РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5 |
Шлях маленькага чытача ў свет кніг
Як пачынаецца шлях маленькага чытача ў свет кніг? З чараўніцтва, з казкі, захаплення і нават сюрпрызаў. Так вам адкажуць бібліятэкары. Таму што мы лічым, чым раней дзіця пазнаёміцца з кнігай, чым раней яно акунецца ў кніжную атмасферу, чым больш яно слухае чытанне ўслых, тым хутчэй у яго фармуецца навык чытача і развіваецца стымул да самастойнага чытання.
Менавіта ва ўзросце да сямі гадоў у дзіцяці выпрацоўваецца сваё дачыненне да кнігі і чытання, да бібліятэкі з яркімі, цікавымі кнігамі, да бібліятэкараў, якія заўсёды ветлівыя і з радасцю дапамагаюць маленькаму чытачу, фарміруецца чытацкая патрэба. Першае знаёмства дзіцяці з кнігай і бібліятэкай павінна быць падобна на казку, каб выклікаць радасць, захапленне і цікавасць да кнігі як да крыніцы ведаў.
Так узнікла ідэя праекта “Бібліякроха”. У 2015 годзе мы распрацавалі праект сумеснага супрацоўніцтва з упраўленнем па адукацыі, спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама. У праекце прымаюць удзел аддзел па рабоце з дзецьмі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П.Пранузы і установы дашкольнай адукацыі нашага горада.
Метадам рэалізацыі праекта стаў “сторисек” – “мяшок чароўных гісторый”. З “чароўным кніжным заплечнікам” мы прыходзім у дзіцячы сад і пачынаецца казка… Ўнутры заплечніка знаходзіцца добрая мастацкая ілюстраваная дзіцячая кніга з дадатковымі матэрыяламі для гульні і творчасці: мяккія цацкі, рэквізіты, якія дапамагаюць ажывіць кнігу; спіс магчымых заняткаў па кнізе, якія дзіця можа выконваць дома разам з бацькамі, ці на занятках у дзіцячым садку; элементы Тэатра кнігі, навукова-папулярная кніга, якая адпавядае тэматыцы мастацкай кнігі і дапаўняе яе навукова-пазнавальнымі фактамі; заданні на развіццё памяці і дробнай маторыкі, моўныя гульні. Бацькам будзе цікава прачытаць кнігі па дзіцячай псіхалогіі, азнаёміцца з карыснымі парадамі па далучэнню дзіцяці да чытання, памяткамі, буклетамі і тэматычнымі рэкамендацыйнымі спісамі.
Вядома, што вядучая дзейнасць дашкольніка – гульня, таму ў рамках праекта “Бібліякроха” распрацавана сістэма мерапрыемстваў, дзе мы імкнемся прывіць любоў дзіцяці да бібліятэкі і чытання праз гульню: ўсе заняткі складаюцца з казак, гульняў і творчых заданняў. Мы гуляем і чытаем. Дзяцей наведваюць літаратурныя героі разам з якімі яны адпраўляюцца ў падарожжа, выконваючы розныя заданні і конкурсы. Кожны занятак прадугледжвае гучныя чытанні кнігі, абмеркаванне твора, падрыхтоўку інсцэніроўкі эпізоду з твора, выкананне творчага задання, знаёмства з творчасцю пісьменніка, розныя віктарыны і конкурсы и гульні. Малышы паступова прывыкаюць да прыходу бібліятэкара і чакаюць новых, цікавых кніг.
Таксама, мы лічым сваім абавязкам дапамагчы бацькам усвядоміць каштоўнасць дзіцячага чытання, як эфектыўнага сродку адукацыі і выхавання школьнікаў, падтрымаць іх імкненне гадаваць дзяцей, якія чытаюць. Таму адзін з важных напрамкаў работы праекта - гэта інфармацыйна-асветніцкая работа для бацькоў. На абанеменце, дзе абслугоўваюцца дарослыя чытачы, аформлена інфармацыйная зона “Ваш малыш: навучаем і развіваем”. Тут сабрана літаратура псіхолага-педагагічнага характару, метадычныя дапаможнікі па выхаванні культуры чытання дзяцей, арганізацыі сямейнага вольнага часу, а таксама творы для сямейнага чытання, рэкамендацыйныя спісы і падрыхтаваныя бібліятэкарамі матэрыялы, якія могуць дапамагчы бацькам у развіцці і выхаванні дзіцяці. Агляды навінак літаратуры для дашкольнікаў і бацькоў таксама размяшчаем у сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” у нашай групе “Библиодетки”.
Пры запісе дзіцяці ў бібліятэку, з бацькамі акрамя тлумачальнай работы аб правілах карыстання бібліятэкай праводзяцца гутаркі пра кнігі, пра карысць сумеснага чытання, такім чынам, адбываецца прыцягненне сям'і ў бібліятэку. Бібліятэкар аказвае дапамогу ў выбары кніг, якія могуць зацікавіць і дарослых, і дзяцей, падштурхнуць да размовы аб прачытаным.
Зыходзячы з асаблівасцяў дашкольнага ўзросту, наша задача заключаюцца ў тым каб: паказаць бібліятэку як месца, у якім цікава знаходзіцца, дзе можна даведацца шмат новага і з карысцю правесці вольны час. Для нашых маленькіх чытачоў і іх бацькоў у бібліятэцы арганізаваны “Пакой для вольнага часу і творчасці”. Тут разам з дзіцем можна пачытаць кнігу, пагуляць, памаляваць, складваць пазлы па матывах літаратурных твораў. У выніку рэалізацыі праекта павялічылася колькасць чытачоў дашкольнага ўзросту ў бібліятэцы і цікавасць да кнігі і чытання. А сам факт рэгулярных сумесных паходаў у бібліятэку надае ў вачах дзіцяці кнігам і чытанню значнасці.
За некалькі гадоў працы мы назапасілі багата матэрыялу, таму ў 2020 годзе было вырашана прыняць удзел у XXVIII Рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.
У намінацыі “За падтрымку і развіццё чытання” мы атрымалі Дыплом I ступені сярод гарадскіх і раённых бібліятэк за рэалізацыю культурна-асветніцкага праекта “Бібліякроха”, а таксама за сістэматычную і мэтанакіраваную працу па далучэнні дзяцей і бацькоў да чытання і рэгулярнага наведвання бібліятэкі, прасоўванне лепшых узораў літаратуры ў сферу дзіцячага чытання, адраджэнне традыцый сямейнага чытання праз стварэнне адзінай сістэмы працы паміж установамі дашкольнай адукацыі, бібліятэкай і сям’ёй.
Працу над праектам мы плануем працягваць і далей.
Алёна Чухлей,
загадчык аддзела па рабоце з дзецьмі
Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П. Пранузы