РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: biblio@nesvizh-kultura.by

РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5
тэл./факс:(801770) 5 19 79

Жыровіцкая святыня ў Нясвіжы

     Наведвальнікі клуба духоўна-маральнага выхавання “Ноеў каўчэг”, што працуе пры Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы, разам з другімі вернікамі г. Нясвіжа, атрымалі магчымасць пакланіцца адной са святынь Беларусі - Жыровіцкай іконе Божай Маці.

 

                                                         

 

     Пад час падарожжа па святых мясцінах Беларусі мы дакранаемся да іх Святыняў. Але не кожны мае такую магчымасць. У кагосьці не хапае часу, у кагосьці - здароўя. Але нядаўна нясвіжскім вернікам пашчасціла  пакланіцца Жыровіцкай іконе Божай Маці, якая прыбыла на Нясвіжчыну 27 лютага бягучага года. Спачатку ікону сустракалі ў храме Узнясення Гасподня прыхаджане, прадстаўнікі клуба духоўна-маральнага выхавання падлеткаў і моладзі “Ноеў каўчэг”, што працуе пры Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы і ўсе, хто меў магчымасць трапіць у той дзень у Храм. Тройчы ля іконы служыўся малебен з акафістам. Многія людзі змаглі звярнуцца да беларускай святыні са сваімі просьбамі і малітвамі, паслухаць пропаведзь святара, настаяцеля храма Узнясення Гасподня, благачыннага Нясвіжскай царкоўнай акругі протаіерэя Аляксандра Данчанкі.

     Айцец Аляксандр адзначыў, што для Нясвіжа гэта вельмі важная і знакавая падзея.

     - Гасподзь папусціў такую спакусу: храм, у якім знаходзілася ікона Божай Маці Жыровіцкай згарэў, а ікона  працягвае сваё жыццё для таго, каб нас “сцвярджаць на камені веры”. Будзем памятаць аб святынях нашага краю, аб усіх святынях і з дапамогай Божай умацоўвацца ў веры, дзякаваць Госпаду, усхваляць святых Яго, сярод якіх першая - непараўнальная Маці Божая. Царыца Нябесная, дапамай нам. Дапамогі ўсім па малітвах Маці Божай, няхай ахоўвае ўсіх Гасподзь, - благаславіў вернікаў святар.

     Пакланіцца Жыровіцкай іконе прыйшлі не толькі несвіжане. Валянціна Аркадзьеўна Сырыца – прыхаджанка храма Касмы і Даміяна аграгарадка Сноў. Яна расказала, што ў той дзень усё складвалася так, што магчымасці трапіць у Нясвіж не было, але, калі з чыстым сэрцам чалавек звяртаецца да Госпада і Маці Божай, яго малітва не прападзе дарма. Да самага вечара, і на наступны дзень ішлі і ішлі ў храм людзі, спадзяючыся быць пачутымі, атрымаць ацаленне, дапамогу сабе і тым, за каго прасілі ў гарачай малітве.

     Прадстаўнікі духоўна-асветніцкага цэнтра “Існасць”, што працуе пры Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы, прыхаджане нясвіжскіх храмаў штогод наведвалі Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр, дзе знаходзіцца ікона. Ад экскурсаводаў мы даведаліся, што ікона з’явілася ў 1470 годзе паблізу вёскі Жыровічы (Слонімскі раён Гродненскай вобласці). У лесе, які тады належаў праваслаўнаму літоўскаму вяльможы Аляксандру Солтану, дзеці-пастухі пабачылі незвычайнае святло, якое лілося скрозь галіны грушы, якая стаяла над крыніцай пад гарой. З моманту з’яўлення ікона не пакідала сцен абіцелі. Толькі ў гады першай сусветнай вайны была вывезена ў Маскву. Зараз ікона захоўваецца у асаблівым кіёце ў іканастасе Свята-Успенскага Сабора злева ад царскіх варотаў, яна самая маленькая з шанаваных Багародзічных ікон.

     28 лютага ікона Божай Маці Жыровіцкай з хрэсным ходам адправілася ў храм Георгія Перамоганосца, а пасля, на наступны дзень, ў Слуцк. Гэта падзея для гарадоў і храмаў Слуцка-Салігорскай епархіі стала магчымай з благаславення мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха усёй Беларусі і была прымеркавана да 550-годдзя з’яўлення цудатворнай Жыровіцкай іконы Прасвятой Багародзіцы і 500-годдзя з часу заснавання Успенскага Жыровіцкага манастыра.

                                                                              

Валянціна Шчарбакова,

                                                             бібліятэкар І катэгорыі

Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы ім. П.Пранузы