РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: biblio@nesvizh-kultura.by

РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5
тэл./факс:(801770) 5 19 79

…І спяваць пра родны край

 

     У мінулую суботу ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Пранузы прайшла гадзіна памяці члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, сябра раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі” Міхася Сазончыка.

      На мерапрыемства сабраліся прыхільнікі яго творчасці, родныя і сябры. Паэт нарадзіўся 5 ліпеня 1932 г. на Віцебшчыне, у вёсцы Юрцава Аршанскага раёна ў сям’і служачага, атрымаў прафесію агранома. Падчас працы ў Крупскім раёне пазнаёміўся з дзяўчынай з Гарадзеі і ажаніўся з ёю. Маладая сям’я некаторы час жыла пасля Крупак у Аршанскім раёне, але ў рэшце рэшт асела на радзіме жонкі, у Гара-дзеі. Наш край стаў сапраўднай другой радзімай для самабытнага творцы. Тут выраслі тры яго дачкі, тут расквітнеў яго паэтычны талент. Адны з самых лепшых вершаў Міхася Яфрэмавіча прысвечаны менавіта нясвіжскай зямлі — “Нясвіжскія вытокі”, ”Нясвіжчына”, “Я тут жыву” і іншыя. Увогуле ж Міхась Сазончык пачаў пісаць вершы яшчэ на Аршаншчыне. Першым убачыў свет яго верш “Вячэрні эцюд”, надрукаваны ў газеце “Ленінскі прызыў”. Пасля яго творы выходзілі ў часопісах “Маладосць”, “Бярозка”, “Вожык”, “Вясёлка”, у газетах  “Белорусская нива”, “Мінская праўда”, “Нясвіжскія навіны”. Яго вершы ўвайшлі і ў літаратурныя зборнікі “Нясвіжскія вытокі”, “Пяром і сэрцам з Нясвіжам”, “Званы памяці”.

    У 1998 годзе ў Нясвіжскай друкарні выйшаў зборнік вершаў  “Пад родным небам”, у тым жа годзе ў выдавецтве “Юнацтва” — дзіцячая кніжка “Вераб’іная дача”. У 2002 годзе, да 70-годдзя паэта, у Нясвіжскай друкарні была выдадзена кніга вершаў  “Люблю”. Зборнік вершаў і казак “Навагодні светлячок”  убачыў свет у 2006 годзе. У зборніку паэзіі “Крыніца” (2007 г.) былі сабраныя лепшыя творы, напісаныя за ўсю  творчую дзейнасць. У 2008 годзе выйшла кніга вершаў “Выпрабаванне часам”, у якой змясціліся патрыятычныя і гумарыстычна-сатырычныя вершы. У 2010 го- дзе з’явілася кніга “Роздум” — зборнік вершаў-роздумаў аб харастве роднага краю, аб земляках-беларусах, знакамітых людзях. Адзін з яе раздзелаў адрасаваны дзецям. Кніжка  вершаў, казак і загадак  для самых юных чытачоў “Сонца мыецца” выйшла ў свет у 2011 годзе. У  2012 годзе да свайго 80-гадовага юбілею  М.Я. Сазончык  выдаў кнігу  “Жыву ў Гарадзеі” — зборнік паэзіі, прысвечанай мясцінам, дзе прайшла большая частка яго жыцця.

    18 чэрвеня 2014 года за шматгадовую плённую працу на ніве беларускай літаратуры і ў сувязі з 80-годдзем  Саюза пісьменнікаў Беларусі паэту было прысвоена званне “Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі”.

    26 чэрвеня 2015 года Міхася Сазончыка не стала, але яго вершы — простыя, шчырыя і ў той жа час вельмі глыбокія — засталіся з намі назаўсёды, пакідаючы ў душах чытачоў асаб-лівы след, у кожнага — свой. Аб гэтым гаварылі і госці мерапрыемства, якія падзяліліся сваімі ўражаннямі ад творчасці паэта — намеснік галоўнага рэдактара газеты “Нясвіжскія навіны” Соф’я Любанец, старшыня раённай суполкі ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны” Наталля Плакса, сябра раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі”, паэт Уладзімір Жылко, вядучая гадзіны памяці, кіраўнік “Валошак” Валянціна Шчарбакова.

     Вельмі цікавымі былі выступленні родных М.Я. Сазончыка. Яго жонка Зінаіда Фёдараўна расказала, як будавалася жыццё ў іх сям’і і шчыра падзякавала ўсім за добрую памяць пра яе мужа, а адна з дачок — Ніна Міхайлаўна Няхай — ад імя ўсіх трох сясцёр падзялілася ўспамінамі пра бацьку, які быў сапраўднай апорай сям’і і дзякуючы якому ўсе яны мелі  дзяцінства, напоўненае цеплынёй і любоўю, — як паміж бацькамі, так і да іх, дзяцей. А гэта і ёсць самае вялікае багацце ў жыцці. Дачка Ніны Міхайлаўны Кацярына, унучка паэта, таксама вельмі цёпла ўзгадала пра дзядулю і пранікнёна прачытала яго верш “Свята Перамогі”.

     Дарэчы, самае юнае пакаленне прыняло вельмі актыўны ўдзел у літаратурнай сустрэчы: удзельнікі гурткоў “Духоўнае слова”, “Юны журналіст” і тэатральнага гуртка “Агеньчык” СШ №4 г. Нясвіжа не толькі чыталі вершы паэта, але і сталі ўдзельнікамі першага конкурсу ілюстратараў твораў Міхася Сазончыка “Старайцеся радасць прынесці”, вынікі якога былі падведзены на мерапрыемстве. Старшыня журы, мастак і скульптар, выкладчык Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа Алег Пракарына ўручыў дыплом пераможцы юнаму несвіжаніну Паўлу Усеню. Другое месца было прысуджана Мацвею Лойку, трэцяе — Паўлу Крашэўскаму. Астатнія ўдзельнікі атрымалі памятныя дыпломы, а ўсе без выключэння юныя мастакі — вялікія сімвалічныя алоўкі з натуральнага дрэва, якія спецыяльна для іх уласнаручна вырабіў Алег Пракарына.

    У канцы гадзіны памяці, прысвечанай Міхасю Сазончыку, яе ўдзельнікі выказалі адзінадушную думку, што такія сустрэчы трэба зрабіць традыцыйнымі, таму што яшчэ шмат паэтаў Нясвіжчыны заслугоўваюць успаміну і звароту да іх творчасці, што, безумоўна, духоўна узбагаціць усіх нас.

Лілія ІВАНЕНКА.Фота Святланы ПОЛЬСКАЙ.