РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: biblio@nesvizh-kultura.by

РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5
тэл./факс:(801770) 5 19 79

Несвіжанка Юлія Кабарыха стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу

Нядаўна педагог-арганізатар СШ № 4 г. Нясвіжа Юлія Аляксандраўна Кабарыха стала пераможцай штогадовага рэспубліканскага конкурсу “Святло міласэрнасці” ў намінацыі “Лепшы валанцёр у доме-інтэрнаце”.

Сваю ўзнагароду яна атрымала з рук намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Аляксандра Румака і Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна падчас правядзення калядных чытанняў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Наведвальнікі гуртка “Юны журналіст” СШ № 4 г. Нясвіжа і прадстаўнікі клуба духоўна-маральнага выхавання падлеткаў і моладзі “Ноеў каўчэг” Няс-віжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы па-прасілі Юлію Аляксандраўну расказаць аб тых справах, якія папярэднічалі падзеі.

Пяць гадоў таму па ініцыятыве Юліі Аляксандраўны ў школе быў створаны валанцёрскі атрад “Пульс”. Але справамі міласэрнасці педагог і яе выхаванцы, вучні СШ № 4, займаюцца столькі, колькі яна ў гэтай установе працуе. Натхніла іх на валанцёрскую дзейнасць дырэктар школы Зоя Мікалаеўна Маляр. Разам з рабятамі Юлія Аляксандраўна наведвае Нясвіжскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў у вёсцы Асмолава. Валанцёры дапамагалі   садзіць малады сад, перасаджвалі кветкі. Але часцей яны прыязджаюць, каб пагутарыць пра жыццё. З’яўляюцца не з пустымі рукамі, а з сувенірамі, невялікімі падарункамі і, вядома, канцэртамі, літаратурнымі вечарамі. І самае галоўнае, што рыхтаваць матэрыялы для такіх паездак цікава ўсім: і вучням, і педагогу, а ў некаторых выпадках, калі яны не спраўляюцца, на дапамогу прыходзіць сям’я Юліі Аляксандраўны: муж, сын, свякроў Раіса Ула-дзіміраўна і сваякі, якія прыязджаюць пагасцяваць.

Ініцыятыва паўдзельнічаць у конкурсе “Святло міласэрнасці” належыць дырэктару дома-інтэрната Генадзю Георгіевічу Маляру. Юлія Аляксандраўна і яе вучні сабралі альбом фатаграфій, зробленых падчас валанцёрскіх сустрэч, свят і канкрэтных спраў, зрабілі прэзентацыю і расказалі аб сваёй дзейнасці. І цяпер вельмі рады, што іх праца ацэнена па заслугах. Тут успамінаюцца словы былога настаяцеля Свята-Георгіеўскага храма ганаровага грамадзяніна горада Нясвіжа мітрафорнага протаіерэя Дзмітрыя Хмеля, якія гучаць прыкладна так: “Не ганіся за славай, рабі сваю справу, а слава цябе сама знойдзе”. Так і атрымалася. І колькі б спраў на гэтай зямлі мы не знаходзілі, самай галоўнай будзе тая, якую мы зрабілі для іншых ад шчырага сэрца, у імя дабрыні, дзеля добрага прыкладу юным, дзеля карысці не сваёй, а іншага.

 

Валянціна Шчарбакова.

Фота Святланы Польскай.