РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: neswiz_bibliotek@mail.ru

Жыць так, як Гасподзь нас вучыць

Ужо чацвёрты год удзельнікі сумеснага праекта “Парады з вуснаў несвіжан” Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, рэдакцыі газеты “Нясвіжскія навіны” і праграмы радыёвяшчання “Раніца Нясвіжыны”, СШ № 4 г. Нясвіжа, наведвальнікі гуртка “Юны журналіст” гэтай навучальнай установы падарожнічаюць па Нясвіжчыне ў пошуках мудрых парад і адказаў на хвалюючыя пытанні. Падчас студзеньскай сустрэчы ў цэнтральнай раённай бібліятэцы юныя журналісты запрасілі на гутарку клірыка храма Узнясення Гасподняга горада Нясвіжа іерэя Іаана Уханава.

Рабяты даведаліся, што айцец Іаан родам з Белаазёрска Брэсцкай вобласці. Яго бацькі  — настаўнікі. Мама Тамара Іванаўна — па  адукацыі фізік, хоць усё жыццё працавала выхавацелем у дзіцячым садку, тата Сяргей Пятровіч — выкладчык фізкультуры, майстар спорту па веславанні.

Будучы святар заўсёды наведваў храм з матуляй. Хлопчык падносіў запіскі і марыў прыслужваць у алтары. Пра гэта ён сказаў спачатку маме. Тамара Іванаўна прыняла словы сына за дзіцячае імгненнае жаданне, але спрачацца не стала, параіла звярнуцца да святара. Сама схавалася за калону храма, каб пасля брыдка не было, калі Івану такая справа надакучыць. Але дзень, калі будучага святара ўзялі ў алтар, ён запомніў назаўсёды. Гэта адбылося 19 ліпеня 1997 года.

— Я панамарыў усё свядомае жыццё, — сказаў іерэй юным журналістам.

Блаславіў на гэты послух яго духоўнік, настаяцель храма Серафіма Сароўскага ў Белаазёрску, іерэй Георгій Прышчэпаў, якога святар лічыць другім бацькам.

Адразу пасля заканчэння школы Іаан Уханаў паступіў у Белаазёрскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж электронікі і атрымаў спецыяльнасць “электрамантажнік па сілавых і асвятляльных сетках і сілавым    электраабсталяванні”. Затым была служба ў войску. І толькі пасля Іаан знайшоў сваё сапраўднае прызначэнне. У 2009 ён паступіў у Мінскую духоўную семінарыю і пасля заканчэння атрымаў дыплом з адзнакай, што дазволіла без экзаменаў паступіць у магістратуру Мінскай духоўнай акадэміі. Святар абараніў дзве дысертацыі: бакалаўра, яшчэ ў семінарыі, па дысцыпліне “Мастацтва пропаведзі”, і магістара — на факультэце бібліістыкі і багаслоўя акадэміі. Вучоба на гэтым факультэце прадугледжвала вывучэнне старажытных моў — старажытна-грэчаскай і старажытна-габрэйскай, а таксама нямецкай мовы.

У храме Узнясення Гасподняга горада Нясвіжа іерэй Іаан служыць з 2015 года. Нічога з набытых ведаў і ўменняў калісьці ў каледжы, а затым і ў духоўнай семінарыі, акадэміі, за час службы ў храме — святар лішнім не лічыць, усё ў жыцці яму спатрэбілася. А яшчэ ён гатовы дзяліцца сваім жыццёвым і духоўным вопытам з усімі, каго яго думкі цікавяць.

Маладыя людзі падчас размовы спыталі, што такое грэх і як зразумець, якія грахі ёсць менавіта ў цябе. Святар распавёў, што каб разабрацца, што такое грэх, дастаткова проста зазірнуць у Евангелле:

— У Евангеллі Гасподзь вучыць, як нам жыць, як паводзіць сябе ў розных жыццёвых абставінах. Усё, што не адпавядае Евангель-скаму слову, з’яўляецца грахом. У вузкім значэнні грэх можна зразумець па тым, што падказвае нам сумленне. Сумленне — гэта голас Божы ў чалавеку, і яно заўсёды падказвае, добра ён робіць ці не.  Сярод друкаванай прадукцыі ёсць такія брашуры, у якіх змешчаны самыя асноўныя пералікі грахоў, і чалавек, чытаючы такія выданні, разумее, у чым каяцца.

Айцец Іаан патлумачыў і прычыны таго, чаму маладыя людзі, якія, у прынцыпе, павінны быць шчаслівымі і радаснымі, часам упадаюць у неапраўданую роспач, нават калі падставы для сумных думак няма:

— Першая прычына хаваецца ў сям’і. Сямейныя дзіцячыя псіхолагі кажуць, што чым менш бацькі надаюць увагі сваім дзецям, чым менш у іх любові і зносін адзін з адным, тым больш дзеці ў падлеткавым узросце праяўляюць агрэсію да навакольных. Другі аспект, таксама не малаважны, — гэта тое, што ўсе мы жывём так ці інакш у свеце як цялесным, так і духоўным. І вось гэтыя духоўныя цёмныя істоты, духі роспачы, у процівагу анёлам-ахоўнікам, спрабуюць душу давесці да стану адчаю, крайняй збянтэжанасці для таго, каб чалавек адступіў ад Бога, можа быць, нават дабраахвотна пайшоў з гэтага жыцця. Мы ведаем, што сярод падлеткаў былі такія выпадкі. Здаецца, жыццё толькі пачынаецца, яно павінна квітнець  рознакаляровымі фарбамі, а юны чалавек здзяйсняе самагубства.

Як з гэтым змагацца? У першую чаргу, у сям’і павінны быць сяброўскія, напоўненыя любоўю адносіны, каб бацькі не шкадавалі ўвагі, свайго часу, сіл на сваіх дзяцей. Трэба рабіць усё, каб дзеці сталі лепшымі сябрамі бацькам, а бацькі — дзецям. І бацькі павінны маліцца за сваіх дзяцей, каб яны не адхіляліся з добрага шляху.

Святар звярнуў увагу рабят на тое, што на малітве чалавек не павінен думаць пра нешта іншае, трэба гнаць думкі, якія да яго прыходзяць. Духоўнікі кажуць канкрэтна, што на малітве да нас падыходзіць вораг рода чалавечага, задача якога — нас ад малітвы адцягнуць.

— Для гэтага трэба маліцца так шчыра і ўважліва, каб кожнае слова ішло ад самага сэрца. Не  проста фармальна чытаць малітвы, а суперажываць. Тады непатрэбныя думкі будуць наведваць нас вельмі рэдка, — ад-значыў Іаан Уханаў.

Цікавіліся юныя журналісты і як трэба адносіцца да таго, хто да цябе “чапляецца”, ста-віцца недобразычліва. Бацюшка сказаў, што самае галоўнае тут не адказваць злом на зло.

— Калі да нас ставіцца хтосьці дрэнна, і мы яму той жа манетай адказваем, то мы, паводле слова святых айцоў, “злосць памнажаем”. Чалавек зрабіў нам зло, мы зрабілі зло ў адказ, стала два злых чалавекі і два дрэнных учынкі. Самае галоўнае — ставіцца да такіх людзей з дабрынёй, са спагадай, з разуменнем, з міласэрнасцю, — параіў святар.

Іерэй Іаан парэкамендаваў для чытання падлеткам кнігу архімандрыта Ціхана Шаўкунова “Несвятыя святыя”, сутнасць якой у тым, што Гасподзь вельмі блізкі да нас. Ён заўсёды вядзе нас за руку. Ён пастаянна нам адкрываецца. Мы проста можам гэтага не заўважаць, але Гасподзь нам пастаянна з’яўляецца адкрыта і яўна. І трэба быць сляпым чалавекам, каб гэты промысел Божы, відавочна нам адкрыты, не заўважыць.

Іаан Уханаў звярнуўся да маладых людзей, а тым часам і да вас, паважаныя чытачы, з такімі словамі:

— Я  жадаю кожнаму чалавеку, каб ён мог бачыць Божую волю ў сваім жыцці, каб мы ўсе стараліся на яе адгукнуцца і жыць так, як Гасподзь нас вучыць.

Валянціна ШЧАРБАКОВА,

кіраўнік праекта

“Парады з вуснаў несвіжан”.