РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: biblio@nesvizh-kultura.by

РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5
тэл./факс:(801770) 5 19 79

Парады для дня наступнага

 Усё ў гэтым жыцці трэба рабіць своечасова. Своечасова пытаць і тады можна пачуць адказ, таксама своечасовы, як гавораць, з першых вуснаў. Наведвальнікі гуртка “Юны журналіст” СШ №4 г. Нясвіжа, удзельнікі сумеснага праекта “Парады з вуснаў несвіжан” ДУК “Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўлюка Пранузы”, ДУ “Рэдакцыя газеты “Нясвіжскія навіны і праграмы радыёвяшчання “Раніца Нясвіжчыны””, ДУА “Сярэдняя школа № 4 г. Нясвіжа” ад сваіх суразмоўцаў чакалі і чакаюць не столькі адказаў на пытанні, колькі парадаў для дня наступнага.

     25 лістапада 2020 год. Дзень амаль зімовы. Вакол нават снежна. Мы дабіраемся на гарадскім аўтобусе ў сталовую “Прыемнага апетыту”, што змяшчаецца ў будынку аўтапарка №8. Дзверы адчыняе прыемная жанчына сталых гадоў, усміхаецца і запрашае праходзіць. Аказваецца, гэта і ёсць гаспадыня, дырэктар сталовай і стваральніца сеткі кропак харчавання на Нясвіжчыне  Валянціна Іванаўна Німера. Я памятала яе вельмі маладой і вельмі прыгожай яшчэ з дзяцінства. Доўгі  час мы не сустракаліся. Гады змянілі знешнасць гэтай жанчыны, але дадалі яшчэ болей  мудрасці, падаравалі вопыт — жыццёвы і прафесійны. І пасля ў размове з юнакамі і дзяўчатамі яна яшчэ раз пацвердзіла, што нішто самае сапраўднае не даецца проста так, без усякіх намаганяў. Што кожную складаную сітуацыю у сваім жыцці можна успрымаць як паварот да лепшага. Не апускацца на дно, а падымацца ўверх, беручы пад апеку яшчэ і тых,  хто ад тваіх рашэнняў у гэты момант таксама залежыць. Ды яшчэ дапамагаць, аказваць спонсарскую падтрымку на ўсякую добрую справу. Валянціна Іванаўна цесна супрацоўнічала з Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Паўлюка Пранузы, Міжнароднай дабрачыннай арганізацыяй «ЮніХэлп» (дапамога хворым дзецям), дзіцячым сацыяльным прытулкам у Гарадзеі.

     Юныя журналісты даведаліся, што жаданне стаць поварам прыйшло да яе спантанна. Яе мама Ірына Мікалаеўна гатавала ў печы вельмі смачныя беларускія стравы. І дачка таксама ў яе вучылася. Гатавала яна добра яшчэ задоўга да прыняцця аднаго з галоўных рашэнняў свайго жыцця.

         У 1978 годзе Валянціна Іванаўна закончыла Баранавіцкікі тэхналагічны тэхнікум і  атрымала  спецыяльнасць “Тэхнолаг грамадскага харчавання”. Веды, набытыя ў гэтай навучальнай установе, служалі ёй на карысць любімай справы ўсё жыццё. У свой час яна была дырэктарам арганізацыі грамадскага харчаванне райпо, затым працавала ў калгасе “Радзіма”, дзе ўзначаліла  тарговы цэнтр. А пасля стала загадчыцай сталовай у аўтапарку. У хуткім часе гэта сталовая, у якую яна пераманіла павароў з мінулага месца працы, зачынялася. Быў шанс застацца ні з чым, такі ж лёс чакаў і яе калег. Але гэта непрыемнасць паслужыла на дабро самой Валянціне Іванаўне і яе сям’і, бо падштурхнула распачаць  сямейны бізнес. Грошай не было ніяк, але нешта трэба было рабіць. Валянціна Іванаўна прыняла рашэнне ўзяць памяшканне сталовай у арэнду. Перавезла да сябе матулю, якая занялася хатняй гаспадаркай. Бо на першым часе гаспадыні сталовай прыходзілася сумяшчаць некалькі пасад: быць і поварам, і прадаўцом, і экспедытарам. Па начах асвойвала прафесію бугалтара. Знаёмыя прафессіяналы ў гэтай справе на парады не скупіліся. І ўсё атрымалася. Двое сыноў, нявесткі, пляменніцы сёння працуюць у адной камандзе.  

— Усяго цяпер у мяне працуе трыццаць чалавек. І кожны за нешта адказвае. Цяпер мне прасцей. Адзін з сыноў — намеснік па гандлёвай частцы, другі — па гаспадарчай. Нявестка Галіна  — дырэктар сталовай “Прыемнага апетыту” па вуліцы Сноўскай — таксама прафесійны повар. Яна малайчына. Мне здаецца, што ў яе ўсё атрымаецца, нават лепей, чым у мяне, — выказвала свае спадзяванні Валянціна Іванаўна.

     Я неаднойчы чула меркаванне, што лепшыя павары мужчыны. Але ў Валянціны Іванаўны іншая думка. З трыццаці чалавек калектыву — 28 — жанчыны.

   У жыцці нашай суразмоўцы былі прыклады, калі працаваць паварамі на яе прадпрыемствах спрабавалі непрафесіяналы. І нават добра спраўляліся са сваімі абавязкамі. Але Валянціна Іванаўна лічыць, што чалавек павінен мець патрэбную адукацыю. Сама В. Німера, на момант размовы, ў сваёй прафесіі была 41 год. І як не дзіўна, жаданне радаваць не толькі наведвальнікаў харчовых кропак, але і сваіх родных у яе не знікала. Любіла здзівіць нейкай выпечкай, дома гатавала з пластовага цеста, надаючы вырабам цікавую форму: канверт, лодачка, спіраль, ружа, куды дадавалася рознае начынне. Са шматлікіх падарожжаў, а пабывала яна ў Францыі, Германіі, Літве, Польшчы, Грузіі, прывозіла рэцэпты новых страў. Напрыклад, суп з цыбулі, які дома вельмі палюбілі.

     Нас частавалі гарбатай і кавай са смачнымі кексамі ў перамешку з аповедам пра настольныя кнігі гаспадыні. Мы не здзівіліся, што гэта былі зборнікі рэцэптаў беларускай кухні, а таксама кухні розных краін. Валянціна Іванаўна разам са сваімі калегамі распрацоўвала ўласныя стравы, але працягвала назапашваць вопыт не толькі ў падарожжах па замежжы, але і традыцыйна, па  кнігах.

— У дзяцінстве я вельмі любіла вершы Пушкіна. Чытала іх, спрабавала і сама пісаць. Цяпер вельмі люблю вершы паэтэссы Гуральскай. Вышукваю іх у інтэрнэце. Вам таксама раю прачытаць. Вершы настолькі жыццёвыя, што чытаеш, і, здаецца, што ўсё гэта  было з табой, —  звярнулася Валянціна Іванаўна да будучых журналістаў.

Слухаючы гэту неардынарную жанчыну мне падумалася, што за столькі гадоў працы ў сваёй прафесіі можна было б стаміцца, захацець перамен.  Але Валянціна Іванаўна не стамлялася, а паддавала ўсё новыя і новыя ідэі, якія ў хуткім часе ператвараліся ў рэальнасць.

    Тэматычны выпуск “Парады з вуснаў несвіжан” выйшаў у эфір  на раённым радыё 25 снежня мінулага года. Кароткія шэсць хвілін эфіру, але на моманты, якія агучыла Валянціна Іванаўна, я спасылалася неаднойчы ў размове са сваімі дзецьмі і некаторымі калегамі. Думаю, што і юным журналістам гэта сустрэча пайшла на карысць. Валянціна Німера запрасіла іх у сваю правесію, на працу на яе прадпрыемствах, пажадаўшы ўсім будучым калегам добрага шляху. Я думаю, што  жадаючыя абавязкова знойдуцца, бо лёс нашай зямлячкі не толькі прыклад для родных,  але і для многіх  маладых людзей.     

        Роўна праз год  — 25 снежня 2020-га Валянціны Іванаўны не стала.    Ёсць адна вядомая мудрасць: Гасподзь забірае лепшых. Толькі гэта не вельмі суцяшае. Хочацца, каб лепшыя і родныя як мага даўжэй былі сярод жывых. Бо колькім людзям ад іх прысутнасці было б лягчэй, цяплей і надзейней. Колькі мудрых слоў было б сказана, спраў зроблена. Толькі ў Бога свае даты і свае вымярэнні. Але чалавеку вельмі патрэбна, каб тое, што было для яго важным, мела працяг. Гэты працяг  Валянціна Іванаўна бачыла ў сынах, нявестках, унуках, якія вучацца і мараць не пра заморскія землі, а пра вяртанне на Нясвіжчыну.

Валянціну Іванаўну гэта радавала. А значыць, нічога не скончылася.  Яе мары толькі набіраюць вышыню. І, вяртаючыся на зямлю, яна будзе прыходзіць у думках да родных людзей, нагадваць пра сябе ў снах, жыць у памяці тых, з кім звёў лёс. І гэта памяць будзе самай светлай і шчырай.

                                                              Валянціна Шчарбакова