РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: biblio@nesvizh-kultura.by

Першы крок у дарослае жыццё: адбылося ўрачыстае ўручэнне пашпартоў юным грамадзянам Нясвіжчыны

 

     У  цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы ў рамках усебеларускай акцыі “Мы — грамадзяне Беларусі!” адбылося ўрачыстае ўручэнне пашпартоў юным грамадзянам Нясвіжчыны, лепшым вучням школ раёна.

 

     Пасля адкрыцця мерапрыемства, якое адзначылася выкананнем дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, да юных грамадзян раёна звярнуўся старшыня райвыканкама Аляксандр Ломскі. Ён павіншаваў іх з важнай падзеяй у жыцці кожнага чалавека і адзначыў, што яны атрымліваюць пашпарты ў год, які з’яўляецца вельмі знакавым і для Нясвіжчыны, і для краіны ў цэлым. У студзені 2020 года наш раён адзначыў 80-годдзе з дня ўтварэння, і ў хуткім часе сёлета мы будзем адзначаць 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэта наша свяшчэнная памяць, наша гісторыя, наш боль.

 

            

Старшыня Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Ломскі і дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў, дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы Людміла Вітко ўручылі пашпарт вучаніцы СШ № 1 г. Нясвіжа

Ксеніі Крывашэй

 

     — Магу з упэўненасцю сказаць, што быць грамадзянінам — вялікая адказнасць як перад грамадствам, так і перад самім сабой, — адзначыў Аляксандр Зіноўевіч. — Вы, маладыя, — апора нам, старэйшаму пакаленню, стваральнікі будучыні, і тое, якой ёй быць, поўнасцю залежыць ад вас.

     Старшыня райвыканкама таксама пажадаў юным жыхарам Нясвіжчыны быць актыўнымі ва ўсіх аспектах жыцця, смела ісці да абранай мэты і весці за сабой іншых. Завяршаючы сваю прамову ён запэўніў, што кіраўніцтва раёна заўсёды падтрымае добрыя пачынанні маладых.