РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: biblio@nesvizh-kultura.by

РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5
тэл./факс:(801770) 5 19 79

“Казкі Кніжнай Феі”: Сёння на Нясвіжчыне прайшлі сустрэчы з пісьменніцай-казачніцай

 

У Высокаліпскай інтэграванай сельскай бібліятэцы, Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы і Гарадзейскай дапаможнай школе-інтэрнаце прайшлі сустрэчы з вядомай беларускай пісьменніцай Кацярынай Хадасевіч-Лісавой. У творчай скарбонцы аўтара васямнаццаць кніг для дзяцей і падлеткаў. Не ўпершыню казачніца завітала да сваіх маленькіх чытачоў на Нясвіжчыну, і тыя, хто прыходзяць на літаратурныя імпрэзы Кацярыны, ведаюць, што кожны раз іх чакаюць сапраўдныя дзівосы, новыя адкрыцці і цікавыя сюрпрызы. 

Гэтым разам пісьменніца прэзентавала адразу тры свае новыя кнігі: “Палёт на Вухуцію”, “Жахліўчык пра трох сяброў і прывід з хутара” і “Загадка прынцэсы Агнэсы”.

Піша Кацярына Хадасевіч-Лісавая на беларускай мове, свае кнігі стварае ў незвычайных фарматах: кніга-квэст, кніга-перакрутка, кніга-гаджэт, кніга-тэлепорт… У свае выданні аўтар дадае інтэрактыўныя гульні, якія маюць зваротную сувязь пісьменніцы з чытачамі. Выканаўшы ўмовы, можна атрымаць падарунак – асабістую электронную паштоўку! Усё, што трэба для ўдзелу ў гульні – кніга казак Кацярыны, смартфон і старонка ў інстаграм. А па QR-кодах, змешчаных у кнігах, можна паглядзець цудоўныя буктрэйлеры да казак, спампаваць камплекты стыкераў для мэсанджараў і… тэлепартавацца! Паспрабуйце!

Выкарыстанне пры чытанні сучасных тэхналогій падабаецца дзецям, кнігі з дапоўненай рэальнасцю прывабліваюць хлопчыкаў і дзяўчынак. А калі пісьменніца сама прыходзіць на прэзентацыю, адбываюцца неверагодныя цуды… Мы пераканаліся ў гэтым! Казачніца, быццам сапраўдная чараўніца, з’яўлялася перад дзецьмі ў незвычайных вобразах — яна была Кніжнай Феяй, Шахматнай каралевай, вандроўніцай з далёкай планеты. Адзін з маленькіх удзельнікаў імпрэзы шчыра запытаўся, ці не з Марса прыляцела да іх госця? Атрымаўшы адказ казачніцы, што… з Венеры, павярнуўся да сяброў і ўдакладніў, што на конт Марса яны памыляліся.

Знаёмства з кнігамі падчас прэзентацыі таксама праходзіла інтэрактыўна. Разам з аўтарам да дзяцей завіталі і героі казак. Так іншапланетнік Вухуцік пісаў вершы, адгадваючы ў іх імёны дзяцей, якія завіталі на сустрэчу. Змрочны Птах зладзіў сапраўдны сеанс гіпнозу, а яшчэ прывёў з сабой сяброў-пачварыкаў, якім дзеці скармілі ўсе свае жахі, каб нічога больш не баяцца.

Час сустрэчы з казкай праляцеў незаўважна. І адзінае, што магло азмрочыць настрой юных чытачоў — яго абмежаванасць. Але гэта можна выправіць, калі прыйсці ў бібліятэку і ўзяць пачытаць кнігі Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, дзякуючы якім перад маленькімі чытачамі зноў адкрыецца чароўны свет казкі. І сустрэчы з Кніжнай Феяй будуць працягвацца.

Неаніла ЛЮБАНЕЦ.