка, як падыходзяць хлопцы адзін да аднаго, калі жадаюць высветліць адносіны і прамовіў:

— Сынок, ты бачыш гэтую зграю? Яны цябе ў спакоі не пакінуць. Я разумею, што для цябе гэта дорага…

Салдат патлумачыў, што крыж бабуля падаравала.

— Гэта правільна. Але даю табе слова афіцэра, што нічога з тваім крыжам не зробіцца. Ты проста дай мне яго зараз, а пасля мы з табой сустрэнемся, пагаворым і я табе яго аддам.

     Алег паслухаў і аддаў крыж. Маёр, адыходзячы, прамовіў:

— Салдат, як вызваліцца, няхай зойдзе да мяне.

Афіцэры, убачыўшы, што адбылося, спыталі:

— Яго пакараць?

— Так, загады трэба выконваць. Пакараць.

     Для Алега прыдумалі агіднае пакаранне:

— Там былі туалеты дзяржкамспортаўскія. І як горы Каўказа, там таксама былі такія горы. І мне неабходна было гэта ўсё вычысціць за чатыры гадзіны. Я знайшоў пару маладых салдат, бо мне, як праслужыўшаму год, “кандыдату” ды яшчэ разведчыку, гэтай справай займацца было нельга. Паставіў перад хлопцамі задачу і яны ўсё акуратна вымылі.

    Калі праверыць выкананне загаду прыйшоў начальнік разведкі , там усё блішчэла.  Алег пайшоў на сустрэчу з маёрам. У кабінеце штаба афіцэры сабраліся, відаць, з нейкай  важнай падзеі. Там было накурана. На стале — выпіўка і закуска. А ў той час сталі моднымі відэамагнітафоны, і салдатам прывозілі фільмы, беручы за гэта нейкія грошы. Вось і ў гэты момант аб’явілі, што прывезлі фільм. Афіцэры павыбягалі з кабінета. За сталом застаўся толькі маёр. Маладому салдату здавалася, што ён вельмі стары чалавек, хаця яму не было і пяцідзесяці.

  Афіцэр падняўся і разам з Алегам яны выйшлі на калідор.  Завязалася размова.

— Ты веруючы? — спытаў маёр.

 — Не, не веруючы, — адказаў салдат.

— Веруючы, раз крыж адмовіўся зняць, — запэўніў старэйшы па званні.

Алег расказаў і пра тое, што іх абстралялі, і пра дзядзьку дэсантніка.

 — А я вось веруючы, - прызнаўся маёр.

Вы ўявіце, сказаць адкрыта салдату ў тым грамадстве, што ён веруючы, гэта найвялікшы ўзровень даверу. Чатыры гадзіны назад ён гаварыў пра пакаранне, а тут такое прызнанне. Маёр патлумачыў, што не заўсёды ён можа апынуцца побач. Салдата маглі б адправіць на мусульманскую гаўптвахту, і што б тады было з ім і яго перакананнямі?

Развітваючыся, маёр сказаў:

— Ёсць такі грэх уводзіць людзей у грэх. Яны нічога не разумеюць. Але дай гады два, і ўсе будуць веруючымі. Усе будуць у храм хадзіць. Крыжы надзенуць. Гэты час ужо прыйшоў. Нават тыя, хто сёння з цябе здымалі крыж. І калі ты ім пра гэта нагадаеш, яны скажуць, што вераць з дзяцінства. А ты захоўвай крыж, хавай, калі трэба, у кішэню, а так насі.

      Гэта размова была для Алега адкрыццём. Са сваім выратавальнікам хлопец пасля ўбачыўся толькі аднойчы. Ён падышоў да Алега, калі яны на плацу складвалі парашуты і спытаў:

—  Як служыцца, салдат?

— Служу Савецкаму Саюзу, — толькі гэта і прамовіў Алег.

Тады моднай плынню былі усходнія адзінаборствы, якімі будучы праваслаўны святар заўсёды захапляўся. Зацікавіўся тыбецкім накірункам, ламаізмам і думаў, што стане ламаінскім манахам. У той час Алег падтрымліваў адносіны са сваёй будучай жонкай, Ілонай Дэмух, з якой калісьці вучыўся ў педвучылішчы ў адной групе.  Аднойчы ён прапанаваў ёй прачытаць кнігу “Трэцяе вока” , якая распавядала пра тыбетцаў, на што атрымаў сустрэчную прапанову — пазнаёміцца з кнігай “На беразе Божай ракі” Сергія Нілуса, вядомага праваслаўнага публіцыста дарэвалюцыйных часоў. Прачытаўшы гэта выданне, наш суразмоўца вельмі здзівіўся:

— Я ведаў, што ёсць цуды. Але мне здавалася, што гэта вельмі далёка, а тут такія рэчы адбываюцца дзесьці побач. На той час у маёй галаве быў вінегрэт з усякіх рэлігійных вучэнняў. Хрысціянствам я таксама цікавіўся падчас службы ў арміі. Са святароў ведаў толькі протаіерэя Дзімітрыя Хмеля, тады настаяцеля Свята-Георгіеўскага храма ў нашым горадзе. Па тэлевізары некалькіх з іх бачыў і мне здавалася, што я ўжо ўсё разумею, хто такія святары і што такое царква. А пасля знаёмства з кнігай Нілуса зразумеў, што нічога пра гэта не ведаю, і мне захацелася працягнуць пошукі.

     Аднойчы маладыя хлопцы, у кампаніі якіх быў і Алег Абрамовіч,  апынуліся побач  са Свята-Георгіеўскім храмам. Гэта быў другі выпадак у яго жыцці. Першы раз ён там пабываў разам з наведвальнікамі атэістычнага гуртка, калі вучыўся ў вучылішчы. У той год супала дата Вялікадня. Рабяты пабывалі ў малітвенным доме пяцідзесятнікаў, зайшлі ў касцёл, дзе іх сустрэлі толькі некалькі вернікаў. А ў Свята-Георгіеўскім храме збіраўся хрэсны ход. Настаўнік іх вывеў з храма, каб яна да гэтай падзеі не далучыліся.

 І вось, праз колькі год, зноў быў Вялікдзень. Хлопцы толькі прыйшлі з войска і вырашылі сустрэцца. Хтосьці і прапанаваў пайсці ў храм. Алегу, нагадаю, заўзятаму атэісту, чамусьці захацелася купіць ікону Хрыста Выратавальніка. Гэта была рэпрадукцыя на картоне. У храме  збіраўся хрэсны ход. І Алег зразумеў, што за яго спіной  людзі з іконамі і харугвіямі. Сябры пайшлі за плот. Ён адыйшоў у бок, а пасля  узяць ікону, наблізіўся да вернікаў і, пад кпіны і ўсмешкі сяброў, рушыў разам. У той год ён неўзабаве закахаўся, хрысціўся і ажаніўся з дзяўчынай, якая своечасова прапанавала яму патрэбную кнігу.

 

Валянціна ШЧАРБАКОВА,

бібліятэкар І катэгорыі Нясвіжскай цэнтральнай

раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы.

(Працяг будзе).