РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: neswiz_bibliotek@mail.ru

Наша памяць. І наш боль

Той чарнобыльскай ноччу, як у жудасным сне,

Напамінам прарочым скаланула мяне —

Бліскавіцай урану можна свет спапяліць.

І пякельнаю ранай мне Чарнобыль баліць.

Г. Бураўкін.

26 красавіка споўнілася 30 гадоў з дня найбуйнейшай тэхнагеннай трагедыі ўсіх часоў — чарнобыльскай катастрофы. У гэтыя дні мы ўспамінаем тую вясну 1986 года, якая болем прайшлася па лёсе кожнага беларуса.

У Рудаўскай сельскай бібліятэцы адбылася              літаратурная вечарына пад назвай “Чарнобыль —           чорны боль”, прысвечаная гэтай даце. Яе правяла бібліятэкар першай катэгорыі гэтай установы Іна             Емельянчык. На ёй прысутнічалі чытачы, госці, тыя, хто неабыякава ставіцца да нашай усеагульнай трагедыі. У памяшканні гучала ціхая музыка, адпаведная тэме, быў аформлены куток з сімваламі чарнобыльскай катастрофы, літаратурны стэнд. Падчас сустрэчы ўдзельнікі знаёміліся з творамі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў пра Чарнобыль, чыталі ўрыўкі з прозы, вершы, дзя-ліліся ўспамінамі. Бібліятэкар  расказала пра падзеі, што  апісваюцца ў творах І. Шамякіна “Злая зорка”, Б. Сачанкі “Родны кут”, “Еўка”, І. Навуменкі “Гасцініца над Прыпяццю” і іншых. Урыўкі з паэмы С. Законнікава “Чорная быль” чытала наведвальніца бібліятэкі Таццяна Мельнік. Пра раман  С. Алексіевіч “Чарнобыльская малітва” аповед вяла чытачка Алеся Мельнік.

 

Актыўная чытачка Рудаўскай сельскай бібліятэкі, студэнтка першага курса Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Алеся Мельнік. З,яўляючыся вучаніцай 11 класа,
атрымала Дыплом II ступені ў рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры

Далей прысутныя вечарыны знаёміліся з карцінамі беларускага мастака Міхася Савіцкага з цыкла “Чорны боль”, у які ўвайшлі “Чарнобыльская мадонна”, “Забароненая зона”, “Эвакуацыя” і іншыя.

Цяжка было стрымаць слёзы, немагчыма было не хвалявацца, слухаючы нявыдуманыя гісторыі, асабліва таму, хто перажыў падобнае асабіста.

Напрыканцы вечарыны ўражаннямі і ўспамінамі не ад прачытанага, а з рэальнага жыцця падзялілася жыхарка вёскі Рудаўка Алена Карась:

— Жылі мы ў горадзе Хойнікі. 26 красавіка мой тата садзіў агарод. Я з маленькім дзіцем у калясачцы (сыну было паўгода) — на вуліцы. Было цудоўнае надвор’е. А ў канцы дня даведаліся, што здарылася трагедыя. Ніхто не ведаў, што гэта такое — радыяцыя. Яе нельга было ўбачыць, адчуць на смак. Памятаю, мама скручвала дываны. Некалькі разоў на дзень мылі падлогу. А ў чэрвені нас з дзецьмі вывезлі з гэтай зоны на тры месяцы. Я трапіла ў санаторый “Талька”, што ў Пухавічах. Страшна было, калі нас пасадзілі ў аўтобусы і везлі ў Гомель на чыгуначны вакзал. Аўтобусаў многа-многа, з усяго раёна. Стаяць пажарныя машыны і мыюць гэтыя аўтобусы. Сядзіш з дзіцем на руках… Жудасна.

 

Сімвалы чарнобыльскай
трагедыі: бусел, свечка і ікона

І ў Алены Уладзіміраўны з’яўляюцца слёзы на вачах. Як яна расказала далей, у санаторыі былі чулыя, добрыя людзі. Дапамагалі, давалі адзенне, неслі ўсё, што маглі, паколькі з сабой пацярпелым ад аварыі нічога не да-зволілі ўзяць. Каб не Чарнобыль, жыццё склалася б па-іншаму. Свой дом, бацькі, суседзі… Усе ведалі адзін аднаго. Але так склаўся лёс. Бацькі Алены Уладзіміраўны трапілі ў Брэст. Адна сястра выехала ў Стаўрапаль. Другая жыве ў Мазыры. А сама Алена спачатку трапіла з сям’ёй у Прыбалтыку, затым — у Маладзечна. А з 1990 года жыве ў вёсцы Рудаўка. “Цудоўны Нясвіж, людзі харошыя”, — гаворыць жанчына. Але адчуваецца ў яе гаворцы настальгія па мінулым, — тым, да трагедыі, па малой радзіме. Яна зазначае:

— Ездзім на могілкі. Здаецца, застацца б, але там ужо нічога і нікога няма. Толькі боль…

Чарнобыльская трагедыя раскідала шмат сямейных гнёздаў, забрала  шмат чалавечых жыццяў, увайшоўшы ў гісторыю адной з самых страшных старонак 20 веку. Гэта наша памяць. І наш боль. Боль, які будзе балець пякельнаю, незалечнаю ранай, які ў многіх душах застанецца да скону.

Вольга КАНДРУКЕВІЧ.