РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: biblio@nesvizh-kultura.by

РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5
тэл./факс:(801770) 5 19 79

Галоўны нацыянальны скарб

Штогод 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Мова — душа народа, векавая памяць многіх пакаленняў, наш галоўны нацыянальны скарб. Акцыі і  мерапрыемствы, прысвечаныя гэтаму дню, правяла дзяржаўная ўстанова культуры “Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўлюка Пранузы” напярэдадні , 19 лютага.

Беларуская мова, у першую чаргу - гэта мова родная, сакавітая, меладычная і пяшчотная, і таму мы як мага заахвочвалі чытачоў размаўляць па-беларуску. На працягу дня ў бібліятэцы праводзяцца акцыі “Роднай мовы пералівы»,  «Размаўляй са мной па-беларуску!» і «Прачытай кнігу на беларускай мове!».

Наведвальнікі бібліятэкі адгадвалі вясёлыя беларускія загадкі, тлумачылі беларускія прымаўкі і прыказкі.Спрабавалі прагаварыць беларускія скарагаворкі і растлумачыць беларускія словы. Самыя кемлівыя атрымлівалі невялікія падарункі -  закладку з лагатыпам бібліятэкі і выказваннем аб роднай мове.

“Салодкі дзень роднай мовы” стварылі для несвіжан бібліятэкары сумесна з валанцёрамі БРСМ – вучаніцамі 9-х класаў ДУА “Сярэдняя школа №1 г.Нясвіжа” Рокаш Валерыяй, Валнухінай Палінай і Карпач Анастасіяй. Патлумачыўшы, якую падзею адзначаюць 21 лютага,  яны звярталіся да мінакоў на вуліцах Нясвіжа з  рознымі заданнямі: перакласці словы з рускай мовы на беларускую, патлумаць сэнс выразу. Тых, хто правільна адказаў, чакаў салодкі падарунак. Прыемна адзначыць, што многія удзельнікі акцыі, давалі правільныя адказы.

У фае бібліятэкі да ўвагі чытачоў была прадстаўлена кніжная выстава  “Смак беларускай мовы”, на якой змяшчаліся аўдыя-кнігі з творамі беларускай літаратуры, кнігі беларускіх аўтараў - як класікаў, так і сучаснікаў. Жадаючыя змаглі “пасмакаваць” беларускія народныя стравы, рэцэпты якіх змяшчаліся на кніжна-ілюстрацыйнай выставе “Смак па-беларуску”. А на абанеменце чытачы мелі магчымасць пазнаёміцца з выставай  «Адкрый для сябе беларускую кнігу» і  ўзяць выданні на беларускай мове дамоў .

Выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Нясвіжскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва мелі магчымасць прыняць удзел у інтэрактыўнай гульні  “Мова родная – мова модная”.  Гульня праходзіла ў вострай і напружанай барацьбе. Пытанні былі дастаткова складаныя, але кемлівыя знаўцы роднай мовы працавалі дружна і зладжана. Нягледзячы на тое, што былі і пераможцы, і пераможаныя, усе засталіся задаволены гульнёй.

Ужо не першы раз у  дзень шанавання роднай мовы, праводзяцца агульнабеларускія дыктоўкі.  Праверкай ведаў граматыкі і пунктуацыі стаў дыктант “Ганарымся Бацькаўшчынай” (паводле Д.Ровенскіх) , у якім прынялі ўдзел вучні 10-ых класаў ДУА “Сярэдняя школа №1 г.Нясвіжа”  і “Сярэдняя школа №4 г.Нясвіжа”. Надыктаваць тэкст для напісання згадзілася намеснік галоўнага рэдактара газеты “Нясвіжскія навіны” - Соф’я Уладзіміраўна Любанец.

Працягам святкавання Дня роднай мовы стала знаёмства з творчасцю Соф’і Уладзіміраўны. Яна з’яўляецеся частым госцем бібліятэкі, сябрай раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі”, абласнога народнага клуба кампазітараў і паэтаў “Жывіца”, аўтар паэтычнага зборніка “Раніца першага снегу”.   Соф’я Уладзіміраўна расказала, што натхняе яе для творчасці, адкуль бяруцца сілы. Сказала  некалькі слоў пра свой зборнік “Раніца першага снегу”, узгадала,  калі напісала свой першы твор, прачытала свой любімы верш. Школьнікам было цікава паслухаць пра  жыццёвы шлях шаноўнай спадарыні: дзе нарадзілася, вырасла, чаму вырашыла стаць журналістам. Госця разважала аб стане роднай мовы ў наш няпросты час. Звярнула ўвагу на тое, што мова – гэта тое, што нас, беларусаў, яднае. Не трэба цурацца яе і забываць. Трэба шанаваць, бо мова – найгалоўнейшы нацыянальны скарб.

 

Аксана Рыжыкава,

загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі

Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі ім. П. Пранузы.

Фота Наталлі Ермашэнка.