РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: neswiz_bibliotek@mail.ru

Свята ў Лані

Выступае творчы калектыў Ланскага сельскага
дома культуры “Ланская бяседа”

У кожнага чалавека ёсць свой родны кут, дзе ён нара-дзіўся, вырас. Ёсць зямля, якая яго ўскарміла, ёсць   калодзеж, вада з якога найсмачнейшая ў свеце. Усё тут самае дарагое, самае блізкае. Для нас — гэта наша родная Ланская зямля, з яе чароўнымі куткамі прыроды, з яе ўтульнымі чыстымі вуліцамі.

Нядаўна жыхары вёскі Лань правялі свята вуліцы Ленінскай. Адкрыць урачыстасць запрасілі старшыню Ланскага сельвыканкама А. А. Ляха. Прывітала і павіншавала ўдзельнікаў мерапрыемства намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце, старшыня прафкама ААТ “Лань-Нясвіж” Г. С. Салавей. Адзначым, што гаспадарка ўжо каторы раз выступіла ў якасці спонсара.

Прыгожы куточак Лані — як з радкоў песні: “край гасцінца старога”. Ужо сталі прывычнымі словы: наш дом, наш двор, наша вуліца. І мы  асабліва не задумваемся над іх значэннем, але  ж любы дом — гэта перш за ўсё людзі, якія тут жывуць.

Згодна з дакументамі, першыя пабудовы з’явіліся на гасцінцы недзе ў 1920-х гадах. Але сама брусчатая дарога існавала значна раней. Нездарма народ называе старыя бярозы на абочыне “кацярынінскімі”.

         Новыя запісы аб пабудовах з’явіліся ў 1930 — 1935 гадах. Няцяжка зразумець: калі вырастаюць дзеці і ствараюцца новыя сем’і, яны імкнуцца мець сваё жыллё. Таму не дзіва, што вялікая колькасць дамоў пабудавана ў 1         960 — 1970-х гадах, а наступнае пакаленне абаснавалася ў 1990 — 2000-х. Сёння вуліца Ленінская мае 67 домаўладанняў, дзе пражываюць 157 чалавек.

Вельмі адказна рыхтаваліся да мерапрыемства работнікі Ланскага сельскага дома культуры і Ланскай сельскай бібліятэкі.  Гутарылі з людзьмі, працавалі над сцэнарыем, падбіралі святочную канцэртную праграму. І вось, нарэшце, доўгачаканы дзень настаў. Надвор’е выдалася цёплым і сонечным. Па-святочнаму апранутыя жыхары вуліцы спяшаліся ў невялікі парк, што ля аўтобуснага прыпынку. Чаму менавіта тут вырашылі праводзіць мерапрыемства? Па-першае, пляцоўка дазваляе сабраць вялікую колькасць людзей. Па-другое, гэта якраз сярэдзіна вуліцы, і насельніцтву з абодвух яе бакоў аднолькава зручна дабі-рацца. Па-трэцяе,  месца вельмі прыгожае і ўтульнае. Заслуга ў гэтым рабочых сельскага выканкама.

 

Песню пра матулю выконвае Ілона Лепяціла

Урачыстасць мерапрыемству  надавала вялікая выстава ручнікоў, якія прынеслі жыхары вуліцы. Вось дзе росквіт фарбаў! Прыгожыя чырвона-белыя саматканкі, яркія сучасныя ўзоры, далікатныя карункі. Немагчыма адарваць погляд. Мы ўдзячны майстрыхам, чые ручнікі ўпрыгожылі свята: Кацярыне Жук, Аўгусці-не Мікалаеўне Дашко,Паліне Паўлаўне Саланевіч, Юліі Рыгораўне Жук, Вользе Балтуцкай.

Шмат цёплых слоў было сказана ў адрас самых пажылых жыхароў вуліцы: Аўгусціны Мікалаеўны Дашко, якая адзначыла сваё 87-годдзе, і Мікалая Лявонцье-віча Шчурскага, якому ў наступным годзе споўніцца 90. Гэта ўсімі паважаныя людзі, якія шмат гадоў добрасумленна адпрацавалі на карысць краіны і людзей.  Да таго ж, Мікалай Лявонцьевіч — працаўнік тылу ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Атрымалі падарункі і пажаданні шчаслівага лёсу Аляксандра Есіс, Максім Мелкумян і Эвеліна Папова — наймалодшыя з усіх, хто тут жыве. Яны маюць усяго пару месяцаў ад нараджэння.

Не толькі гэтыя малышы напоўнілі радасцю бацькоўскія дамы. На вуліцы Ленінскай пражываюць мнагадзетныя сем’і Людмілы Мікалаеўны і Аляксандра Анатольевіча Лепяціла, Алы Яфімаўны і Сяргея Мікалаевіча Пазняк, Вольгі Васільеўны і Руслана Мікалаевіча Кот, Тамары Мікалаеўны і Юрыя Ула-дзіміравіча Дземідовіч.

У гэтым годзе адзначылі юбілеі сумеснага жыцця сем’і Марыі Міхайлаўны і Юрыя Паўлавіча Салавей, Святланы Расціславаўны і Міхаіла Сяргеевіча Дзянішчык, Святланы Іосіфаўны і Валерыя Аляксандравіча Чычко. З гэтай нагоды ім падрыхтавалі падарункі і музычнае віншаванне.

Ёсць на вуліцы Ленінскай такія гаспадары, чые падворкі, безумоўна, з’яўляюцца ўзорам прыгажосці, росквіту і тонкага мастацкага густу. Там цудоўна і буйна цвітуць кветкі, роўненька пакошаны газоны, блішчаць пафарбаваныя агароджы, нібы жывыя, стаяць буслікі і парасяткі. Утульнасць надаюць прыгожыя альтанкі, гушкалкі, дызайнерскія кветнікі. І самім добра паглядзець, і людзям ёсць што паказаць. У гэтай намінацыі былі адзначаны Ірына Іосіфаўна Салавей, Васіль Адамавіч Раманчук, Ганна Рышардаўна і Анатоль Расціслававіч Жук.

Большасць жыхароў гэтай вуліцы — людзі, для якіх калгас як родны дом. Людзі, праца якіх з даўніх часоў корміць нас і поіць. Сярод удзельнікаў свята былі ветэраны калгаса, якія адпрацавалі па 30 — 40 гадоў у роднай гаспадарцы: Лілія Міхайлаўна Жук, Паліна Паўлаўна Саланевіч, Леанід Міхайлавіч Сайкевіч, Юлія Рыгораўна Жук, Клаўдзія Афанасьеўна Гайцюкевіч, Аляксандр Аляксеевіч Чычко, Леанід Пятровіч і Ніна Міхайлаўна Макаўчык, Іван Цімафеевіч і Таццяна Мікалаеўна Гіраеўскія, Марыя Міхайлаўна і Юрый Паўлавіч Салавей, Віктар Міхайлавіч і Алена Сцяпанаўна Дашко… Гэты спіс можна працягваць, дапісаўшы сюды імёны працавітых і дастойных вяскоўцаў, якія сёння яшчэ працуюць у ААТ “Лань-Нясвіж” і  іншых прадпрыемствах.

Віталі на свяце Сяргея Уладзіміравіча і Алену Аляксееўну Жук — паважаных і дружалюбных людзей, якія ўсё сваё працоўнае жыццё (больш за 40 гадоў)  прысвяцілі выхаванню будучага пакалення. І мы шчыра ўдзячны ім за нялёгкую педагагічную працу, клопаты і турботы.

 

На свяце вёскі было мнагалюдна

Наша свята напаўнялася добрымі словамі ў гонар землякоў і суседзяў, а цудоўныя песні ўздымалі настрой. Прыемна, што маладое пакаленне, якое вырасла на гэтай вуліцы, аказалася таленавітым. З вялікай ахвотай удзельнічалі ў мастацкай сама-дзейнасці юныя спявачкі: Дзіяна Балтуцкая, Дзіяна Еўтух, Юлія Мамчыц. Слёзы замілавання выклікала ў гледачоў Ілона Лепяціла, якая да глыбіні душы кранула ўсіх песняй пра маму. Дзяўчынкі — пастаянныя і актыўныя ўдзельніцы культурных мерапрыемстваў.

Свята спявала і весялілася. І ў гэтым вялікая заслуга творчага калектыву Дома культуры “Ланская бяседа”. Гарачыя апладысменты былі адрасаваны жаночай вакальнай групе. Вельмі спадабаліся ўсім прысутным прыгожыя, вясёлыя песні ў выкананні Юрыя Гапановіча, Аляксандра Іванова, Сняжаны і Наталлі Лукша. 

Яшчэ адзін прыемны момант парадаваў аднавяскоўцаў, гэта — вялікі і шыкоўны “салодкі стол”. Шмат намаганняў прыклалі гаспадыні з кожнага дома, каб пачаставаць гасцей і прысутных .

 

І нтэрв’ю з юным госцем свята. На здымку — мастацкі кіраўнік Ланскага СДК Юрый Гапановіч з унукам Глебам

Вуліца жыве і маладзее, бо ў госці да дзядоў і бабуль прыязджаюць маленькія ўнукі. Яны гоманам і смехам напаўняюць наваколле.

Мерапрыемства пакінула глыбокі след у душы кожнага, хто на яго прыйшоў.

Алена ЖУК, бібліятэкар 1 катэгорыі Ланскай сельскай бібліятэкі