РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: neswiz_bibliotek@mail.ru

Сімвал мудрасці, сімвал ведаў: цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўлюка Пранузы адзначыла свой 75-гадовы юбілей

 

     У мінулую пятніцу свой 75-гадовы юбілей адзначыла галоўная кніжная скарбніца Нясвіжчыны — цэнтральная раённая бібліятэка імя Паўлюка Пранузы. Свята пачалося яшчэ перад уваходам у яе будынак — тут сабраўся калектыў установы, пачэсныя госці і несвіжане, аматары добрай кнігі. Тэатралізаваны пачатак мерапрыемства перанёс прысутных у эпоху князёў Радзівілаў, дзякуючы якім у Нясвіжы ўпершыню была створана музычная капэла, прыдворны тэатр, узяло пачатак кнігадрукаванне, з’явілася найбуйнейшая прыватная бібліятэка.

 

 

Падзяку старшыні Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта намесніку дырэктара цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы Аляксандру Кульбею ўручыў намеснік старшыні
Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Балцянкоў

Мікалай Радзівіл Чорны і яго жонка Эльжбета Шыдлавецкая, у ролі якіх выступілі Анастасія Румянцава і Юрый Шарапа, шчыра прывіталі прысутных з нагоды ўрачыстай падзеі. Яны нагадалі аб тым, што менавіта тут, у Нясвіжы, Мікалай Радзівіл Чорны заснаваў найбуйнейшую прыватную бібліятэку, якая налічвала звыш 20 тысяч кніг.

Стылізаваныя князь і княгіня таксама прадставілі скульптурную кампазіцыю, якая цяпер заўсёды будзе ўпрыгожваць уваход у бібліятэку — бронзавую кнігу, упрыгожаную кветкамі, — сімвал мудрасці, сімвал ведаў. На ёй выліты з металу словы Паўлюка Пранузы, імя якого носіць бібліятэка. Гэта скульптурная кампазіцыя  заўсёды бу-дзе нагадваць кожнаму пра тое, што кніга з’яўляецца занатаванай у вечнасці думкай, якая злучае ў адно цэлае часы і пакаленні, душы продкаў і нашчадкаў.

Яшчэ адным яскравым момантам тэатралізаванага пралога юбілейнай урачыстасці стала ўручэнне сімвалічнай віншавальнай граматы, якую князі Радзі-вілы ўручылі дырэктару бібліятэкі Людміле Вітко.

“…З нагоды светлага юбілею Храма Асветы жадаем вам і ўсяму сумленнаму люду долі шчаслівай, здароўя моцнага, жыць у згодзе з тымі, хто побач. Няхай слаўны шлях бібліятэкі будзе доўгім і багатым, няхай кніга ніколі не знікне з жыццяў людскіх. Няхай застанецца яна крыніцай духоўнасці і мудрасці”, — да гэтых слоў з віншавальнай граматы, мяркуючы па апладысментах, далучыліся ўсе ўдзельнікі ўрачыстасці.

Дырэктар бібліятэкі Людміла Вітко
                і лепшы чытач юнацкага абанемента Мікіта Гурын

Пасля свята працягнулася ў канферэнц-зале бібліятэкі, дзе ўвазе прысутных быў прапанаваны змястоўны відэафільм да юбілею ўстановы. У ім было адлюстравана яе станаўленне і развіццё, росквіт і перспектывы, увесь слаўны шлях, які яна прайшла, каб стаць вядомым і любімым многімі культурным цэнтрам Нясвіжчыны.

Шмат самых цёплых слоў адрасавала сваім калегам дырэктар бібліятэкі Людміла Вітко. Яна з удзячнасцю ўзгадала ранейшых кіраўнікоў установы, сваіх папярэднікаў, і шчыра падзякавала ўсім, хто разам з ёй праводзіць вялікую культурную і адукацыйную працу на бібліятэчнай ніве.

Ад імя раённай улады віноўнікаў урачыстасці павіншаваў намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Балцянкоў. За шматгадовую добрасумленную працу, асабісты ўклад у развіццё бібліятэчнай галіны, узорнае выкананне працоўных абавязкаў, дасягненне высокіх паказчыкаў у працы і ў сувязі з 75-годдзем Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы ён аб’явіў Падзяку старшыні Нясвіжскага раённага выканаўчага камітэта бібліятэкару І катэгорыі аддзела абслугоў-вання і інфармацыі Алене Кандратовіч, бібліятэкару І катэгорыі Рудаўскай сельскай бібліятэкі Іне Емельянчык, інжынеру цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы Міхаілу Усовічу, бібліятэкару І катэгорыі аддзела абслугоўвання і інфармацыі Таццяне Засімовіч.