РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: biblio@nesvizh-kultura.by

РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5
тэл./факс:(801770) 5 19 79

Час для спасціжэння ісціны

     У пошуках адказаў на пытанні, якія зараз вельмі хвалююць маладых, удзельнікі сумеснага праекта “Парады з вуснаў несвіжан” ДУК “Нясвіжская цэнтральная раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы”, ДУ “Рэдакцыя газеты “Нясвіжскія навіны і праграмы радыёвяшчання “Раніца Нясвіжчыны”, УА “Сярэдняя школа № 4 г. Нясвіжа”, наведвальнікі гуртка “Юны журналіст” СШ № 4 горада Нясвіжа за тры гады існавання праекта сустрэліся з многімі неардынарнымі людзьмі  Нясвіжчыны. Толькі ў гэтым 2020 годзе на раённым радыё выйшлі 11 радыёрубрык, напярэдадні якіх адбываліся сустрэчы у бібліятэцы, на працоўных месцах гасцей праекта. На гэты раз дзеці вырашылі да мудрасці жыццёвай дадаць мудрасць Божую. І трапілі, калі можна так сказаць, па адрасе, а менавіта ў храм Георгія Перамоганосца ў Нясвіжы. Настаяцель протаіерэй Яўгеній Лабынько запрасіў гасцей у храм, а затым, па іх просьбе, расказаў аб дзейнасці нядзельнай школы, адказаў на пытанні і, традыцыйна, аб сваім шляху да храма. Юныя журналісты даведаліся, што айцец Яўгеній нарадзіўся ў Мінску. Насуперак правілам таго часу, у няпоўныя шэсць гадоў бацькі Пётр Фадзеевіч і Глафіра Анатольеўна аддалі свайго сына ў школу. У 1992 годзе бацьку будучага святара накіравалі на прыход храма Касмы і Даміяна вёскі Сноў Нясвіжскага раёна. І сталічныя школьнікі, а ў сям’і было пяцёра сыноў, адразу ператварыліся ў вясковых. Але гэта ніколькі не пагоршыла паспяховасць, а наадварот, многае незразумелае стала давацца лягчэй.

      Айцец Яўгеній з удзячнасцю ўспамінае многіх настаўнікаў Сноўскай школы, а асабліва настаўніка алгебры і геаметрыі Уладзіміра Васільевіча Сурагаўца. Так атрымалася, што з-за пераезду некаторыя тэмы па гэтых прадметах былі  прапушчаны і ў выніку — слабая тройка, і тая, як прызнаўся святар, з літасці настаўніка.

      — Але Уладзімір Васільевіч так выкладаў гэтыя прадметы, што вывучаючы новыя тэмы, я для сябе зразумеў тое, што калісьці пакінуў без увагі. Настолькі гэта было цікава, захапляльна. І з цягам часу ў мяне была моцная чацвёрка па гэтых прадметах. Нават і пяцёркі калі-нікалі атрымліваў. І я для сябе заўважыў, што настаўнік, які прымушае дзяцей думаць, добры настаўнік, — дзеліцца ўспамінамі святар.

     Адразу пасля школы Яўгеній Лабынько спрабуе паступіць ў Мінскую духоўную семінарыю. Дарэчы, гэта выбар ён зрабіў будучы дзесяцігадовым хлопчыкам. І гэтаму, у першую чаргу, спрыяў агульны настрой і адносіны да веры ў роднай сям’і. Мама  Глафіра Анатольеўна, нягледзячы на знешнія абставіны, настрой грамадства ў савецкія гады, амаль аднагалоснае нявер’е (ва ўсякім разе вонкавае), заўсёды наведвала храм. Ёй не было цікава, як да гэтага аднясуцца іншыя, што скажуць, якія ушчуванні чакаюць на працы. Яна хадзіла ў храм, малілася Богу і спявала ў царкоўным хоры. У іх сям’і спраўдзілася евангельская мудрасць: “Адкуль ты ведаеш, жонка, ці не ўратуеш мужа?...” ( 1 Кар 7:16).

       Пётр Фадзеевіч быў добрым спецыялістам па вырабу макетаў прамысловых машын. Праз веру жонкі ён не толькі зразумеў ісціннасць яе поглядаў,  але і ступіў на святарскі шлях.

    Яўгеній рана самастойна пачаў наведваць службы ў храме Аляксандра Неўскага ў Мінску. І калі з сям’ёй надарылася паездка ў Троіца-Сергіеву лаўру, папрасіў духаўніка абіцелі айца Кірыла Паўлава благаславіць на паступленне ў духоўную семінарыю.

 — Айца Кірыла у народзе лічылі празорлівым старцам. Ёсць звесткі, але не пацверджаныя, што айцец Кірыл — гэта той сяржант Паўлаў, што кіраваў абаронай дома ў Сталінградзе, які толькі адзін не быў заняты нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Ён герой Савецкага саюза. Але айцец Кірыл, калі пыталіся пра гэты эпізод яго жыцця, заўсёды ўхіляўся ад адказу, — расказаў айцец Яўгеній.

   У апошніх класах школы  Яўгеній стаў сумнявацца ў сваім рашэнні, на розум прыходзілі іншыя думкі, што датычыліся выбыру прафесіі і жыццёвага шляху, але парушыць благаславенне старца ён не рашыўся. Толькі першая спроба паступлення ў семінарыю не ўдалася. І на ступны год стаць студэнтам гэтай установы таксама не атрымалася, але яго залічылі ў кандыдаты ў студэнты. У семінарыі, акрамя асноўнага набору, бралі яшчэ колькі чалавек і калі хто адмауляўся вучыцца, то шэрагі студэнтаў папаўняў адзін з кандыдатаў. У той год усе вучыліся добра. Склалася ўраджанне, што і сам Гасподзь чакаў ад будучага святара сталага рашэння. Толькі трэцяя спроба паслуплення ў духоўную семінарыю стала для Яўгенія Пятровіча паспяховай.

  —  У семінарыі новы Запавет выкладаў мітрапаліт Філарэт Вахрамееў. Мяне цікавілі яго погляды на наша жыццё, яго дзейнасць на чале Беларускай Праваслаўнай Царквы. Урокі гэтага настаўніка шмат што далі для майго святарскага служэння, — працягвае бацюшка.

     Пасля айцец Яўгеній папаўняе свае веды і назапашвае вопыт духоўны ў Маскоўскай духоўнай акадэміі. Святару і па сёння помняцца ўрокі прафесара Аляксея Ільіча Осіпава. І затым  апытанне не толькі па яго лекцыях, хаця, каб адказаць, змест дадзенага матэрыялу патрэбна было ведаць. Пытанне, якое задаваў прафесар, ішло неяк паралельна праслуханай лекцыі. І тут мелі месца і сваё бачанне акрэсленай тэмы, неабходнасць думаць, узважваць, ацэньваць сітуацыю, на аснове пададзенай думкі рабіць і свае вывады.

      Затым была аспірантура пры акадэміі і званне кандыдата багаслоўя. Першым месцам служэння маладога святара — храм Опцінскіх старцаў у Мінску. З 2010 па 2014 год протаіерэй  Яўгеній Лабынько з’яўляецца дырэктарам выдавецтва Беларускага Экзархата. А з сакавіка 2015 года, калі брат айца Яўгенія протаіерэй Мікалай Лабынько быў прызначаны сакратаром Слуцкага епархіальнага ўпраўлення, наш суразмоўца вяртаецца на Нясвіжчыну і становіцца не толькі настаяцелем Свята-Георгіеўскага храма, але і прадаўжальнікам яго спраў.

   Адной са спраў, якую прыйшлося прадоўжыць, і была нядзельная школа пры Свята-Георгіеўскім храме. Толькі ўжо не ў плане будаўніцтва, а ў галіне духоўнай асветы юных несвіжан.  Да айца Мікалая школа знаходзілася ў званіцы. Але колькасць жадаючых вывучаць Закон Божы  з вуснаў святароў пастаянна павялічвалася, і айцец Мікалай прыняў рашэнне будаваць новую нядзельную школу, тым больш што ў званіцы зараз знаходзіцца ацяпляльнае абсталяванне для храма і школы.

     Юныя журналісты на свае вочы пабачылі пацверджанне словам яе дырэктара, клірыка храма іерэя Паўла Фокіна, які лічыць, што нядзельная  школа не павінна быць працягам агульнаадукацыйнай. Таму вы не знойдзеце тут ніводнай парты. Усе наведвальнікі заняткаў размяшчаюцца за агульным сталом, дзе настаўнік не дамініруе над вучнямі, а станувіцца першым сярод роўных.

— Мы хацелі, каб нашы дзеці больш размаўлялі, дзяліліся сваімі думкамі, бачылі суразмоўцу вочы ў вочы, маглі расказваць аб нейкіх сваіх праблемах, і, канечне ж, слухалі выкладчыка. У наш час часта людзі, якія знаходзяцца побач, размаўляюць не адзін з адным, а перапісваюцца ў сацыяльных сетках.

     Асаблівасцю нядзельнай школы пры Свята-Георгіеўскім храме з’яўляецца яшчэ і тое, што нават стаўшы яе выпускніком, можна наведаваць заняткі і праслухваць курс столькі, колькі чалавек сам жадае.

— Калі браць Біблію, то яе трэба чытаць пастаянна, Евангелле трэба чытаць пастаянна. І калі чалавеку нейкія рэчы тут па-душы, чаму б і не, — патлумачыў гэтае  новаўведзенне настаяцель.

    Юныя журналісты пабывалі і ў храмавай бібліятэцы. З некаторымі аўтарамі змешчаных тут кніг святар знаёмы асабіста, як, напрыклад, з аўтарам кнігі “Какого цвета боль” Наталляй Сухінінай. Бацюшка звярнуў увагу і на кнігу “Несвятыя святыя” архімандрыта Ціхана (Шаўкунова), асноўная думка якой заключаецца ў пошуку шляху чалавека да храма.

Айцец Яўгеній падзяліўся сваімі ўраджаннямі ад творчасці Мікалая Ляскова, класіка рускай літаратуры 19 стагоддзя, і параіў прачытаць кнігу гэтага аўтара “Соборяне”:

— Творчасць Мікалая Ляскова цікава вам разумець у кантэксце Евангелля. У аснове кнігі ляжыць хрысціянская кніга “Пралог”, якую аўтар узнавіў па-свойму, узяўшы яе за аснову, але перадаў так, што мы не толькі “Пралог” чытаем, а цалкам іншыя гісторыі аб старажытных хрысціянах, падзвіжніках і простых людзях. Асабліва мне спадабалася тое, што пісьменнік часам у самым простым незаўважным чалавеку, які на першы погляд здаецца грэшнікам, нягоднікам, паказвае, што ён на многа больш сумленны  і лепшы ў вачах Бога, чым ты. Ляскоў навучыў  мяне не рабіць паспешных вывадаў ад зносін з чалавекам, прымусіў па-новаму асэнсаваць Евангелле, і ўбачыць тое, што Хрыстос больш апраўдвае і больш ідзе насустрач самым нікчэмным людзям таго грамадства. Гэта мытары, якіх ненавідзелі. Гэта блудніцы, якія з нашай кропкі погляду нягодныя людзі. І нават з кропкі погляду сучаснага грамадства. І самы першы увайшоў у Рай разбойнік. Гэта значыць людзі, якія, зразумеўшы глыбіню свайго падзення, змаглі пакаяцца, і праз пакаянне дакрануцца да Хрыста. У людзей, якія лічаць сябе праведнікамі, такой магчымасці няма. Таму што да Хрыста  можна дакрануцца толькі праз пакаянне. А калі ты лічыш сябе захавальнікам нейкіх ісцін, у цябе такой магчымасці таксама не будзе.  

   Кніга “Соборяне” названа па першай аповесці і расказвае аб жыцці духавенства 18 стагоддзя.

У памяшканні бібліятэкі зараз праходзяць і заняткі дзіцячага хору храма пад кіраўніцтвам Хрысціны Пятрэнкі. Дарэчы, яго ўдзельнікі поўнасцю могуць замяніць дарослы хор на багаслужэнні. Неяк яны спявалі ўсю архіерэйскую службу, чым заслужылі высокую ацэнку епіскапа Слуцкага і Салігорскага Антонія.

         Пасля экскурсіі за кубкам гарбаты хлопцы і дзяўчаты атрымалі адказы на прыдуманыя зараней пытанні. Адно з пытанняў айцец Яўгеній прапанаваў сам: “Якая справа самая цяжкая ў жыцці чалавека?”

         На думку святара, найцяжэй за ўсё маліцца і даглядаць старых бацькоў. Многае, што нам патрэбна ў жыцці, можна асвоіць за пэўны час і толькі малітве патрэбна вучыцца ўсё жыццё.

— Свой розум завязаць у малітву — гэта вельмі вялікая праца, — сказаў святар. — І вельмі часта дзеці выбіраюць не догляд бацькоў, а сваё жыццё. Таму што стары чалавек патрабуе пастаяннага догляду, а ў цябе свае справы, у цябе дзеці, работа. Часам бацькі пачынаюць проста замінаць сваім дзецям. Яны здаюць іх у дамы для састарэлых, апраўдваючыся самымі добрапрыстойнымі прычынамі. Але неабходна памятаць закон духоўнага жыцця: сёння ты не знайшоў у сабе сілы дапамагчы бацькам, а заўтра той чалавек, які павінен будзе памагчы табе, таксама не знойдзе гэтай магчымасці. Таму, калі ты што-небудзь робіш дрэннае, будзь гатовы да таго, што прыйдзецца трымаць адказ. І тады нікога не судзі за тое, што табе не дапамаглі.

      А яшчэ бацюшка звярнуў увагу маладых людзей на тое, што у іх ёсць магчымасць быць паўнавартаснымі людзьмі:

— Ведаеце такі выраз: “Каб маладосць ведала, а старасць магла”? У нас жыццё нейкае палавіністае атрымліваецца. У маладосці у чалавека ёсць сілы, але не хапае ведаў, няма мудрасці. А ў старасці ў нас ёсць мудрасць, але няма сілы. Так вось, калі б моладзь карысталася мудрасцю папярэдніх пакаленняў, вы б былі паўнавартаснымі людзьмі. А так усё жыццё нас суправаджае гэта палавіністасць. На жаль, мудрасць старога чалавека нікому не патрэбна.  ў яго самога ўжо не хапае сіл нешта лепшае зрабіць. У моладзі ёсць магчымасць пакарыстацца гэтай мудрасцю, але яны гэтага рабіць не хочуць.

     Святар прывёў прыклад адступлення чалавека ад веры. Яго знаёмец змяніў манастырскае жыццё на свецкае. Ён пасля за многае браўся, штосьці спачатку атрымлівалася, а пасля ўсё роўна рушылася. Вывад напрошваўся даўно вядомы: без Бога нічога не пабудуеш.      Юныя журналісты развіталіся са святаром за варотамі храма — ён спяшаўся на пахаванне. Сумны момант нашага жыцця, які не праміне нікога. Айцец Яўгеній гаварыў пра гэта яшчэ падчас сустрэчы. Юная дзяўчына, якую укусіла аса на Браслаўскіх азёрах, куды юнакі і дзяўчаты адправіліся на адпачынак. Малады мужчына, які з жонкай на дачы капаў агарод і памёр ад укусу шэршня. Чалавек, які з працы адправіўся на абед, і той стаў для яго апошнім. Такіх гісторый у памяці святара  вельмі многа. Скажаце, шаноўныя, вельмі сумнае заканчэнне? Але, стоячы за варотамі Божага храма, нам усім захацелася туды вярнуцца. Будучыя журналісты зноў ставілі свечкі, цяпер не бяздумна, а з малітвай і надзеяй на тое, што яны будуць пачутымі, надзеі  спраўдзяцца, і што Гасподзь падаруе ім яшчэ шмат часу для спасціжэння ісціны.                                                       

     Валянціна ШЧАРБАКОВА, 

бібліятэкар Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы,

педагог дадатковай адукацыі СШ № 4 г. Нясвіжа.

Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.