РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: neswiz_bibliotek@mail.ru

Чароўны свет Уладзіміра Ягоўдзіка

   Уладзімір Іванавіч Ягоўдзік — вядомы беларускі пісьменнік, член  Саюза пісьменнікаў СССР (1985), лаўрэат Прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1993), лаўрэат Прэміі імя Янкі Маўра (1994). Ён вядомы як аўтар прозы, вершаў і п’ес для дзяцей, як літаратурны крытык і перакладчык. Працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет і часопісаў, узначальваў часопіс “Бярозка”, заснаваў часопіс сяброў прыроды “Лесавік”. Паводле сюжэтаў казак У. Ягоўдзіка пастаўлены спектаклі на Беларускім радыё і тэлебачанні, у драматычных і лялечных тэатрах Беларусі.

 

   Гэты цікавы чалавек завітаў у дзіцячую бібліятэку на сустрэчу з вучнямі 3-4-х класаў ДУА “Сярэдняя школа № 1 г. Нясвіжа”.

 

  Пісьменнік расказаў пра сваю творчасць, пра серыю фотакніг  “Скарбы Ра-дзімы”, заснаваную ім у 2008 годзе. Яна адрасавана дзецям і падлеткам, а таксама дарослым, занепакоеным станам прыроды Беларусі. Кнігі гэтай серыі насычаны малюнкамі і яркімі фотаздымкамі, легендамі і вершамі беларускіх паэтаў. З іх можна атрымаць інфармацыю аб жывёлах і раслінах нашай краіны.

 

  Ужо шмат гадоў Уладзімір Іванавіч       удзяляе ўвагу гістарычнай тэме. Яго кнігай “Сем цудаў Беларусі” распачата аднайменная серыя гісторыка-пазнавальных твораў. Ён пазнаёміў дзяцей з гэтай кнігай, адзначыўшы, што адным з цудаў, апісаных у ёй, стаў Нясвіжскі палац.

 

  Пісьменнік прадэманстраваў удзель-нікам сустрэчы відэафільм, звязаны з гісторыяй паходжання некаторых гербаў гарадоў Беларусі. Таксама дзеці з цікавасцю паглядзелі мультфільм “Піліпка-сынок” па матывах беларускай народнай казкі.

 

   Уладзімір Ягоўдзік чытаў вершы  і скарагаворкі, успамінаў цікавыя гісторыі, адказваў на пытанні дзяцей, якіх, дарэчы,  было вельмі шмат. Юныя ўдзельнікі сустрэчы цікавіліся біяграфіяй аўтара, яго творчасцю, задавалі пытанні, звязаныя з прачытанымі кнігамі. Дзеці таксама адказвалі на пытанні аўтара і атрымлівалі падарункі, з задавальненнем набывалі кнігі з аўтографам пісьменніка.

 

   Цікавая сустрэча з У. Ягоўдзікам усім вельмі спадабалася і, напэўна,  надоўга запомніцца.

 

         Алёна ЧУХЛЕЙ, загадчык Нясвіжскай раённай дзіцячай бібліятэкі.