РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: neswiz_bibliotek@mail.ru

Каб родная мова не была госцяй

     У Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы  з 18 па 24 лютага прайшоў Тыдзень роднай мовы.

 

     Чытачам бібліятэкі і ўсім жадаючым было прапанавана паўдзельнічаць у акцыях “Сэлфі па-беларуску”, падчас якой неабходна было зрабіць фота ці відэа з беларускімі словамі і апублікаваць у сацсетках з пазнакай  “#Нясвіж чытае”, і “Любі-мае беларускае слова”, якое наведвальнікі бібліятэкі запісвалі на рознакаляровыя паперкі і замацоўвалі на лічбе 21. Цікавымі былі і сумесныя акцыі з аўтамабільным паркам № 8 у грамадскім транспарце — “Вучымся размаўляць па-беларуску разам” і “Пазнай больш сакавітых слоў” (сумесна з БРСМ на вуліцах горада).

 

 

Маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі, наведвальнікі Нясвіжскага РТЦСАН са спецыялістам па сацыяльнай рабоцеАксанай Пяткевіч (злева)

 

      Але самае цікавае адбылося менавіта ў Дзень роднай мовы — 21 лютага.

     Малодшыя чытачы бібліятэкі сустрэліся з беларускай пісьменніцай  Кацярынай Хадасевіч-Лісавой, якая прэзентавала сваю новую кнігу “Ключ ад Вялікай Каштоўнасці”, а таксама пазнаёміла з героямі сваіх кніг, якія ўжо знайшлі свайго чытача.

     Вучні пачатковых класаў паўдзельнічалі ў майстар-класе “Нясумнае чытанне: чытаем і ствараем” па стварэнні герояў дзіцячых беларускіх кніг і паспрабавалі сябе ў ролі найлепшых чытальнікаў твораў на роднай мове.

    Старшакласнікі і навучэнцы Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа мелі магчымасць праверыць свае веды падчас традыцыйнай дыктоўкі, якую правяла для іх пісьменніца, сябра Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў, раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Зоя Кулік.

     Завіталі ў той дзень у бібліятэку і маладыя інваліды, наведвальнікі Нясвіжскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва разам са сваімі кіраўнікамі Таццянай Хоміч і Аксанай Пяткевіч. Бібліятэкар дарослага абанемента Аксана Кунаш прапанавала ім інтэлектуальную гульню “Мова родная — мова модная”. Моладзь слухала беларускія вершы і песні ў выкананні вядомых беларускіх артыстаў, тлумачыла значэнне беларускіх слоў і паспрабавала сябе ў ролі перакладчыкаў з рускай на беларускую мову. Дарэчы, лепшым перакладчыкам паказаў сябе снаўчанін Дзяніс Бушмялёў.

     Многія ўдзельні гульні — даўнія чытачы бібліятэкі. У той дзень, пасля мерапрыемства, яны ўзялі для чытання кнігі беларускіх аўтараў, якія размяшчаліся на выставах “Смак беларускай мовы”, “Да кніжных скарбаў дакраніся”, “Роднага слова святло”, “Будзь у трэн-дзе: чытай беларускае”.

     Тыдзень роднай мовы змяніў-ся іншым, дні пабеглі ў вядомым ім напрамку. Але вельмі б хацелася, каб пабачанае і пачутае ў бібліятэцы з вуснаў пісьменнікаў і бібліятэкараў надоўга пасялілася ў сэрцы, лепш, вядома, назаўсёды. І каб мы не “вучыліся размаўляць па-беларуску разам”, у сталыя гады асвойваючы родныя словы. Няхай наша мова стане жывой крыніцай, няхай ліецца яна з вуснаў татаў і матуль, выхавацеляў і першых настаўнікаў. Тады яна не будзе госцяй, якую запрашаюць толькі аднойчы, а стане  гаспадыняй кожнага наша дня.

Валянціна Шчарбакова,

бібліятэкар  Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы.

Фота Святланы Польскай.