РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: neswiz_bibliotek@mail.ru

Лепшы сябар і верны памочнік

У мінулую пятніцу ў канферэнц-зале цэнтральнай раённай бібліятэкі прайшло ўрачыстае адкрыццё Тыдня дзіцячай кнігі. У ім прынялі ўдзел вучні школ горада (фота 4) і іх педагогі, а таксама госці — кіраўнік Клецкага літаратурнага аб’яднання “Голас” Лілія Мялешка і яе калега па творчасці Галіна Нупрэйчык (фота 3). Вядучыя, гімназісткі Наташа Сасім і Влада Рыдак, дапамаглі стварыць у зале святочны настрой, а Наташа Сасім выканала ў падарунак прысутным прыгожую песню пра Беларусь.

    Дружнымі апладысментамі дзеці і дарослыя віталі на свяце самых актыўных чытачоў дзіцячай бібліятэкі, якія атрымалі званне “Лепшы чытач” за 2015 год. Адпаведныя граматы і падарункі з рук загадчыка раённай дзіцячай бібліятэкі Алёны Чухлей атрымалі Марта Шынгель (фота 1) (2а клас СШ №1 г. Нясвіжа), Віка Кахановіч (3в клас СШ №1 г. Нясвіжа), Ангеліна Бурая (4в клас СШ №1 г. Нясвіжа), Арцём Іванчык (5 клас  СШ №3 г. Нясвіжа), Віка Шчэпта (6а клас Нясвіжскай гімназіі), Вераніка Ермашэнка (фота 2) (7б клас СШ №4 г. Нясвіжа).

Госці з Клецка — Лілія Мялешка і Галіна Нупрэйчык — парадавалі прысутных добрымі вершамі і падзяліліся цікавай інфармацыяй аб тым, што ў наступным годзе Клецкае літаратурнае аб’яднанне “Голас” адзначыць “залаты” юбілей — 50-годдзе з дня заснавання. Апошнія гады яно ўваходзіць у абласны клуб паэтаў і кампазітараў “Жывіца”, а яго ўдзельнікі часта друкуюцца ў абласных зборніках паэзіі і музыкі.

     Галіна Нупрэйчык расказала, што першы верш у яе з’явіўся ў шостым класе ад захаплення прыгажосцю зімовага дня і сняжынак, якія зіхцелі ўсімі колерамі вясёлкі. Гэта ўзрушэнне хутка перайшло ў  пастаяннае захапленне паэзіяй — яна пачала пісаць аб падзеях школьнага жыцця, аб жыцці класа, любіла сачыніць і нешта гумарыстычнае. Друкавалася ў клецкай раённай газеце “Да новых перамог”, рэспубліканскіх “Беларускай ніве”, “Літаратуры і мастацтве”, дзіцячых выданнях. Зараз супрацоўнічае з часопісам “Вожык”. Для ўдзельнікаў мерапрыемства яна прачытала свае дзіцячыя вершы і загадкі, якія актыўна адгадвалі юныя слухачы.

Не менш цёпла яны прымалі і вершы кіраўніка Клецкага літаратурнага аб’яднання “Голас” Ліліі Мялешка, творчасць якой вядомая не толькі клецкім, але і нясвіжскім чытачам. Лілія Віктараўна таксама друкавалася і ў выданнях абласнога і рэспублікан-скага ўзроўню. Яна прадставіла свае вершы аб Нясвіжы і дзіцячыя вершы, якія таксама вельмі спадабаліся ўсім прысутным.

    Госці цёпла падзякавалі юным слухачам за ўвагу і заклікалі іх ніколі не развітвацца з кнігай  — лепшым сябрам і верным памочнікам чалавека, а таксама спрабаваць свае сілы ва ўласнай творчасці.