РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: biblio@nesvizh-kultura.by

РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5
тэл./факс:(801770) 5 19 79

“…Бо толькі такое шчасце будзе цаніцца”

     Сябра раённага літаратурна-музычнага аб'яднання «Валошкі», рэгент аднаго з хораў храма Узнясення Гасподня горада Нясвіжа, наведвальніца сямейнага клуба «Згода» Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі ім. П. Пранузы Алена Расціславаўна Шаблоўская – асоба неардынарная. У яе жыцці ўсюды прысутнічае творчасць – у кожнай справе, не кажучы ўжо пра думкі, якія пасля знаходзяць сваё адлюстраванне ў вершах і прозе.

     Многія, хто сустракаў вершы Алены Шаблоўскай на старонках раённай газеты «Нясвіжскія навіны», захапляюцца іх глыбокім зместам, чалавечнасцю, жывымі сюжэтамі і мудрымі выслоўямі. Большасць напісанных ею паэтычных радкоў гавораць аб веры, царкве і яе таемствах, чалавечых учынках і маральных арыенцірах.

     Зацікавіліся творчасцю Алены Расціславаўны і наведвальнікі гуртка “Юны журналіст” СШ № 4 г. Нясвіжа, якія вырашылі сустрэцца з іх аўтаркай у рамках праекта «Парады з вуснаў несвіжан» у Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы ім. П. Пранузы, каб зноў такі, павучыцца мудрасці. Кірыл Міхлай, Аляксей Высоцкі, Мілана Юрчык даведаліся, што, калі Алене было тры гады, яе маці памерла. Гадавалася дзяўчынка на хутары Перавалокі за Слонімам. А побач з домам стаяла царква Архістраціга Міхаіла, у якой служыў дзядуля. У сталінскія часы дзядуля быў рэпрэсаваны, а бабуля з трыма дзецьмі хавалася па чужых кутках. Пасля смерці Сталіна дзядуля вярнуўся дадому. Менавіта ў іх сям'і Алена атрымала першыя ўрокі граматы, навучыўшыся чытаць і пісаць у чатыры гады, а таксама першыя ўрокі веры.

    Пасля яна гадавалася ў дзіцячым доме ў Дзятлаве. У гэтым горадзе працаваў яе тата, ён быў дырэктарам энергазбыта. Пасля шляхі таты і дачкі накіраваліся ў Усцілімск. Пазней Алена закончыла Іркуцкае паліграфічнае вучылішча, хаця думала звязаць сваё жыццё з журналістыкай. Год працавала ў Гродненская друкарні. Калі яна прыехала ў Нясвіж, хацела працаваць у друкарні імя Сымона Буднага, але месца не было.

 

Алена Расціславаўна пайшла працаваць на швейную фабрыку. Шыць дзяўчыну навучыла бабуля. Мясцовыя жыхары называлі яе  царскай партніхай. У бабулі была швейная машынка, што было на той час рэдкасцю, і яна вельмі цудоўна шыла. Алена памятала, як на хутар да бабулі прыязджалі людзі і рабілі заказы, некаторыя прывозілі дарагія тканіны  і бабуля шыла вельмі прыгожае аддзенне. Працаваць на фабрыцы Алене Расціславаўне падабалася, а пезней яна перайшла на працу ў дом быта «Фіялка», дзе яе творчыя фантазіі ў галіне пашыву аддзення з удзячнасцю ўспрымалі кліенткі.  Некатарыя з іх і зараз захоўваюць пашытую Аленай Расціславаўнай вопратку.

     Бабуля і тата будучай паэткі пісалі вершы. Яшчэ ў дзяцінстве Алена пасябравала з паэзіяй, любіла казкі Пушкіна і Яршова, і неўзабаве пачала пісаць сама. Па сёння не пакідае яна гэтага занятку.

     Алена Расціславаўна  ўмяшчае ў  сябе бязмерную колькасць талентаў. Яна цудоўна шые, стварае вязаныя шэдэўры, смачна гатуе і кожны занятак для яе – з радні паэзіі.

     Удзельнікі праекта размову пачалі з паэзіі, закончыць хацелі прозай, адправіўшыся на сядзібу Алены Расціславаўны і Ігара Генадзьевіча Шаблоўскіх.  Але з вуснаў Алены Расціславаўны аповеды пра агародніцкія сакрэты таксама былі паэзіяй. Мы на свае вочы пабачылі рэканструяваную цяпліцу, дзе пасаджаны 55 сартоў памідораў, адзін з сартоў мае вельмі цікавую назву – «Сыты тата». Гарманічна упісваюцца ў агульнае асяроддзе градкі з трускалкамі і суніцамі, якія пасяліліся разам з часныком, самаробныя цяпліцы з іх шчаслівымі насельнікамі, якія ў любы час могуць ператварыцца ў адкрытыя градкі, сеткі для  гарбузоў, радкі бульбы ў саломе і яшчэ шмат чаго цікавага. А ў доме, які на гэты час перажывае сваю рэканструкцыю, пабачылі камін, зроблены рукамі сына Максіма. Мы зразумелі, што ўсё ў гэтай сям'і робіцца з Божага благаславення. Алена Расціславаўна рассказала, што незадоўга да смерці бабулі, а ёй  было амаль 85 гадоў, яна паехала да яе з маленькай дачкой. Бабуля была слабенькай, пасля інсульта, але у нейкі момант яе свядомасць вярнулася і  жанчына прамовіла: «Леначка, табе маё благаславенне».  Алена Расціславаўна патлумачыла: «Па біблейскіх паняццях благаславенне – гэта благаславенне ў жыццё і благаславенне на дзецях. Гэта самае найвышэйшае, за што можна падзякаваць сваім бацькам. Благаславенне – гэта малітва да Бога. Так і атрымалася, што я ў рэшце рэшт і ў царкве апынулася».

      Шмат парадаў дала Алена Расціславаўна юным журналістам у той дзень. Усе яны прагучалі ў рубрыцы «Парады з вуснаў несвіжан» на раённым радыё. А на развітанне яна дадала: « Я жадаю ўсім маладым людзям знайсці сваё цяжкае шчасце. Менавіта цяжкае, здабытае працай, добрымі ўчынкамі, пошукам шляхоў да храма,  бо толькі такое шчасце будзе цаніцца».     

      У хуткім часе ў Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы ім. П. Пранузы пабачыць свет кніга Алены Расціславаўны Шаблоўскай «Ласкуткі», якая будзе уключаць вершы і празаічныя творы розных гадоў. Сустрэнемся на прэзентацыі.

 

Валянціна Шчарбакова, кіраўнік праекта “Парады з вуснаў несвіжан”.

Фота Святланы Польскай