РБ, Минская обл., г. Несвиж, ул. Белорусская, д. 5
тел./ факс: (8 01770) 5 19 79, e-mail: biblio@nesvizh-kultura.by

РБ, Мінская вобл., г.Нясвіж, вул.Беларуская, д.5
тэл./факс:(801770) 5 19 79

Сумесны праект раённага радыё, цэнтральнай  раённай бібліятэкі і Нясвіжскага Благачыння “Абуджэнне”  

 

      Праграма “Абуджэнне”  пачала выходзіць ў эфір  са студзеня 2010 года па ініцыятыве галоўнага бібліятэкара аддзела абслугоўвання і інфармацыі Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі В.В. Шчарбаковай (аўтара праекта і сцэнарыяў перадач), намесніка галоўнага рэдактара ДУ “Рэдакцыя газеты “Нясвіжскія навіны” і праграмы радыёвяшчання “Раніца Нясвіжчыны” І.В. Труханаўца (рэдактара і вядучага духоўна-асветніцкай перадачы “Абуджэнне”) і Благачыннага Нясвіжскай царкоўнай акругі настаяцеля храма Узнясення Гасподня горада Нясвіжа протаіерэя Аляксандра Данчанкі, кіраўніка духоўна-асветніцкага цэнтра “Існасць”, які працуе пры  раённай бібліятэцы.      З кастрычніка 2011 года рэдактарам перадачы стала Аксана Грох. Вядучымі – Валянціна Шчарбакова і Аксана Грох.

       У рэалізацыі праекта прымалі ўдзел святары Нясвіжскага Благачыння Мікалай Лабынько, Аляксандр Цяляк, Аляксандр Мельнікаў, Васіль Кісель, Ігар Яфімчык, Аляксандр Кавальскі, Алег Абрамовіч, Аляксандр Калеснік, Васіль Краеў, Андрэй Еўшаль, рэдактар раённага радыёвяшчання “Раніца Нясвіжчыны” газеты “Нясвіжскія навіны” С.Ул. Любанец, настаўніцы нядзельных школ Т.П. Калеснік, Н.П. Каладзінская, Н. Мельнікава. Са студзеня 2018 года ў перадачы перыядычна прымаюць удзел наведвальнікі гуртка “Юны журналіст” СШ № 4 г. Нясвіжа.

       Праект прадугледжвае штомесячную трансляцыю праграмы. У перадачы пастаянна асвячаюцца навіны духоўнага жыцця Нясвіжчыны, выходзяць рубрыкі  “Праваслаўныя святы”, “Царкоўнае краязнаўства”, дзе настаяцелі прыходаў Нясвіжскага Благачыння знаёмяць радыёслухачоў з гісторыяй іх узнікнення. Асвячаюцца тэмы маральна-духоўнага плана, выкарыстання метадаў  праваслаўнай педагогікі ў выхаванні падрастаючага пакалення, праблемы бацькоў і дзяцей, пабудова праваслаўнай сям’і, ідзе знаёмства з лепшымі выданнямі праваслаўнай літаратуры з фонду Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы. Многія радыёперадачы прысвечаны праблемам сям’і, мацярынства і бацькоўства, шчаслівага дзяцінства ў шчаслівай сям’і.

     Гасцямі радыёсустрэч былі пісьменнік, лаўрэат Прэміі Прэзідэнта РБ “За духоўнае адраджэнне”  Барыс Аляксандравіч Ганага, доктар сальскагаспадарчых навук, прафесар, лаўрэат дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі аграрных навук Міхаіл Анатольевіч Кадыраў-Бароўскі, пісьменнік, драматург Уладзімір Васільевіч Пярцоў, яго Высокапрэасвяшчэнства епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній і многія іншыя. У межах перадачы гучаць творы прафесійных  аўтараў, членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расіі, вершаваныя і музычныя творы сяброў раённага літаратурна-музычнага аб’яднання “Валошкі”, што садзейнічае папулярызацыі творчасці паэтаў і музыкантаў Нясвіжчыны.