РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: neswiz_bibliotek@mail.ru

Міжнацыянальнае супрацоўніцтва. “Беларусь — Польшча: дыялог культур”

 

    У Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы прайшоў літаратурна-творчы вечар “Беларусь — Польшча: дыялог культур”, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі раённай арганізацыі ГА “Саюз палякаў на Беларусі”, госці і спонсары мерапрыемства.

    Падчас гэтай сяброўскай сустрэчы гучалі разважанні аб тым, што лёсы Беларусі і Польшчы вельмі цесна звязаны гістарычна, і двухбаковыя адносіны з’яўляюцца важнымі для абедзвюх дзяржаў па прычыне іх геаграфічнай і культурнай блізкасці. Узгадвалася і тое, што сёлета адзначае сваё 25-годдзе грамадскае аб’яднанне “Несвіжане”, прадстаўнікі якога, выхадцы з Нясвіжа і яго ваколіц, штогод прыязджаюць на гістарычную радзіму, каб сустрэцца з роднымі і сябрамі, пабываць на магілах продкаў і наведаць польскі дом “Рэдута”, які сёлета таксама адзначыў юбілей — 20 гадоў з дня ўтварэння.

 

Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Сень уручае старшыні раённай арганізацыі ГА “Саюз палякаў на Беларусі” Ірыне Латушка памятны падарунак ад аддзела

    З гэтымі юбілейнымі датамі павіншавала польскую дыяспару Нясвіжа галоўны спецыяліст ад-дзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Сень, якая пажадала раённай арганізацыі ГА “Саюз палякаў на Беларусі” і польскаму дому “Рэдута” плённай цікавай працы, якая, безумоўна, толькі ўзбагаціць абедзве культуры.

     Пра тое, што і для нашых суайчыннікаў-палякаў, і для беларусаў наша краіна з’яўляецца адным цёплым і ўтульным домам, у якім кожнаму ёсць сваё месца і дзе кожны працуе на агульную карысць, гаварыла яшчэ адна госця мерапрыемства — намеснік галоўнага рэдактара газеты “Нясвіжскія навіны” Соф’я Любанец.

 

Са словамі падзякі да арганізатараў
беларуска-польскай сустрэчы звяртаецца намеснік старшыні раённай арганізацыі ГА “Саюз палякаў на Беларусі” Валянціна Цвірка

     У адказ старшыня раённай арганізацыі ГА “Саюз палякаў на Беларусі” Ірына Латушка шчыра падзякавала арганізатарам і гасцям  літаратурна-творчага вечара за ўвагу да польскай дыяспары і саму магчымасць сустрэчы ў такой цудоўнай, па-дамашняму цёплай атмасферы. Ірына Казіміраўна таксама з задавальненнем прадставіла прысутным адноўлены ансамбль песні “Згода”, які нядаўна ізноў пачаў працаваць пры польскім доме “Рэдута”. Польскія народныя песні ў яго выкананні былі “на ўра” прынятыя слухачамі.

      Сваім спевам упрыгожыў мерапрыемства і народны ансамбль народнай песні “Ланская бяседа”, якому таксама былі вельмі рады ўсе ўдзельнікі творчай сустрэчы.

    Паколькі яна мела не толькі музычны, але і літаратурны накірунак, на ёй узгадвалася і пра польскіх паэтак, ураджэнак Нясвіжчыны — Станіславу Вятр-Партыку, якая, дарэчы, з’яўляецца адзіным іншаземным ганаровым грамадзянінам Нясвіжа, і Вікторыю Жукевіч-Дзівоту. Яны праслаўляюць сваім талентам наш горад не толькі ў Польшчы, але і за яе межамі, а іх творы прэзентуюцца і ў Польшчы, і ў Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Так, у ліпені 2015 г. тут адбылася прэзентацыя кнігі “Даніна памяці” Вікторыі Жукевіч-Дзівоты. У жніўні 2016 г. яна прымала ўдзел у рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай жыццю і дзейнасці Эдварда Вайніловіча, і яе выступленне было высока ацэнена арганізатарамі. У тым жа годзе Вікторыя Жукевіч-Дзівота стала таксама старшынёй журы і спонсарам краязнаўчага конкурсу “Нясвіж у асобах і фактах”, арганізаванага сумесна Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкай і ГА “Несвіжане”. І гэта далёка не адзіны сумесны праект, у якім прымае ўдзел не толькі дарослае, але і падрастаючае пакаленне. У лютым 2017 г. у бібліятэцы адбылася яшчэ адна навукова-практычная канферэнцыя — “Лёсам з Нясвіжчынай. 1-я палова ХХ ст.”, дзе таксама асноўным дакладчыкам была Вікторыя Жукевіч-Дзівота.

     Цікава сёлета ў цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла і гадзіна паэзіі, падчас якой са сваімі творамі выступалі Вікторыя Жукевіч-Дзівота і наш зямляк, несвіжанін Уладзімір Жылко.

    Літаратурную тэму працягнулі выступленні супрацоўнікаў бібліятэкі: Кацярына Дубовік пранікнёна прачытала верш “Нясвіж” Уладзіміра Карызны, які стаў словамі гімна нашага горада, а Зоя Сілкова ўнесла ў мерапрыемства яскравую пазітыўную ноту, артыстычна прадста-віўшы гумарыстычную мініяцюру “Аб жанчынах”.

     Гэтыя і іншыя моманты сталі тымі рознакаляровымі шкельцамі, з якіх, нібы ў калейдаскопе, склаўся адзіны яскравы ўзор міжнацыянальнай сустрэчы — цікавай, пазнавальнай і запамінальнай.