РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: neswiz_bibliotek@mail.ru

Паэзіі чароўныя радкі

     Калі душа патрабуе верша, ён абавязкова будзе. Так атрымалася ў жыхара Нясвіжчыны Барыса Вятлугіна, ураджэнца Украіны, капітана войск сувязі, які шмат гадоў служыў Радзіме. Пры тым, як гэта звычайна бывае ў ваенных, у розных гарнізонах. У адным з іх ён сустрэў сваю Музу, жонку Ніну Васільеўну. Жыццёвыя шляхі-дарогі былі нялёгкімі. А верная спадарожніца заўсёды чакала мужа, даводзілася жыць і ў разлуцы. Ён прысвячаў ёй вершы, пісаў і пра службу, аб прыгажосці прыроды і любові да Радзімы. Словам, усе пачуцці і жанры перадае Барыс Вятлугін у сваіх творах. Іх у яго шмат. Многія друкаваліся ў газетах, выдадзены зборнік і рыхтуецца да друку чарговы з назвай “ Пуцявыя заметкі”. Да гэтай падзеі, а таксама да юбілейнай даты паэта быў прымеркаваны творчы вечар у раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы. На яго прыйшлі сябры, вучні СШ № 4, прыхільнікі раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі”. Вядучая мерапрыемства Валянціна Шчарбакова нагадала асноўныя вехі творчасці юбіляра, адзначыла, што ён піша музыку да сваіх вершаў, мае шмат дыпломаў і грамат як пераможца розных конкурсаў вакалістаў: раённых, абласных і рэспубліканскіх.

              

     Аўтар у сваім выступленні адзначыў, што піша аб убача-ным і перажытым.  Эмоцыі і ўражанні выліваюцца ў вершы. Ёсць і гумарыстычныя мініяцюры.

     Б.М. Вятлугін выканаў музыку на свае творы: “Дзень Перамогі”, “Пра каханне”, “Блаславенна будзь”і іншыя. А яго песня “Ветэраны заўжды наперадзе” стала своеасаблівай візітнай карткай хору ветэранаў працы г. Нясвіжа “Аптымісты”, у якім аўтар выступае ўжо шмат гадоў, часта саліруе. Дарэчы, калектыў і заспяваў названы твор на вечары, а таксама песню І. Лучанка “Альтанка”. Спадабалася прысутным і ўкраінская песня “Ніч яка месячна” ў выкананні Б. Вятлугіна і Я. Случака, а яшчэ віноўнік урачыстасці разам з Соф’яй Лях выканаў песню на верш    П. Броўкі “Мяцеліца”, да якой напісаў музыку. Вось такі дар шырокага дыяпазону мае гэты неардынарны чалавек, які заўсёды ў пошуку. Прыемна было паслухаць яго дзіцячыя вершы ў выкананні ўдзельнікаў тэатральнага гуртка “Агеньчык”       СШ № 4 г. Нясвіжа.

     Важным у жыцці лічыць Барыс Мікалаевіч сям’ю. Разам з Нінай Васільеўнай яны ўжо 62 гады, маюць двух сыноў, двух унукаў і праўнука. Яны пад-трымліваюць таленавітага бацьку і дзядулю, ганарацца ім.

Раіса Хвір, г. Нясвіж.

Фота Святланы Польскай.